Единственное в Сенненском районе предприятие с иностранным капиталом планирует расширять производство в районе

7У Сенненскім раёне толькі адно прадпрыемства, заснаванае на сродкі замежных інвестараў — грамадзян Сербіі. Пашанцавала Багушэўску, дзякуючы яго зручнаму геаграфічнаму становішчу і наяўнасці чыгуначнай станцыі. З пачатку сёлетняга года ў населеным пункце працуе сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Milconforest»,  дзе змаглі працаўладкавацца каля 40 жыхароў гарадскога пасёлка.

 

Аснова вытворчасці — лес

         Прадукцыю, якую выпускае прадпрыемства, не назавеш арыгінальнай. У яе аснове — прасцейшая распілоўка драўніны, у выніку чаго атрымліваюцца брусы, дошкі. Яны адпраўляюцца на экспарт у Германію, Францыю, Славенію, Польшчу, іншыя краіны Еўрасаюза, і, зразумела, на радзіму інвестараў — у Сербію.

— Лес набываем на беларускай сыравіннай біржы, — расказвае Эдуард Волкаў, менеджэр «Milconforest».

У Багушэўску на ім трымаецца не толькі вытворчы працэс. Пад кіраўніцтвам Эдуарда Волкава вядзецца рэканструкцыя будынкаў, што перададзены раённымі ўладамі пад рэалізацыю перспектыўнага інвестыцыйнага праекта, у аснове якога выкарыстанне мясцовых сыравіны і рабочай сілы. У бліжэйшы час у Багушэўску пачнуць пілаваць сі­бірскую лістоўніцу. Драўніна з яе вызначаецца выдатнымі будаўнічымі якасцямі: высокай шчыльнасцю, даўгавечнасцю. Нягледзячы на свой даволі высокі кошт, піламатэрыялы з лістоўніцы карыстаюцца павышаным попытам у Заходняй Еўропе.

Прадукцыя з беларускага лесу таксама знайшла свайго спажыўца. Праўда, за мяжой працэс апрацоўкі нярэдка працягваецца. Ва ўсякім разе ў Сербіі, дзе на адным з прадпрыемстваў піламатэрыялы з Беларусі дасушваюцца, распілоў­ваюцца на больш тонкія пласціны, якія потым, пасля прапіткі спецыяльным растворам, склейваюцца.

— У выніку атрымліваецца драўніна, з якой вырабляюць аконныя рамы, дзверы. Тэрмін іх эксплуатацыі пры належным доглядзе перавышае сто гадоў, — працягвае свой расказ Эдуард Волкаў. — А яшчэ з нашай драўніны вырабляюць аркі для спартыўных збудаванняў, нават, басейнаў, бо па надзейнасці яны не саступаюць металічным. Але больш за ўсё жыхары Еўрасаюза цэняць драўніну за яе экалагічнасць.

 Якасць і яшчэ раз якасць

     6    На распілоўцы драўніны выкарыстоўваюцца станкі замежнай вытворчасці. Яны вызначаюцца не толькі якасцю распіла і высокай прадукцыйнасцю. Загрузка драўніны, напрыклад, адбываецца без выкарыстання ручной працы. У вытворчасць ідзе нават абзол. У выніку наладжана фактычна безадходная вытворчасць, калі не лічыць апілкі. Але ўжо ў наступным годзе ў Багушэўску «Milconforest» мяркуе пабудаваць кацельную, дзе ў якасці паліва будуць выкарыстоўвацца адходы вытворчасці. Наступным крокам па ўдасканаленні вытворчасці стане запуск тэхнічнай сушылкі, у далейшай перспектыве — устаноўка абсталявання для зрошчвання драўніны.

— Мы дамагаемся зніжэння затрат на вытворчасць і павышэння якасці прадукцыі, —  не хавае Эдуард Волкаў. — А пакуль што дзеля гэтага пачалі будаўніцтва павеці. Пад ёй будуць захоўвацца піламатэрыялы, весціся загрузка прадукцыі ў машыны. Сы­ры піламатэрыял пры захоўванні, транспарціроўцы, як мінімум, губляе таварны выгляд.

 На карысць Сенненшчыны

      8   СТАА «Milconforest» сваю дзейнасць у Беларусі пачынала ў Коханаве. Да гэтага часу некалькі жыхароў талачынскага мястэчка працягваюць працаваць на прадпрыемстве, якое арандуе для іх жыллё ў Багушэўску. Пераважная большасць работнікаў — багушэўцы. Яны працуюць станочнікамі, упакоўшчыкамі, рознарабочымі. Некваліфікаваныя работнікі зарабляюць ад 3,5 млн рублёў, станочнікі — 6-7. Заробак залежыць не толькі ад складанасці службовых абавязкаў, прафесіяналізму. Працоўная і тэхналагічная дысцыпліна, ініцыятыва — усё гэта матэрыяльна стымулюецца. Магчыма зніжэнне аплаты працы ў залежнасці ад працы работніка.

Дзякуючы новай вытворчасці папаўняецца раённы бюджэт. Даволі значныя пералічэнні паступаюць у выглядзе падаткаў на дабаўленую вартасць, зямлю, нерухомасць, падаходнага падатку. Ведаюць у Багушэўску замежнае прадпрыемства і як фундатара. У прыватнасці, СШ №2 закупіла на яго сродкі сталы, стулы для кабінета фізікі. На абсталяванне патрачана 6,5 млн рублёў. Сёлетні феерверк з нагоды юбілею гарпасёлка таксама аплаціў «Milconforest».

Зрэшты, Міхаіл Макадай, юрыст таварыства, высока цэніць даступнасць для кантактаў прадстаўнікоў мясцовых органаў улады.

— Наладжаны пастаянны дыялог не толькі з кіраўніцтвам Багушэўскага сельвыканкама. Раённыя ўлады ў асобе старшыні райвыканкама Васілія Чарадніка падтрымліваюць наша імкненне пашыраць вытворчасць. Мы маем магчымасць набываць ва ўласнасць новыя будынкі, якія не выкарыстоўваліся працяглы час. У прыватнасці, распачалася працэдура па перадачы СТАА «Milconforest» майстэрні і адміністрацыйнага будынка былога саўгаса Багушэўск.

У аснове дынамічнай вытворчай дзейнасці любога прадпрыемства шмат складнікаў. У нашым выпадку — гэта ўзважаная інвестыцыйная праграма, прадуманыя маркетынгавыя крокі, стабільныя рынкі збыту. І, безумоўна, узаемны інтарэс інвестараў і мясцовых органаў улады, ад чаго ў канчатковым выніку выігрывае ўсё грамадства.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.