ЧАЛАВЕЧЫ ФАКТАР

1+++У ААТ «Студзёнка» даволі высокая шчыльнасць  жывёлы. На 100 гектараў сельгасугоддзяў прыходзіцца 70 галоў буйной рагатай жывёлы. Каб нарыхтаваць неабходную колькасць кармоў, амаль штогод даводзіцца касіць травы на няўдобіцах, на сенажацях суседніх сельгасарганізацый. А  яшчэ, мясцовыя жывёлаводы навучыліся эфектыўна  іх выкарыстоўваць.

— Сёлета стабільна высокія прывагі атрымлівалі даглядчыкі, якія працуюць на дарошчванні маладняку. Па выніках работы за 10 месяцаў гадаванцы Вольгі Бяляўскай у суткі прыбаўлялі ў вазе па 660 грамаў. Валавыя прывагі на яе групе склалі амаль 15 тон і выраслі ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 7 %. У Ліліі Пецкалёвай пры крыху меншых сярэднясутачных прывагах валавая прывага склала 18 тон і вырасла на 6%, — расказала Святлана Падалінская, галоўны эканаміст сельгасарганізацыі, перш чым мы накіраваліся на сустрэчу з жывёлаводамі.
Маладняк, які ўтрымліваецца на дарошчванні, як аказалася, знаходзіцца ў даволі старых памяшканнях. У іх няма нават аўтапаілак. Корм — сена, сянаж, камбікорм — падвозяцца на конях і раздаюцца ўручную. Цялятам цеснавата. У той жа час на фермах чыста. За гэтым жывёлаводы сочаць вельмі строга. Як і за расходваннем кармоў. Самы маленькі шматок сена падбіраецца.
2+++— Ноччу на кожнай ферме таксама працуюць жывёлаводы. У іх задачу ўваходзіць напаіць жывёлу, дапрацаваць корм, каб ён паядаўся без астатку, — тлумачыць Наталля Ермашкевіч, адна з жывёлаводак, што працуюць на дарошчванні. Яна не хавае, што працаваць фізічна нялёгка. У той жа час заробак даволі высокі, выдаецца своечасова. Што немалаважна для любога работніка і гарантавана забяспечвае прыток маладых жывёлаводаў. Побач з Ліліяй Пецкалёвай, якая праз некалькі гадоў збіраецца на пенсію, працуе Алеся Шарэнда. На ферму маладая жанчына прыйшла адносна нядаўна, аднак не адстае ў рабоце ад сваіх вопытных калег.
Нягледзячы на адносна высокія вытворчыя паказчыкі, у сельгасарганізацыі імкнуцца аптымізаваць колькасць працуючых у жывёлагадоўлі, у тым ліку, на дарошчванні цялят. У прыватнасці, аналізуецца работа жывёлаводаў, што працуюць у начную змену.
Нягледзячы на няпросты для сельскай гаспадаркі час, у ААТ «Студзёнка» добра разумеюць — на фермах трэба мяняць тэхналогіі, зніжаць долю ручной працы, ствараць лепшыя ўмовы для ўтрымання жывёлы. А таму на цэнтральнай сядзібе, дзе сканцэнтравана асноўнае пагалоўе жывёлы, будуецца арачнік для маладняка, капітальнае памяшканне для дойнага статка. Работы вядуцца марудна. І ўсё ж яны ідуць. А значыць не сёлета, дык пазней будуць завершаны.
Аляксандр ЛАЗЮК.
НА ЗДЫМКАХ: Наталля Ермашкевіч; Лілія Пецкалёва і Алеся Шарэнда.

Фота аўтара.