Глава Сенненского района: «Мне нравится Сенно!»

№1 Больш як паўгода Сенненскі раённы выканаўчы  ка­мітэт узначальвае Васіль Чараднік. Сваё першае інтэрв’ю напярэдадні Новага года кіраўнік раёна пагадзіўся даць «ГС«.

—  Васіль Анатольевіч, на сесіі раённага Савета дэпутатаў, дзе вас прадстаўляў старшыня аблвыканкама, іншыя афіцыйныя асобы, у ваш адрас прагучала шмат добрых слоў. Як бы вы самі адрэкамендаваліся сенненцам?

— Нечаканае пытанне… (пасля непрацяглага маўчання). Я — чалавек, які імкнецца рабіць сваю справу з поўным напружаннем сіл, арыентаваны на максімальны вынік. На якой бы пасадзе я не працаваў, заўжды помню — за мной калектыў, людзі. У даным выпадку — амаль 23 тыс. сенненцаў. І галоўная мая задача — павысіць узровень іх дабрабыту.

Мне хацелася б апраўдаць давер не толькі старшыні абл­выканкама, але і Прэзідэнта, які даў  згоду на маё прызначэнне.

— Вынік у любой справе залежыць не толькі ад кіраўніка. Якія патрабаванні прад’яўляюцца да людзей, што працуюць побач з вамі?

— Як я ўжо сказаў, перад сабой, а значыць і перад сваімі памочнікамі, стаўлю самыя высокія мэты. Пры іх дасягненні людзей маральна і матэрыяльна стымулюю. Упу­шчэнні, недапрацоўкі ў рабоце таксама не застаюцца па-за ўвагай. Аднак я ніколі не прымаю спантанных рашэнняў. Работа кожнага абмяркоўваецца адкрыта.

— Вы рэгулярна праводзіце асабісты прыём грамадзян, «прамыя тэлефонныя лініі».  З якімі праблемамі звяр­таюцца да старшыні райвыканкама?

— На прыёмах бывае даволі шмат людзей. З кожнай праблемай разбіраемся ўважліва, пры неабходнасці выязджаем на месца. Людзям трэба дапамагаць. Скажу больш, праблемы нельга замоўчваць, інакш яны ніколі не вырашацца. Скардзяцца і на кіраўнікоў арганізацый. У такіх выпадках лічу неабходным выслухаць абодва бакі канфлікта, лепш сабраўшы разам.

— А ў якіх калектывах, якіх арганізацыях паспелі пабываць?

— Фактычна — ва ўсіх. Сустрэчы з людзьмі дазваляюць многае зразумець, даюць інфармацыю для аналізу і роздуму. Як і час. Я люблю азірацца назад, аналізаваць зробленае, асабліва, калі нешта не атрымліваецца.

— Ваша ўяўленне пра раён праз паўгода моцна адрозніваецца ад таго, якое вы мелі да прызначэння?

— Яно фактычна не змянілася. Хіба што стала больш пазітыўным. Мне падабаецца Сянно, я б хацеў тут жыць пастаянна. У горадзе шмат моладзі, дзяцей. Вяскоўцы таксама мяне не расчаравалі. Калі б ажывіць, умацаваць вытворчы патэнцыял рэгіёна, мне здаецца, адток людзей прыпыніўся б, як мінімум, стаў бы меншым.

У той жа час, не буду хаваць, мяне здзіўляюць бацькі, якія арыентуюць з дзяцінства сваіх нашчадкаў на жыццё ў далёкім свеце. Потым, праўда, яны наракаюць, што ў сельгасарганізацыях няма каму працаваць, выказваюць прэтэнзіі да ўлад. Мой падыход такі — дзе нарадзіўся, там прыгадзіўся.

Больш актыўна, пачынаючы са школы, трэба працаваць з моладдзю кіраўнікам-аграрнікам, арыен­таваць яе на выбар сель­скагаспадарчых прафесій. У кожнай сельгасарганізацыі спецыялістамі, кіраўнікамі павінны працаваць мясцовыя ўраджэнцы. Гэта бяспройгрышны для абодвух бакоў варыянт. Так што будзем рыхтаваць для сябе кадры самастойна.

— Вы закранулі, мабыць, самую вострую, кадравую, праблему…

— І не толькі для Сенненскага раёна.

— Каб яе вырашыць, мала накіраваць маладога чалавека на вучобу. Як зрабіць, каб спецыяліст не з’ехаў, адпрацаваўшы ўстаноўлены тэрмін?

— У рабоце з людзьмі нельга дапускаць фармалізму. А тым больш у рабоце з маладымі кадрамі.

— З вамі працавалі нефармальна?

— І працавалі нефармальна, і вучылі, а галоўнае, калі ўключылі ў рэзерв кіруючых кадраў, папярэдзілі — хутка давядзецца заняць пасаду кіраўніка сельгасарганізацыі. Менавіта таму мяне не задаволіла, як была пастаўлена работа з рэзервам у Сенненскім РВК. Рэзерв ёсць — няма каго прызначаць кіраўніком. Маладых спецыялістаў трэба вучыць тэхналогіі, рабоце з людзь­мі: раніцай паставіў задачу, днём пракантраляваў, як працуе чалавек, вечарам праверыў, як выканана заданне. Тады спецыяліст бу­дзе расці і як тэхнолаг, і як арганізатар вытворчасці. Моладзі трэба даць магчымасць праявіць сябе, паказаць перспектыву кар’ернага росту. Калі кіраўнік пенсіянер не падрыхтаваў сабе замену, грош яму цана.

— Каго вы лічыце сваім настаўнікам? Чаму ў яго навучыліся?

— Маральныя, дзелавыя якасці чалавека, закладваюцца ў сям’і. Я, безумоўна, многім абавязаны бацькам. Як кіраўнік сфарміраваўся пад уплывам старшыні Бешанковіцкага райвыканкама Леаніда Пянькоўскага. Ён сам шмат працуе, практычна кожны дзень выязджае ў гаспадаркі, на фермы. Да кожнага чалавека ў яго свой падыход. Калі выяўляў промахі, памылкі, не ганьбіў, казаў: «Мне за цябе сорамна».

— Васіль Анатольевіч, услед за новай тэхнікай, новымі тэхналогіямі ў сельгасарганізацыях краіны пачаліся рэформы больш глыбокія. Яны закранаюць эканамічныя асновы вытворчасці.

— Так, гаспадаркі ўзбуй­няюцца не шляхам механічнага аб’яднання. Буйнатаварная вытворчасць мае сур’ёзныя перавагі над дробнай. На парадку дня стварэнне холдынгаў з ліку вытворцаў сыравіны і пераапрацоўшчыкаў, што дазволіць больш справядліва размяркоўваць прыбытак, павысіць прадукцыйнасць працы і, на гэтай аснове, праводзіць далейшую мадэрнізацыю вытворчасці.

Змяніўся прынцып размеркавання дзяржаўнай датацыі. Раней за аснову бралася плошча зямельных угоддзяў, цяпер — вытворчасць прадукцыі, у прыватнасці, малака. Больш прадаў — атрымаў большую падтрымку ад дзяржавы.

Але трэба і нам больш рупліва працаваць. Таму пад ураджай 2015 года ў грамадскіх сельгасарганізацыях раёна зернебабовымі культурамі, рапсам, кукурузай будзе занята 29 тыс. гектараў. Для параў­нання нагадаю, што ў 2014 годзе гэтымі культурамі было занята 25 тыс. гектараў. А быў час, калі на Сенненшчыне засявалі і больш за 30 тыс. гектараў. У наступным годзе земляробы раёна павінны сабраць не менш 70 тыс. тон збожжа ў бункернай вазе. Каб дасягнуць пастаўленай мэты, трэба атрымаць з кожнага гектара, як мінімум, 25 цн збожжа. І тады на гэтай аснове рэальна павысіць на 30-40 % вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі.

— Выбачайце, але як гэтага дасягнуць, калі сельгасарганізацыі не заўжды своечасова выплочваюць зарплату, не маюць сродкаў на рамонт тэхнікі…

— У раённым бюджэце на наступны год на падтрымку сельгаспрадпрыемстваў закладзены 1 млрд 100 млн рублёў. Мяркуецца, што яны будуць выкарыстаны ў першую чаргу на рамонт сельгастэхнікі ў пачатку года. Але атрымаюць грошы толькі тыя вытворцы сельгаспрадукцыі, якія змогуць вярнуць у адпаведнасці з графікам гэтыя і раней узятыя бю­джэтныя пазыкі.

Яшчэ адна магчымасць зарабіць сродкі на рамонт тэхнікі — рэалізацыя абласной праграмы «Чыстыя палі». Паліва, атрыманае сельгаспрад­прыемствамі ў выніку высечкі хмызняку, гатовы купіць камунальнікі.

Пры ўсім гэтым, галоўны рэзерв для стварэння фінансавай стабільнасці — нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці малака і мяса, павышэння якасці прадукцыі. Дарэчы, валавы надой, надой на карову, пачынаючы з верасня, стабільна раслі. Аб’ём малака гатунку «экстра» па выніках года дасягнуў 60 %, у 2013 го­дзе на яго долю прыходзілася 35%.

— У Сенненскім раёне пераважаюць сельскагаспадарчыя прад­прыемствы. Яны вызначаюць эканоміку раёна. У той жа час устаноўлены 24 паказчыкі, па якіх вызначаецца агульны ўзровень сацыяльна-экана­мічнага развіцця рэгіёна. Як яны выконваюцца?

— Па папярэдніх даных, даведзеныя аблвыканкамам параметры будуць выкананы па 10 паказчыках. Ёсць рост у параўнанні з папярэднім годам і па астатніх, за выключэннем выпуску інавацыйнай прадукцыі і прыцягнення замежных інвестыцый.

— Адбылася сесія раённага Савета дэпутатаў, на якой не толькі падведзены вынікі работы 2014 года. Вызначаны планы на 2015 год. Падрабязная інфармацыя аб гэтым з’явіцца на старонках газеты ў блі­жэйшых нумарах. Тым не менш папрашу вас коратка ахарактарызаваць бюджэт наступнага года.

— Як і летась, ён бу­дзе сацыяльна арыентаваным. Значныя сродкі будуць накіраваны не толькі на выплату зарплаты работнікам бюджэтнай сферы. Капітальныя ўкладанні накіроўваюцца ў медыцыну, ва ўстановы адукацыі, на добраўпарадкаванне райцэнтра і іншых населеных пунктаў. Я спадзяюся, што ў раён прыдуць грошы абласнога бюджэта. Асабліва ў 2016 годзе, калі ў Сянне мяркуецца правесці абласныя «Дажынкі».

Магу дакладна сказаць, што будзе працягвацца газіфікацыя ў Багушэўску. На багушэўскім перакрыжаванні дарогі М-8 распачнецца будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі. Завершыцца рэканструкцыя базы біятлона ў Сянне. Спадзяюся, што знойдуцца сродкі і на іншыя важныя для жыхароў раёна сацыяльна-эканамічныя аб’екты.

— Васіль Анатольевіч, гэта першае ваша інтэрв’ю для раённай газеты. Прапаную зра­біць вашы выступленні на старонках «ГС» рэгулярнымі.

— Згодны. А напярэдадні Новага года я хацеў бы пажадаць усім сенненцам здароўя, добрага настрою, упэўненасці ва ўласных сілах. Паверце, мы можам зрабіць вельмі многае, мы можам жыць лепш. Мы будзем жыць лепш. Дабрабыту ў вашы сем’і, узаемаразумення і павагі адзін да аднаго.

 

Гутарыў

Аляксандр ЛАЗЮК.

 

БЛІЦ-АПЫТАННЕ

— Ці бываеце вы на сустрэчах выпускнікоў у школе, ВНУ?

— Бываю. Але не так часта як хочацца.

— Калі апошні раз вы дарылі кветкі жонцы?

— На дзень нараджэння.

— Як часта тэлефануеце бацькам?

— Не кожны дзень, але не забываю пра гэта. А на Новы год ці ў першыя дні новага года абавязкова пабываю ў бацькоўскай хаце ўсёй сям’ёй.

— Які ўчынак вы не даруеце блізкаму чалавеку ніколі?

— Здраду…

— Калегу па працы?

— Абыякавасць.

— Вы Скарпіён па гараскопу. Якая рыса гэтага знака найбольш характэрная для вас.

— Мне цяжка забыцца на нанесеныя крыўды.