СЕННЕНСКИХ МЕХАНИЗАТОРОВ ПОСАДЯТ ЗА КОМПЪЮТЕРЫ.

Недахоп рабочых рук у сельскай гаспадарцы для Сенненшчыны — праблема застарэлая. У савецкія часы калгасы і саўгасы наймалі за межамі вобласці  малакваліфікаваных людзей, якія палолі буракі, сціртавалі салому, убіралі лён, чысцілі зерне, пасвілі жывёлу, рамантавалі фермы. Сёння найбольшую трывогу выклікае дэфіцыт механізатарскіх кадраў, у першую чаргу, высокакваліфікаваных, здольных працаваць на сучасных энерганасычаных трактарах, самаходнай тэхніцы, аснашчанай камп’ютарамі, іншымі сродкамі кантролю за тэхналагічнымі параметрамі. На пачатак 2011 года ў сельгасарганізацыях раёна прастойвала каля 20 трактароў, у тым ліку маркі «Беларус-3022», МТЗ-1221, з тэрмінам эксплуатацыі 1-2 гады. На перыяд масавых палявых работ гэтая тэхніка ўсё ж уключаецца ў вытворчы працэс, знаходзяцца механізатары для работы на камбайнах. Але назваць сітуацыю нармальнай нельга, бо  тэхніка, купленная ў крэдыт, значную частку года прастойвае. а калі нават і эксплуатуецца выпадковымі механізатарамі, то існуе вялікая верагоднасць, што робіцца гэта з парушэннем тэрмінаў тэхнічнага абслугоўвання, неэфектыўна. І самае галоўнае, у бліжэйшы час павялічыць колькасць механізатараў, занятых у сферы сельскагаспадарчай вытворчасці, наўрад ці ўдасца.

 За 2010 год толькі вучэбна-курсавым камбінатам Сенненскага райсельгасхарчу падрыхтавана 75 трактарыстаў-машыністаў катэгорыі «А». Але дэфіцыт механізатараў у аграпрамысловым комплексе раёна не зменшыўся. Працаваць у вёсцы застаецца толькі  невялікая іх частка.  Справа ў тым, што многія  навучэнцы вучэбна-курсавога камбіната падрыхтоўку атрымліваюць на платнай аснове. Нехта з іх мае ўласную сельскагаспадарчую тэхніку, нехта такім чынам спрабуе  спрасціць працэдуру атрымання правоў вадзіцеля катэгорый «А», «В». Нават тыя асобы, якія вучацца за кошт сродкаў раённага бюджэту, не заўжды трапляюць на працу ў сельгасарганізацыі. Учарашнія школьнікі нярэдка разам з правамі трактарыста атрымліваюць павестку з ваенкамата і адпраўляюцца на тэрміновую службу ў войска. Накіраванне на вучобу ў вучэбна-курсавы камбінат можна атрымаць у аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Аднак і яно не забяспечвае 100-працэнтнае працаўладкаванне ўчарашняга беспрацоўнага ў сферы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Прафесія трактарыста-машыніста запатрабаваная ў іншых  галінах народнай гаспадаркі, дзе ўзровень аплаты, умовы працы лепшыя. Праўда, апошнім часам шырокае прымяненне набыла практыка  заключэння  трохбаковага пагаднення паміж беспрацоўным, прадпрыемствам, якое мае патрэбу ў спецыялісце, і аддзелам занятасці.

 — Летась мы накіравалі на вучобу 65 беспрацоўных, у тым ліку 8 чалавек для атрымання спецыяльнасці трактарыста-машыніста. З 40 асобамі і ўсімі будучымі механізатарамі былі заключаны пагадненні, — расказаў Аляксандр Мацуганаў, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

 Будзем шчырымі, нават падобныя захады  не заўжды дапамагаюць затрымаць  маладога механізатара ў сельгасарганізацыі. У сельскагаспадарчай вытворчасці ўсё больш складанай тэхнікі. Чатырохмесячнай падрыхтоўкі, каб працаваць на ёй, сёння ўжо недастаткова. На думку многіх кіраўнікоў і інжынераў сельгасарганізацый, як мінімум,  механізатару патрэбны сярэдняя спецыяльная адукацыя, уменне  валодаць камп’ютарнай тэхнікай і рэгулярная перападрыхтоўка. Ад сябе  заўважым, неабходна і жаданне самастойна павышаць сваю кваліфікацыю, што можна стымуляваць перспектывай павышэння  ўзроўню матэрыяльнага ўзнагароджання.

Аляксандр Лазюк.