Каждому детсадовцу — игрушка в подарок. Учителя и ученики Белицкой школы организовали благотворительную акцию.

Многія сцвярджаюць, што дзеці паўтараюць шлях сваіх бацькоў. І мы жадаем, каб дарагія нам людзі былі добрым прыкладам. Толькі тады ў юнакоў і дзяўчат абавязкова будуць моцныя і шчаслівыя сем’і.

 У нашай краіне робіцца шмат для павышэння прэстыжу сям’і ў грамадстве, захавання і замацавання сямейных каштоўнасцей, што з’яўляецца асаблівым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

 Падрастаючы, мы ўсё больш задумваемся аб сэнсе жыцця, выбары прафесіі. І, безумоўна, кожны з нас ужо цяпер марыць пра тое, якая ў яго будзе сям’я. Вельмі часта даводзіцца чуць ад равеснікаў, што ў іх ёсць непаразуменні з бацькамі, бо некаторыя з іх забылі пра бацькоўскі абавязак: накарміць, апрануць, навучыць, выхаваць.

 І вось у такія сем’і да дзяцей прыходзяць нашы старэйшыя сябры: дырэктар школы, сацыяльны педагог, настаўнікі і абслугоўваючы персанал. Гэтыя людзі выконваюць свой абавязак, а, галоўнае, маюць чулае сэрца. Часта пад кіраўніцтвам К.І.Рабушка класныя кіраўнікі наведваюць сем’і, сочаць і дапамагаюць ва ўпарадкаванні ўзаемаадносін, аказваюць матэрыяльную дапамогу.

 Трэба адзначыць, што мы, вучні Беліцкай  сярэдняй школы-сада,  заўсёды ў полі зроку нашых настаўнікаў.

Зусім нядаўна сацыяльны педагог В.М.Паляшкевіч разам з калектывам школы і вучнямі правяла акцыю «На радасць людзям», дзе, па меры магчымасцей, дзіцячаму садку падарылі мяккія цацкі, вучням — адзенне, абутак, а галоўнае — дзеткі адчулі клопат і цеплыню дарослых. Вялікае дзякуй кажуць бацькі і вучні калектыву школы: У.І.Стрэльскаму, Т.М.Воранавай, Л.Л.Рацьковай, І.В.Стайновай, Г.У.Данілавай, В.М.Мінічук, Г.Д.Васілеўскай, В.Ф.Зайцавай, Н.В.Зарубіцкай, В.У.Лугавой,  І.А.Зайцавай за міласэрнасць.

 Мы  падтрымліваем эстафету добрых спраў. Цімураўцы заўсёды наведваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх вязняў і аказваюць пасільную дапамогу: робяць падарункі, музычныя віншаванні… Прыемна назіраць, як вочы ветэранаў свецяцца радасцю і надзеяй: «… мы яшчэ патрэбныя, нас не забываюць…»

 Адчуваюць клопат дзе­ці, якія апынуліся ў складаным становішчы. Яны атрымліваюць не толькі матэрыяльную дапамогу, але і ўдзельнічаюць у многіх мерапрыемствах школы, наведваюць розныя гурткі, спартыўныя секцыі. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб яны не страчвалі надзеі на справядлівасць і лепшае будучае.

 Праз добрыя і карысныя справы дзеці вучацца быць спагадлівымі, чулымі да тых, каму трэба дапамога. Калі гэтыя якасці ўласцівыя чалавеку, то яны будуць праяўляцца не толькі да тых, каму патрэбна дапамога, але таксама ў адносінах да ўсіх людзей: нашых блізкіх, родных, сяброў у школе.

 Вельмі хочацца, каб кожны з нас дзяліўся кропелькай спагады, дабрыні і жыў пад дэвізам «Дабрадзейнасць — для людзей».

 Я звяртаюся да сваіх аднагодкаў: «Спяшайцеся рабіць добрыя справы на працягу ўсяго жыцця, не падводдзьце сваіх бацькоў, настаўнікаў, раён. Імі робіцца ўсё, каб мы былі надзейнай зменай, стваралі здаровыя, моцныя сем’і. Моцная сям’я — моцная краіна!»

Юлія Парыха, з павагай да чытачоў вучаніца 11 класа Беліцкай школы.

 На здымку: Людміла Леанідаўна Рацькова з групай  дзетсадаўцаў, якім  асабіста падаравала мяккія цацкі.