Дзяжурны рэпарцёр

Радыёпрыёмнік  адрамантаваны

 Ад імя жыхаркі в.Буй Веры Макараўны Сычовай у рэдакцыю патэлефанаваў яе муж. Пенсіянер паведаміў, што ўжо месяц назад здаў у рамонт электрычны радыёпрыёмнік. Але да гэтага часу яго не адрамантавалі.

 Каб даведацца пра лёс прыёмніка, дзяжурнаму па рубрыцы прыйшлося некалькі разоў патэлефанаваць у раённыя вузлы паштовай і электрычнай сувязі. Нарэшце ў бюро рамонту РВЭС удалося высветліць, што радыёпрыёмнік усё ж адрамантавалі і ў самы бліжэйшы час вернуць гаспадарам.

Старшыня паабяцаў разабрацца

 Жыхар в.Багданава Багданаўскага сельсавета Віктар Васільевіч Шубка патэлефанаваў з наступнай праблемай. Патрабуюць рамонту хлявы, якія калісьці былі пабудаваны разам з жылымі катэджамі. У ЖКГ, куды звяртаўся вясковец, адказалі, што гэтыя гаспадарчыя пабудовы на балансе камунальнай гаспадаркі не стаяць. Не адрэагаваў, па словах  Віктара Васільевіча, і сельскі Савет.

 Аднак, як сцвярджае старшыня Багданаўскага сельскага Савета Віктар Сямёнавіч Мурашкевіч, Шубка да яго не звяртаўся. А перш чым тэлефанаваць у рэдакцыю, трэба паспрабаваць вырашыць пытанне на месцы. Разам з тым, Віктар Сямёнавіч паабяцаў разабрацца ў праблеме з хлявамі.

І зноў тэлевізары

 У каторы ўжо раз да супрацоўнікаў рэдакцыі звяртаюцца са скаргамі на дрэнную работу тэлевізійных прыёмнікаў. Цяпер патэлефанавала жыхарка в.Казлоўка. Яна не назвала сваё прозвішча, заўважыўшы, што праблема гэта тычыцца шмат каго.

 У чарговы раз мы вымушаны адказваць, што істотна нічым дапамагчы тэлегледачам не можам. Можам толькі параіць тым, чые телевізары перасталі «паказваць» з-за ўвядзення ў строй тэлевышкі, звяртацца па тэлефоне 8(0212) 27-22-53.

Таццяна Буракова.

 Сёння вас выслухае намеснік галоўнага рэдактара Міхаіл Васільевіч Бялоў па тэл.: 4-12-57.