“Не – ізаляванню!” — сказалі актывісты БРСМ падапечным сенненскага аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў

Калі ў вас узніклі праблемы, завітайце ў аддзяленне дзённага знаходжання ТЦСАН і вы зразумееце: вашы часовыя непрыемнасці — нішто, у параўнанні з тымі, з якімі даводзіцца сутыкацца наведвальнікам ад­дзя­лення.

 Сюды штодня прыходзяць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, каб пагутарыць, нешта абмеркаваць, знайсці сабе занятак па душы. Толькі не менш гэтага ім патрэбны зносіны з тымі, хто не патрапіў у катэгорыю інвалідаў, каб не адчуваць сябе «асаблівымі», адзінокімі і нікому не патрэбнымі.

 «Не — ізаляванню!» — вырашылі члены БРСМ на чале з першым сакратаром РК ГА «БРСМ» Аляксандрам Абушкевічам, начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Юрыем Пракапенкам і накіраваліся да іх у госці.

 Утульныя памяшканні, кухня, трэнажорная зала, майстэрня, камп,ютарны клас. Тут ёсць усё, што патрэбна для паўнацэннага адпачынку. Можна разам спячы пірог, паспяваць у караокі, пазаймацца ў трэнажорнай зале ці змайстраваць што-небудзь сваімі рукамі. Супрацоўнікі аддзялення не толькі дапамагаюць сваім падапечным авалодаць  элементарнымі побытавымі ўменнямі, але і раскрываюць таленты гэтых людзей як мастакоў, паэтаў, спевакоў. У аддзяленні жыццё бурліць — пастаянна ладзяцца канцэрты, конкурсы, працуюць гурткі. Гасцямі мерапрыемстваў становяцца родныя выхаванцаў, шэфы, дабра­чынныя арганізацыі, кіраўніцтва раёна. Калектыў установы ўдзячны за дапамогу намесніку старшыні райвыканкама Зоі Фамі­ной, дырэктару УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» Сяргею Пагарэль­ска­му.    

 Пасля невялічкай экскурсіі па аддзяленні і знаёмства з яго наведвальнікамі госці ўручылі падарункі: кнігу пра гісторыю Беларускага Рэспубліканскага Саюза моладзі і салодкія пачастункі. Гаспадары, у сваю чаргу, падарылі сувеніры.

 Пазней, за кубачкам гарбаты, усе разам гутарылі на жыццёвыя тэмы. І кожны з заві­таўшых зноў і зноў здзіўляўся, наколькі  гэтыя людзі  ўмеюць радавацца кожнай хвіліне, падоранай ім лёсам. Яны —  адкрытыя і шчырыя, таленавітыя і актыўныя. Толькі часам іх фізічныя, псіхічныя асаблівасці становяцца перашкодай у зносінах з іншымі людзьмі. А гэтага быць не павінна.

 Прыйдзіце ў аддзяленне дзённага знаходжання. З гэтай просьбай мы звяртаемся да кожнага. Тут вы не толькі знойдзеце сяброў, але і атрымаеце зарад станоўчай энергіі.   

Кацярына КАРПОВІЧ.