РЭСТАЎРАЦЫЯ ПАЛАЦА СВЯЦКІХ У БЕЛІЦЫ ПАЧНЕЦЦА СЁЛЕТНІМ ЛЕТАМ.

У канцы снежня мінулага года на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта  прааналізавана выкананне Праграмы развіцця галіны культуры Сенненскага раёна на 2006-2010 гады, якая прадугледжвала стварэнне ўмоў для плённага развіцця культуры, больш  эфектыўную работу па культурным абслугоўванні насельніцтва, стварэнне максімальных умоў для ўсебаковага развіцця дзяцей і моладзі, раскрыцця здольнасцей і неабходных перадумоў для творчасці новых таленавітых самадзейных артыстаў, надання ўстановам  культуры раёна іміджу сучасных культурна-забаўляльных цэнтраў.

 Што зроблена ў рамках Праграмы і што засталося па-за яе межамі? Аб гэтым мы гутарым з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Л.Я. Новікавай.

 — Выкананне Праграмы, — расказвае Ларыса Яўгенаўна, — дазволіла палепшыць стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна. На культуру было выдзелена больш за 12 мільярдаў рублёў. За пяцігодку  на музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы, адзежу сцэны, камп’ютары, гукаўзмацняльную апаратуру, мульцімедыйны цэнтр, светлавое абсталяванне было выдаткавана 335 мільёнаў рублёў.

 На бягучы рамонт за гэты перыяд расходавана 319,5 мільёна рублёў, на капітальны рамонт — 3,7 мільярда.

 Сучасны і прыгожы выгляд набылі Ходцаўскі, Багданаўскі, Нямойтаўскі, Яноўскі, Студзёнкаўскі, Літусаўскі, Какоўчынскі, Машканскі сельскія Дамы культуры, а таксама гарпасялковы Дом культуры. Бібліятэкі, што знаходзяцца пры гэтых установах, таксама прыведзены ў парадак. Адрамантаваны дзіцячая школа мастацтваў у горадзе Сянно і дзіцячая музычная школа ў Машканах.

 Патрабуюць рамонту Рулёўшчынскі, Обальскі, Алексініцкі, Раснянскі, Краснасельскі, Латыгальскі, Белаліпскі сельскія Дамы культуры. Заслугоўвае далейшай увагі і тэхнічная база. Без добрай апаратуры ў клубах і бібліятэках нельга весці належным чынам культурна-масавую работу. Пакуль не маюць камп’ютараў у Какоўчыне, Белай ліпе, Рулёўшчыне, Літусаве. З 32 клубных устаноў культуры толькі Нямойтаўскі, Яноўскі, Машканскі сельскія Дамы культуры, Багданаўскі сельскі  клуб і аўтаклуб маюць сучасную гукатэхнічную апаратуру.

 Па гэтай жа Праграме зроблены капітальны рамонт цэнтральнай раённай бібліятэкі з падключэннем памяшкання да цэнтральнай цеплатрасы. Летась праведзены рамонтна-будаўнічыя работы ў сельскіх клубах вёсак Ульянавічы, Сінягорская, Полымя, бібліятэк ва Ульянавічах, Полымі. На чарзе СДК вёскі Белая ліпа. Пачаты, але пакуль не завершаны рамонтна-будаўнічыя работы па рэканструкцыі раённага Дома культуры каштарысным коштам 3 мільярды рублёў. Асвоена ўжо 455 мільёнаў. Адкрылі глядзельную залу, для гэтага выдаткавана яшчэ 800 мільёнаў рублёў.

  — У дакуменце, азначаным вышэй, прадугледжваліся і мерапрыемствы па энергазберажэнні. Ці ёсць які рух наперад, Ларыса Яўгенаўна?

  — Па праграме  энергазберажэння пры долевым удзеле з фондам «Мінэнерга» ў 2008 годзе рэканструявана электракацельня Багушэўскай дзіцячай школы мастацтваў з выкарыстаннем 85,3 мільёна рублёў, у тым ліку 34,9 мільёна рублёў  — з рэспубліканскага бюджэту.

 Летась мадэрнізавана кацельня СДК вёскі Канстантова з устаноўкай энергазберагаючых катлоў, устаноўлены энергазберагаючыя свяцільнікі ў  Сенненскай ДШМ.

 Ідзе рэарганізацыя і перапрафіліроўка сельскіх устаноў культуры. З 2006 года закрыты шэсць сельскіх клубаў, чатыры бібліятэкі. Раснянскі сельскі клуб ператвораны ў Раснянскі клуб-музей, Сінягорская бібліятэка — у бібліятэку-музей, Ульянавіцкі сельскі Дом культуры — у сельскі клуб.

 — Праграма ўтрымлівае і раздзел захавання  гісторыка-культурнай спадчыны…

 — Па раздзелу гісторыка-культурнай спадчыны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі нашага раёна ўнесена 105 нерухомых аб’ектаў.

Для захаванасці  нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей на 19 аб’ектаў заведзены ўліковыя карткі, ахоўныя дошкі (шыльды) устаноўлены на 10 аб’ектах. Адрамантаваны помнікі гісторыі ў населеных пунктах Старая Беліца, Шынкава, Буда, Навасёлкі, Вароніна, горадзе Сянно і гарпасёлку Багушэўск.

 Замежным таварыствам з абмежаванай адказнасцю «Белфьючерс» вядуцца падрыхтоўчыя работы па рэканструкцыі  Беліцкага сядзібна-паркавага комплексу. Ужо заказана праектна-каштарысная дакументацыя. Пачатак работ запланаваны на лета сёлетняга года.

 — Праграма развіцця галіны культуры Сенненскага раёна на 2006-2010 гады даволі аб’ёмная і на кожным з яе пунктаў, улічваючы абмежаванасць газетнай плошчы, спыніцца практычна немагчыма. Таму, Ларыса Яўгенаўна,  спыніцеся на тым, які выбераце самі…

 — Любая праграма задумваецца і выконваецца не дзеля праграмы, а для чалавека, для задавальнення яго культурных запытаў. У рэшце рэшт гэта і ёсць канчатковая мэта. Таму, калі ласка, кароткі экскурс у гэты раздзел. Паспяхова працуюць аўтаклуб, бібліёбус (бібліятэка  на колах). У аграгарадку Багданава адкрыты класы цымбалаў, баяна, балалайкі. Пры Доме рамёстваў ідзе адраджэнне касцюмаў сенненскага строю, а таксама адкрыты салон-магазін «Сенненскія сувеніры», у Багушэўску — аддзяленне па кераміцы.

 Для паслуг насельніцтва ў бібліятэках раёна прадастаўлены кніжны фонд у колькасці 331 283 экземпляры. Бібліятэкі атрымліваюць 87 назваў перыядычных выданняў. За пяцігодку бібліятэчнай сістэмай набыты 16 камп’ютараў. Да сеткі інтэрнэт падключаны цэнтральная (гарадская), гарпасялковая бібліятэкі, а таксама аграгарадкоў Машканы, Нямойта, Студзёнка, Багданава, Ходцы, Янова з выкарыстаннем электроннай пошты. У дзіцячай раённай бібліятэцы ўстаноўлены мультымедыйны цэнтр.

 Шмат увагі ўдзяляецца развіццю творчых здольнасцей жыхароў раёна. У клубных установах культуры 144 клубныя фарміраванні з колькасцю ўдзельнікаў 1188 чалавек.

 Ва ўстановах культуры раёна працуюць 7 калектываў са званнем «народны», адзін «узорны». Рыхтуецца да прысваення звання «народны» лялечны тэатр «Пятрушка» раённай дзіцячай бібліятэкі…

 — Ларыса Яўгенаўна, вы трапілі ў сваю стыхію і, бачна, можаце расказваць бясконца…

 — У каго што баліць, той пра тое і гаворыць. Словам, не хлебам адзіным жыве чалавек…

 — Дзякуй вам за размову!

  —  І вам дзякуй! Няхай падпісчыкі раённай газеты ведаюць, чым жыве сёння культура раёна.

З начальнікам  аддзела культуры райвыканкама

Ларысай Новікавай

гутарыў Міхаіл Бялоў