Свет Валянціны Барышавай

Яшчэ Кузьма Чорны казаў: «Кожны чалавек — гэта цэлы свет». І сапраўды, калі ты знаёмішся з людзьмі, у цябе ёсць шанц пабачыць гэты свет, нават калі б табе думалася, што гэта звычайная асоба. Іншая справа, калі гэта прадстаўнік творчай прафесіі ці лаўрэат нейкіх прэмій.

 Аднак я хачу расказаць пра чалавека, які вядомы не прэміямі і ўзнагародамі (хаця іх у яе таксама багата), а сваёй руплівай і сумленнай працай.

 У паўсядзённым жыцці Валянціна Лявонаўна Барышава — звычайная жанчына. Першае, на чым затрымліваеш позірк, — гэта яе вочы. Той, каму даводзілася бачыць гэты прамяністы бляск вачэй упершыню, мог толькі здагадвацца, што побач прайшла своеасаблівая жанчына. Змястоўная асоба, чалавечая адметнасць. Характар.

 У той ранак, калі я прыйшла да Валянціны Лявонаўны, яна займалася рамонтам пакоя: разам са сваёй дачкой Ірынай і ўнучкамі клеіла шпалеры. І рабіла гэта з такой энергічнасцю, што пазайздросцілі б нават самыя маладыя гаспадыні. Між тым, за плячыма ў жанчыны дваццаць адзін год працы даяркай у калгасе «1 Мая» (цяпер СВК «Літусава»).

 Родам Валянціна Лявонаўна з Магілёўшчыны. Вучылася яна ў Аршанскім вучылішчы №45 на круцільшчыка-трасцільшчыка. Потым працавала два гады на тэкстыльным камбінаце ў Оршы. Але па запрашэнні сваёй сяброўкі  трапіла на Сенненшчыну, у вёску Бортнікі. Тут і сустрэла сваё каханне. Выйшла замуж. Спачатку ўладкавалася прадаўцом у краму. Нарадзіла дзяцей. Аднак хутка ў дом прыйшло гора — яна страціла мужа. Чацвёра дзетак засталіся на руках маладой жанчыны. Дапамогі чакаць не было адкуль, а дзетак карміць трэба. Вырашыла пайсці працаваць даяркай.

 — Прачыналася ў тры гадзіны на ранішнюю дойку, — расказвае яна. — Іду на ферму, а вакол першародная цішыня, водар лугавых траў. Любіла гэтую пару.

 Ужо з першых дзён працы жанчына імкнулася да лепшых вынікаў, і гэта ў яе добра атрымлівалася. Хутка Валянціна Лявонаўна стала адной з перадавых даярак на ферме. Часта ездзіла на семінары перадавікоў па надоях, атрымлівала ганаровыя лісты. І калі ўзнікла пытанне, каго абраць у склад членаў праўлення калгаса, не задумваючыся, прапанавалі кандыдатуру Барышавай.

 — Ніколі не баялася цяжкасцей, яны былі яшчэ адным стымулам рухацца наперад. Складаней за ўсё ў любой працы — знайсці яе сэнс. У любой працы таксама важна самаразвіццё. Мае калегі казалі, што са мной навучыліся лепш працаваць, сталі больш упартымі, хаця мяне так вучылі ў сям’і: праца, дзе б і якая  яна не была, гэта заўсёды праліты пот, — расказвае Валянціна Лявонаўна.

 Добрай дарадчыцай і памагатай была свякроў Феня Данілаўна, якая заўсёды была побач у цяжкія хвіліны: «Пакуль я на дойцы  —  яна і з дзеткамі пасядзіць, і абед прыгатуе, і па гаспадарцы справіцца. Цяпер  дзеці дарослыя, у кожнага свая сям’я і ўжо яны — мае рупліўцы. Яшчэ з дзяцінства я выхоўвала іх у працы, прывівала ім  пачуццё асабістай годнасці, любові да роднага краю. Цяпер яны часта мяне наведваюць, бо жывуць амаль побач».

 У Валянціны Лявонаўны шэсць унукаў. Старэйшаму шаснаццаць, а самай маленькай — толькі два гадкі. Таму дом нашай гераіні заўсёды напоўнены звонкім дзіцячым  смехам.

 Працавітаму чалавеку нават на пенсіі не хочацца сядзець  склаўшы рукі,  таму ў яе вялікая гаспадарка. Тут каго толькі не ўбачыш! І парсючок, і трусы, і індакачкі, бройлеры і нават дзве казы.

 Акрамя гэтага, Валянціна Лявонаўна мае добры голас і любіць спяваць. Ні адзін  вясковы канцэрт не абыходзіўся без яе ўдзелу. І калі працягваць характарыстыку яе дзейнасці, дык трэба падкрэсліць  энтузіязм, лёгкі таварыскі нораў і чулае сэрцы. Відаць, нездарма спявачка сабрала вакол сябе такіх, як яна: добрых душою, таленавітых у творчасці, упартых у працы людзей. Гурт мастацкай самадзейнасці, дзе і выступае наша Валянціна Лявонаўна, выязджае ў розныя куточкі Сенненшчыны, каб паказаць свой талент,  папоўніць песенны рэпертуар ад іншых удзельнікаў канцэртаў.

 Яшчэ адным са шматлікіх захапленняў жанчыны з’яўляецца вязанне. У доме, здаецца, няма ніводнага месца, дзе б не ляжала вязаная сурвэтка ці мяккая рознакаляровая падушачка.

 Мяне, як госцю, у гэтым утульным доме частавалі гарбатай і салодкім печывам. Яшчэ доўга мы размаўлялі з Валянцінай Лявонаўнай пра яе жыццё, і я спытала, у чым жа сакрэт яе  сілы,  які яе жыццёвы дэвіз? На што жанчына адказала: «Трэба жыць ў працы і не сумаваць, а ўсё астатняе будзе!»

Надзея Зуева,

студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава.   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *