З чым сенненцы вярнуліся з першага нацыянальнага музейнага форуму

На званне самага вялікага музея свету ў гэтыя кастрычніцкія дні смела мог прэтэндаваць Гродна. На мінулых выхадных у абласным цэнтры прайшоў Першы нацыянальны форум «Музеі Беларусі». Арганізатарамі фэсту выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Гродзенскі аблвыканкам.

 Цэнтральны спартыўны комплекс «Нёман» з цяжкасцю змяшчаў усіх удзельнікаў форуму. Ці жарты, сябе паказаць і на іншых паглядзець у Гродна з’ехаліся прадстаўнікі са 150 музеяў, ад буйных дзяржаўных да прыватных і школьных. Свае экспазіцыі прадставілі таксама музеі з Расіі (Калінінград, Разань), Літвы (палацавы комплекс Вялікіх князёў Літоўскіх). Сярод музейных экспертаў прысутнічалі дэлегацыі з Італіі, Галандыі, Аўстрыі, Германіі… Карацей кажучы, з 17 краін свету. 

Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей быў у ліку 9 музеяў, што прадстаўлялі на форуме Віцебскую вобласць. Па вяртанні музейшчыкі па­дзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў фэсце. Навуковы супрацоўнік Браніслава Жаўтабрухава гартае на маніторы камп’ютара фотаздымкі: «Імкнулася зафіксаваць усе экспазіцыі, аднак абысці выставу цалкам не ўяўлялася магчымым з-за вялікай колькасці ўдзельнікаў і насычанасці праграмы. Але міністра культуры пабачыла вось, як вас!». Павел Латушка, да слова, адкрываў фэст.

 Павільён нашага раённага музея размясціўся па суседстве з Лепельскім і Аршанскім. Спецыяльна для форуму былі зроблены выставачныя стэнды.

 Кожны імкнуўся паказаць адметнае. Дзесьці музейныя работнікі праводзілі майстар-класы па рамёствах: ткалі рушнікі, плялі вясельныя вяночкі, ганчарылі. Музеі здзіўлялі гледачоў мультымедыйнымі прэзентацыямі, тэатралізаванымі дзействамі, гістарычнымі касцюмамі, сучаснымі арткампазіцыямі. Патрапіўшыя на выставу маглі літаральна падарожнічаць у часе. Праходзіш па музейных радах і бы трапляеш у розныя стагоддзі: першабытнасць з яе археалогіяй, сярэднявечча з рыцарскім кодэксам, магнаты Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, вяльможы Кацярынінскай эпохі, 1812 год, 1941-1945 гады… Не кажучы ўжо пра багацце разнастайнай і непаўторнай народнай культуры і побыту.

 Сенненцам таксама ўдалося здзівіць і патрабавальных экспертаў, і звычайных гледачоў. «Разыначкай» экспазіцыі стаў вясельны абрад, які супрацоўнікі музея аднавілі з улікам уласцівых толькі Сенненшчыне народных традыцый. Рэгіянальны шлюбны рытуал паспяхова апрабаваны на мясцовых жаніхах і нявестах.

«Вясельны абрад на сенненскі лад» быў прадэманстраваны на пляцоўцы рэспубліканскага конкурсу «Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю», што праводзіўся ў рамках форуму, і выклікаў нямала станоўчых водгукаў. Тым не менш, гран-пры атрымаў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Сярод рэгіянальных музеяў лепшым прызнаны Полацкі нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік.

 «Безумоўна, нам цяжка цягацца з падобнымі музейнымі комплексамі па багацці экспанатаў, відовішчнасці, — кажа дырэктар раённага музея Іва Шубка. — Нашым набыткам сталі веды і вопыт.» Непрадузятую зацікаўленасць выклікалі шматлікія стэнды фірмаў і майстэрняў, што выпускаюць музейнае абсталяванне, ствараюць экспазіцыі. «Сёння тэхніка дазваляе па адным толькі кавалку ўзнавіць цалкам увесь прадмет у трохмерным выяўленні», — расказвае Браніслава Барысаўна. Напрыклад, паклалі вы керамічны аскепак — і, калі ласка, гатовы ганчарны збан. Зразумела, каштуе такое ноу-хау немалых грошай».

 А вось цікавыя задумкі ды парады дасталіся бясплатна.  Шмат чаго з падгледжанага ў калег, па словах нашых музейшчыкаў, можна прымяніць і ў нас.

 «Вяртаць час цярпліва, плённа, натхнёна» — дэвіз першага нацыянальнага форуму музеяў. І, можна дадаць, сучасна. Наша інфармацыйна-мабільнае стагоддзе вымагае новых падыходаў. Каб зацікавіць наведвальнікаў, музеям неабходна мець, акрамя пастаянных і зменных экспазіцый, друкаваную і сувенірную прадукцыю, распрацоўваць экскурсіі, арганізоўваць выставы, незвычайныя акцыі. Дарэчы, Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей два гады таму далучыўся да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», і гэтыя вечары сенненцам прыйшліся даспадобы. А вось пастаяннымі экспазіцыямі, дзе б была спаўна прадстаўлена археалогія, этнаграфія і гэтак далей, мы пакуль пахваліцца не можам. Між тым, іншагароднія, у тым ліку іншаземцы, у раённым музеі госці не такія ўжо і рэдкія, у адрозненне ад землякоў. Значыць, ёсць зацікаўленасць, якую трэба падтрымліваць і развіваць.

 Інфармацыя пра Сенненскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, як і пра іншыя музеі-удзельнікі, змешчана ў даведніку, што выдадзены з нагоды правядзення форуму. А ў хуткім часе пра яго, магчыма, будуць ведаць і ў суседняй Літве. Прынамсі, форум паспрыяў наладжванню дзелавых стасункаў. Прадстаўнікі беларускай суполкі ў Літве зацікавіліся «вясельным абрадам па-сенненску» і запрасілі сенненцаў у Вільнюс. Першая, як кажуць самі музейшчыкі, «пілотная» паездка ўвянчалася поспехам.

 У далейшым музейны форум плануецца праводзіць раз у два гады. І музеі Сенненшчыны могуць стаць яго пастаяннымі паўнапраўнымі ўдзельнікамі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках:   дэлегацыя раённага гісторыка-краязнаўчага музея з Дыпломам удзельнікаў першага нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі»; пляцоўка-экспазіцыя Сенненскага музея; у адкрыцці форуму ўдзельнічаў міністар культуры  Павел Латушка.