Сенненская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, прыняла ўдзел у IX Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Свет дзяцінства-2013», што прайшла ў нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа”

Мерапрыемства мела за мэту садзейнічаць развіццю рынка паслуг і тавараў для дзяцей, наладжванню прамых сувязяў, фарміраванню інвестыцый.  На выставе былі прадстаўлены навінкі дзіцячай літаратуры, новыя распрацоўкі гульняў і лялек, дызайнерскія вырабы адзення, мэблевыя гарнітуры. Усё тое, што звязана з пачаткам жыцця юных грамадзян краіны. У спецыяльных павільёнах бацькі маглі атрымаць кваліфікаваную кансультацыю па пытаннях развіцця творчых здольнасцей дзяцей, іх выхавання, адаптацыі ў сацыяльным асяроддзі.

Стэнд школы-інтэрната быў аформлены ў выглядзе дачнага кутка з дэманстрацыяй сталярных і швейных вырабаў: вулея з камплектам адзення для пчаляра, стала з табурэтамі, ложка, упрыгожанага пакрывалам і падушкай у стылі «Пэчворк», журнальнага століка «Калёсы», разнастайных вырабаў гуртоўцаў. Цікавай знаходкай аказалася дэкаратыўнае дрэва, каля якога з задавальненнем рабілі фотаздымкі наведвальнікі выставы.

Папулярнасцю ў спажыўцоў карысталіся вырабы швейнай майстэрні: сталовыя камплекты, пасцельная бялізна, фартукі, ручнікі. Не засталіся па-за ўвагай сталярныя вырабы. На парозе вясны наведвальнікі выставы актыўна набывалі шпакоўні, ды так, што прыйшлося нашым майстрам і дзецям папрацаваць, каб да апошняга дня выставы забяспечыць імі ўсіх жадаючых.

Ганна Броўка,

майстар вытворчага навучання;

Наталля Карпека,

педагог дадатковай адукацыі;

Ірына Казлова,

педагог-псіхолаг Сенненская школа-інтэрната.