У Багданаве новы старшыня

5-04-2014 001 На днях прайшла першая сесія Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў 27-га склікання, на якой разглядаліся арганізацыйныя пытанні, у тым ліку выбары старшыні сельскага Савета.

Напачатку старшыня Багданаўскай сельскай выбарчай камісіі Надзея Васі­лёнак расказала пра ход і вынікі выбарчай кампаніі ў сельсавеце. Па яе словах, парушэнняў дапушчана не было. Бюлетэні атрымалі 89,1% выбаршчыкаў. У выніку галасавання былі выбраны дэпутаты па ўсіх 11 выбарчых акругах. Да слова, новаабраныя народныя выбраннікі ў поўным скла­дзе прынялі ўдзел у рабоце першай сесіі.

Свае віншаванні ім адрасаваў прысутны на сесіі старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга.

 Ён жа прадставіў на пасаду старшыні сельскага Савета кандыдатуру Сяргея Пагарэльскага, які балатаваўся ад Тураўскай выбарчай акругі №4. У выніку тайнага галасавання пераважная большасць дэпутатаў (9 з 11) выказалася ў яго падтрымку. Такім чынам, новым старшынёй Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў стаў Сяргей Пагарэльскі.

Сяргей Анатольевіч доўгі час працаваў у культурнай сферы: узначальваў раённы Дом культуры, арганізацыйна-метадычны цэнтр. Многія сенненцы добра памятаюць яго як кіраўніка аднаго з вядучых народных калектываў раёна — «Вясёлыя музыкі». З 2010 года Сяргей Пагарэльскі спрабуе сябе ў вытворчай дзейнасці. Два гады ён узначальвае КУСГП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». З 2012 года працаваў намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс».

Праца старшыні сельскага Савета, па словах Сяргея Анатольевіча, для яго новая і няпростая, бо тут неабходна працаваць непасрэдна з людзьмі, да кожнага шукаць і знаходзіць падыход. Ён пад­крэсліў, што надзённыя праблемы вяскоўцаў можна вырашыць толькі агульнымі намаганнямі ўсіх дэпутатаў.

Не зніжаць планку, пажадалі новаму кіраўніку ўдзельнікі сесіі, у тым ліку і былы старшыня Багданаўскага сельскага Савета Віктар Мурашкевіч, які займаў пасаду 10 гадоў. За гэты час сельсавет стаў адным з лепшых у раёне і вобласці. А колькасць зваротаў яго жыхароў да вышэйстаячых органаў улады — мінімальная. Адзнакай заслуг Віктара Сямёнавіча стала Ганаровая грамата абласнога Савета дэпутатаў. Шмат цёплых слоў выказаў у яго адрас і паднёс памятны падарунак дырэктар філіяла «Віцебская доследная меліяратыўная станцыя інстытута меліярацыі» Валерый Кучко.

У час сесіі шляхам адкрытага галасавання дэпутаты выбралі таксама намесніка старшыні сельскага Савета на грамадскіх пачатках. Ім стаў Аляксандр Кацар, дэпутат ад Каралевіц­кай выбарчай акругі.

 Вольга БАНДАРЭВІЧ.