Рэклама «свеціцца» не ўсюды

 Намеснік старшыні райвыканкама Ганна Гаўрылаўна Якаўлева запрасіла на размову кіраўнікоў гарадскіх арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, якія не праявілі актыўнасці ў справе ўстаноўкі знешняй рэкламы сваіх арганізацый, выпускаемай прадукцыі, у тым  ліку ў святлодыёднай,  а таксама ва ўпрыгажэнні адміністрацыйных будынкаў у сувязі з надыходам Каляд і Новага года, чым не выканалі распараджэнні старшыні Сенненскага райвыканкама і губернатара вобласці.

 Хаця ў цэлым станоўчыя зрухі намеціліся. На дарозе Р-25 устаноўлена адна адзінка турыстычнай рэкламы, з’явіліся дзе-нідзе бігборды «Чалавек года», у пассавеце — «Квітней, Багушэўск». Больш актыўна ў гэтым напрамку працавалі Сенненскае раённае спажывецкае таварыства, РАУС. Але аб недастатковасці знешняй рэкламы гаворыць колькасць бігбордаў: усяго 8.  Некаторыя вытворцы беларускай прадукцыі, якія рэалізуюць яе на тэрыторыі нашага раёна, заключылі дагавор на выраб рэкламы з прыватным  прадпрымальнікам з г. Оршы.  Аднак справа рухаецца марудна. Аб гэтым сведчыць і сума, што паступіла ад размяшчэння рэкламы ў мясцовы бюджэт,— 500 тысяч рублёў, пры планавай, даведзенай аблвыканкамам, — 9 мільёнаў рублёў. Толькі добрымі намерамі пакуль застаюцца «дзеянні» камбіната кааператыўнай прамысловасці райспажыўтаварыства, ААТ «АТП №20» г.Сянно і некаторых іншых. Гэта што тычыцца ўвогуле рэкламы. Але задача ставілася аблвыканкамам, каб рэклама была бачна не толькі днём, але і ноччу: святлодыёдныя  лагатыпы, бігборды, шчыты, іншыя  падсветкі і г.д. Даводзіўся адпаведны графік. Кіраўнікі запэўнівалі, што графік устаноўкі падобнай рэкламы будзе выкананы не пазней пачатку  снежня. Але выкананне графіка склала крыху больш за 50 працэнтаў. У мінусавай  палове працэнтаў — РУП ЖКГ, райгаз, Сенненская ПМК-64, раённы аддзел Міністэрства надзвычайных сітуацый, ветэрынарная лячэбніца, ваенкамат, ДРБУ-146, ТЦСАН, аддзел культуры і некаторыя іншыя.

 Спасылкі на тое, што ў канцы года няма грошай, не прымаюцца. У райплемстанцыі іх таксама не больш, але зрабілі, і даволі прыстойна. Таму, як падвяла вынік Ганна Гаўрылаўна Якаўлева, усё роўна давядзецца рабіць. Розніца будзе толькі ў тым, што больш папсуем адзін аднаму нервы, бо адпаведныя пісьмы на прадмет бяздзейнасці будуць накіраваны ў вышэйстаячыя арганізацыі адпаведна падпарадкаванасці.

Міхаіл Бялоў.