Дзе гандлююць шэдэўрамі

Што падарыць на дзень нараджэння родным і сябрам? Чым здзівіць сваіх гасцей? Як аздобіць інтэр’ер уласнай кватэры? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці, калі завітаць у салон-краму «Сенненскія сувеніры», што працуе на базе раённага Дома рамёстваў.

 Эксклюзіў! Так адным словам можна назваць прадстаўлены асартымент. Аўтары сувенірнай прадукцыі — майстры Дома рамёстваў — творцы з іменем, удзельнікі абласных, рэспублікан­скіх і, нават, міжнародных выстаў, прызёры шматлікіх творчых конкурсаў. А таму зробленыя іх рукамі рэчы — уні­кальныя па сваёй непаўторнасці і прыгажосці.

 Аматары аўтэнтычнасці змогуць набыць вырабы розных накірункаў нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Бо першасная задача Дома рамёстваў — захоўваць і аднаўляць адвечныя беларускія промыслы. Кераміка, саломапляценне, ткацтва, выцінанка, вышыўка — шэдэўры народнага мастацтва зробяць сучасную кватэру па-сапраўднаму прыгожай і ўтульнай.         

 Эстэтычны густ задаволяць якасныя работы, выкананыя ў тэхніках жывапі­су, графікі, батыку, габеленапляцення.

 Для гасцей жа добрым успамінам аб Сенненскай зямлі стануць сувеніры зрэгіянальнай сімволікай. На выбар прапануюцца вырабы з выявамі герба і сцяга раёна, мясцовых архітэктурных і гістарычных славутасцей.

 Салон-крама таксама прымае заказы на выраб сувеніраў. Тут здольны зрабіць літаральна ўсё: ад вышытай сурвэткі па індывідуальным эскізе да дыхтоўнай лазовай мэблі.    

 Па словах дырэктара Дома рамёстваў Іны Стычынскай, «Сенненскія сувеніры» —добрая магчымасць для майстроў знаходзіць попыт на ўласнаручную прадукцыю. Дарэчы, выстаўляць свае вырабы на продаж у сувенірнай краме могуць  не толькі супрацоўнікі Дома рамёстваў, але і ўсе майстры раёна. Галоўнаяўмова — аформіць рамесніцкую дзейнасць і, калі ласка, гандлюй.

 Зручна для пакупнікоў і тое, што працуе салон-крама без выхадных і абеду. У будзённыя дні — з 9.00 да 17.00, а ў выхадныя — з 9.00 да 12.00.       

 Хоць да навагодніх святаў яшчэ больш за месяц, але пра падарункі варта паклапаціцца ўжо загадзя. Таму карысным для спажыўцоў будзе адрасок салона-крамы «Сенненскія сувеніры» — г.Сянно, вул.Савецкая, д.13 (першы паверх) —дзе кожны знойдзе свой адмысловы падарунак.

 НА ЗДЫМКАХ: сувеніры на любы густ.

Вольга

Бандарэвіч.                        

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *