“Я — бібліятэкар!”

Так называўся конкурс прафесійнага майстэрства, у якім прынялі ўдзел бібліятэчныя работнікі раёна Т.Л.Пятрова (Машканская сельская бібліятэка), Ж.Я. Цуран (Багушэўская гарпасялковая), В.А. Мяснікава (цэнтральная), В.А. Паляшчук (дзіцячая раённая), Г.І. Конышава (Краснасельская бібліятэка).

 На мерапрыемства былі запрошаны старшыня раённага выканаўчага камітэта Э.М.Герасіменка, намеснік старшыні З.С.Фаміна, начальнік аддзела культуры Л.Я.Новікава.

 На зямлі ёсць тры каштоўнасці: хлеб, каб чалавек быў заўсёды здаровы і моцны; жанчына, каб не абарвалася нітка жыцця; кніга, каб не абарвалася сувязь часоў. Захавальнікам духоўнай спадчыны з’яўляецца бібліятэкар. Такімі  словамі пачала мерапрыемства вядучая праграмы конкурсу  загадчыца аддзела маркетынгу і рэкламы цэнтральнай  раённай бібліятэкі Таццяна Красноўская.

 Сёння бібліятэкар — гэта не толькі знаток літаратуры. Ён цудоўна разбіраецца ў сучасных інфармацыйных тэхналогіях, праводзіць розныя мерапрыемствы, рэжысіруе  тэатральныя пастаноўкі, наладжвае прэзентацыі кніжных выстаў. Акрамя таго, сучасны спецыяліст гэтай сферы займаецца асветніцкай і грамадскай дзейнасцю. Бібліятэкар павінен валодаць такімі якасцямі, як інтэлігентнасць, прафесіяналізм, эрудыцыя, камунікабельнасць, абаяльнасць, уменне выслухаць свайго чытача.

 Гэтыя якасці  ўдзельніцы раскрылі ў час правядзення конкурсу «Візітная картка «Я  і мая  бібліятэка». Большасць канкурсантак расказалі пра сябе ў вершаванай форме. Зала з задавальненнем апладзіравала.

 Бібліятэчная віктарына таксама не выклікала значных цяжкасцей у сапраўдных прафесіяналаў, хаця недасведчанаму пытанні здаваліся не вельмі простымі.  Як паказаў «Літаратурны марафон», нашы бібліятэкары — сапраўдныя  літаратуразнаўцы.

 Не сумавалі ў час конкурсу і гледачы. Яны аказаліся добрымі знатакамі прыказак, у якіх закладзена векавая мудрасць народа. Гледачы-бібліятэкары прадэманстравалі бліскучыя веды ў трэнінгу-віктарыне «Бібліяграфія — галоўны спадарожнік». Паказалі свае ўменні ў вымаўленні скорагаворак.

 У паўзах, пакуль канкурсанткі рыхтаваліся, а журы падлічвала балы, гледачоў радавалі сваімі  выступленнямі выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў і самадзейныя артысты аўтаклуба. Важную ролю ў выніковай ацэнцы мела выкананне практычнага задання  бібліяграфічнага конкурсу. За 3 хвіліны ўдзельнікам трэба было правільна расставіць карткі ў алфавітным каталогу.

 «На Парнасе», так называўся пяты конкурс праграмы. прапаноўвалася праявіць паэтычныя здольнасці: сачыніць чатырохрадкоўе з зададзенымі словамі. Напрыклад: аптэка, бібліятэка, фільматэка, картатэка…

 Адным з самых прывабных якасцей чалавека здаўна лічылася пачуццё гумару. У час сказаны жарт, дарэчны анекдот падымаюць настрой, наладжваюць на аптымістычную хвалю. Калі ў калектыве шмат людзей з пачуццём гумару, то, хутчэй за ўсё, справа ад гэтага толькі выйграе. Пры правядзенні масавых мерапрыемстваў бібліятэкару неабходна валодаць і артыстычнымі данымі, добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. У конкурсе «Тэатралізаваны турнір» і праявіліся артыстызм, музычнасць і пачуццё гумару гаспадынь кніжнага царства. Ад душы смяялася і апладзіравала публіка жартоўным танцам, песням,  прыпеўкам, якія прадэманстравалі бібліятэкаркі на конкурснай сцэне.

 Французская пісьменніца Калет сказала: «Калі жанчына не схільная да чараўніцтва, ёй не трэба займацца кулінарыяй». Сапраўдныя чараўніцкія кулінарныя здольнасці прадэманстравалі калегі-саперніцы ў апошнім конкурсе «Цуда-страва». Кожная з удзельніц прыгатавала напярэдадні страву з арыгінальнай і дасціпнай назвай. Нават па знешняму выгляду тарты, салаты, тарталеткі, іншая выпечка нагадвалі творы мастацтва.

 Пераможцай конкурсу пасля падвядзення вынікаў была аб’яўлена бібліятэкар Багушэўскай гарпасялковай бібліятэкі Жанна Яўгеньеўна Цуран. Ёй прысвоена званне  «Бібліятэкар года». Званне «Лепшы літаратуразнаўца» атрымала Т.Л.Пятрова.  «Артыстычным  бібліятэкарам» прызнана В.А. Паляшчук. «Творчым бібліятэкарам» названа  А.І.Конышава, «Кулінарнай майстрыхай» — В.А.Мяснікава.

  Але галоўнае — не ў званнях, лічаць арганізатары конкурсу-свята, супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, а ў той магчымасці, якую дало мерапрыемства для праяўлення талентаў, эрудыцыі, творчасці, ініцыятывы. Сапраўды, слова «бібліятэкар»  загучала горда.

Таццяна Буракова.

 На здымках: у час конкурсу.

 Фота аўтара.