«ЭКСПРЭС ААН У БЕЛАРУСІ»

ГСУ рамках рэспубліканскай акцыі «Экспрэс ААН у Беларусі», прысвечанай 70-годдзю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, на базе Віцебскага аблвыканкама адбыўся круглы стол па пытаннях актыўнага даўгалецця на чале з начальнікам упраўлення аховы здароўя Юрыем Дзеркачам.
Мерапрыемства прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі, у якой прынялі ўдзел намеснікі старшынь райвыканкамаў па сацыяльных пытаннях, галоўныя ўрачы ЦРБ, прадстаўнікі ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў, дырэктары ТЦСАН, прадстаўнікі раённых арганізацый Чырвонага Крыжа, члены ініцыятыўных груп пажылых і маладых валанцёраў Чырвонага Крыжа, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх структур.
У сваім выступленні Юрый Дзеркач у прыватнасці адзначыў, што ў Віцебскай вобласці, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны, найбольшая колькасць грамадзян непрацаздольнага ўзросту.

Таму на Віцебшчыне ажыццяўляецца пілотны праект па забеспячэнні якаснага жыцця асоб пажылога ўзросту. Калі будуць дасягнуты добрыя вынікі па бяспецы жыццядзейнасці пажылых людзей, усебаковым іх развіцці, падтрымцы іх здароўя, іншых параметрах, гэты вопыт можна будзе выкарыстаць ва ўсёй рэспубліцы.

Начальнік упраўлення аховы здароўя вобласці пазнаёміў удзельнікаў круглага стала з дэмаграфічнай сітуацыяй на Віцебшчыне, адзначыў рост не толькі колькасці людзей пажылога ўзросту, але і дзяцей. Юрый Дзеркач падкрэсліў, што вялікую дапамогу галіне аховы здароўя вобласці аказвае дзяржава.
Запрошаныя на мерапрыемства расказалі пра дзейнасць ініцыятыўных груп пажылых людзей, маладых валанцёраў з пажылымі грамадзянамі, аб праблемах і перспектывах работы па даным напрамку.
Быў запрошаны да размовы і Сенненскі раён, як адзін з лепшых у рабоце з пажылымі людзьмі. Намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна расказала аб ініцыятыўных групах, якія працуюць над рэалізацыяй шэрагу праектаў. Напрыклад, у мінулым годзе ў раёне пачалася работа ў рамках сумеснага праекта Беларускага і Швейцарскага Чырвонага Крыжа па ўцягненні суполак у прасоўванне здаровага ладу жыцця. Зоя Сцяпанаўна расказала таксама аб дзейнасці створанага пры раённым выканаўчым камітэце каардынацыйнага савета па рабоце з пажылымі людзьмі, падзякавала Генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Віктара Калбанава і старшыню абласной арганізацыі БТЧК Галіну Жаланаву за пастаянную падтрымку ініцыятыўных груп Сенненшчыны, за ўвагу і станоўчую ацэнку іх работы.

У гэты ж дзень прайшоў круглы стол па пытаннях здаровага ладу жыцця ў аграгарадку Ходцы з удзелам прадстаўнікоў арганізацый і ўстаноў сельсавета, членаў ініцыятыўнай групы «Маладыя душой».
Пасяджэнне адкрыла старшыня раённай арганізацыі БТЧК Святлана Языкова. Старшыня Ходцаўскага сельвыканкама Вольга Шчарбакова азнаёміла прысутных з сацыяльна-дэмаграфічнай характарыстыкай сельсавета. Аб структуры захворваемасці насельніцтва і прычынах, якія ўздзейнічаюць на ўзнікненне неінфекцыйных захворванняў, расказала загадчыца Ходцаўскай урачэбнай амбулаторыі Галіна Волк.
Па пытанні ўзаемадзеяння прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, з ініцыятыўнай групай «Маладыя душой» выказаліся дырэктар Ходцаўскай школы Н.С.Наркевіч і член моладзевай палаты пры Сенненскім раённым Савеце дэпутатаў Аляксандра Мацюшава.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел каардынатар праекта Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК Т.А. Дробыш, каардынатар Швейцарскага Чырвонага Крыжа ў Беларусі Т.І. Гаплічнік, галоўны спецыяліст па рабоце з суполкамі БТЧК А.С. Калесніковіч.
Таццяна Буракова.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *