Змагацца за кожнага

«Аб рабоце Сенненскай арганізацыі Грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» па прафілактыцы правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі» — так стаяла пытанне на апошнім у мінулым годзе пасяджэнні райвыканкама. У рашэнні адзначана, што «…раённай арганізацыяй  ГА «БРСМ» ажыццяўляецца планамерная работа па прафілактыцы правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі».

 Пра гэта мы і папрасілі  расказаць першага сакратара Сенненскага раённага камітэта Грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» А.Абушкевіча.

 — Вышэйупамянутае рашэнне, — гаворыць Аляксандр, — прымалася  з мэтай павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння РАУС, раённага камітэта ГА «БРСМ» і  пракуратуры па прафілактыцы правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі. У сваёй рабоце мы кіруемся Інструкцыяй па ўзаемадзеянні РАУС, БРСМ і пракуратуры, зацверджанай пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі  Беларусь і Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая і вызначае парадак узаемадзеяння  ў адносінах да асобных катэгорый моладзі. Гэта непаўналетнія ва ўзросце да 18 гадоў і асобы ад 18 да 31 года, умоўна-датэрмінова вызваленыя ад пакарання, вызваленыя  з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з заменай неадбытай часткі пакарання больш мяккім пакараннем, вызваленыя на ўказаных падставах ад іншых пакаранняў, асуджаныя да іншых мер крымінальнай адказнасці.

 Для выканання палажэнняў Інструкцыі РК ГА «БРСМ» распрацоўвае гадавы план мерапрыемстваў, выкананне якога кантралюе райпракуратура. У плане ўлічваюцца прапановы  РАУС.

 Асноўнай катэгорыяй, з якой праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы, з’яўляюцца  падлеткі ва ўзросце да 18 гадоў, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку. І трэба сказаць, што тут ёсць станоўчая тэндэнцыя. 2007 год — 19 злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, 2008 — 12, 2009 — 12, 2010 год — 13. Летась адбыўся рост на адно злачынства таму, што адным падлеткам было ўчынена адразу чатыры злачынствы. Ёсць тут і злачынствы, здзейсненыя  іншагароднімі непаўналетнімі, аднак  учынены на тэрыторыі нашага раёна, таму і зарэгістраваны ў нас.

 За падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, для правядзення прафілактычнай работы ў якасці грамадскіх  выхавальнікаў замацоўваюцца члены раённай арганізацыі ГА «БРСМ». Сумесна з ІДН РАУС распрацаваны  тыпавыя планы работы грамадскага выхавання, у якіх прадугледжаны прафілактычныя гутаркі, наведванні падлеткаў па месцы жыхарства, прыцягненне іх да розных мерапрыемстваў.

 Сталі традыцыйнымі акцыі: «Без наркотыкаў», «СТОП — СНІД», «НЕ — тытуню!», «Скажы здароўю: так!», «Выберы сваё будучае сам», «Бяспечныя канікулы», «Адкрый сябе для жыцця», «Вуліцы без алкаголю» і некаторыя іншыя. Пры правядзенні гэтых акцый шырока выкарыстоўваем буклеты, лістоўкі антыалкагольнай і антытытунёвай накіраванасці. Практыкуем рэйды па гандлёвых кропках, у месцах масавага адпачынку з мэтай выяўлення антыграмадскіх праяў. Разам з супрацоўнікамі міліцыі наведваем асоб ва ўзросце 18-31 год, якія асуджаны да розных відаў адбыцця пакарання.

 З «цяжкімі» падлеткамі быў арганізаваны «круглы стол» на базе РАУС. У сустрэчы прымалі ўдзел пракурор раёна, работнікі міліцыі на пасадзе  не ніжэй намесніка начальніка РАУС, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

 У раённым камітэце БРСМ наладжаны ўлік занятасці падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІДН, і іх сем’яў. 97 % падлеткаў з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, наведваюць гурткі, спартыўныя секцыі.

 З мэтай максімальнай занятасці вучнёўскай моладзі ў летні перыяд, папярэджання  асацыяльных паводзін ва ўстановах адукацыі і ўстановах пазашкольнага выхавання і навучання арганізавана дзейнасць гурткоў і спартыўных секцый з прымальным графікам работы. Найбольшую цікавасць дзеці праяўляюць да гурткоў спартыўнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Актыўна працуюць гурткі Сенненскага цэнтра пазашкольнай работы «Спарта» (кіраўнік О.В.Шумкоў), «Футбол» (кіраўнік С.О.Галынчык), «Рукапашны бой» ( В.В.Санько).

 Штогод  раённым камітэтам сумесна з ІДН, камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама арганізуецца валанцёрскі лагер «Юніёр». У лагернай змене прымаюць удзел падлеткі, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку, прызнаныя маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, са шматдзетных сем’яў, дзеці-сіроты.

 З мэтай аказання дапамогі ў працаўладкаванні маючым патрэбу маладым людзям вядзём іх улік, маем спіс вакансій. Сумесна з аддзелам па справах моладзі райвыканкама, спецыялістамі аддзела занятасці ўпраўлення па  працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, участковымі інспектарамі адсочваем сітуацыю па працаўладкаванні.

 Можна называць і іншыя формы і метады работы па прафілактыцы правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі. Аднак выхаванне і перавыхаванне — справа не аднаго дня. І калі мы ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі органамі  паставілі на шлях праведны двух-трох асацыяльных асоб, гэта ўжо вялікая перамога, бо, як казаў  Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на ІV Усебеларускім  народным сходзе, дзяржава павінна змагацца за кожнага грамадзяніна.

Запісаў Міхаіл Бялоў.