«ЗАРНІЦА» НА ЎСЕ ЧАСЫ

1+Усесаюзная піянерская ваенна-спартыўная гульня «Зарніца» ўпершыню адбылася ў 1967 годзе. У савецкія часы яна была часткай абавязковай пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў сярэдніх навучальных установах.

Сучасная «Зарніца», безумоўна, адрозніваецца ад свайго савецкага прататыпу. Зменшылася ваенная накіраванасць, прыярытэт змясціўся ў бок спартыўнага складніку. Аднак асноўная мэта гульні засталася ранейшай — выхаванне здаровай і патрыятычнай моладзі.
Сёлетняя «Зарніца», што традыцыйна праходзіць у маі на Сенненшчыне, прысвячалася 70-годдзю Вялікай Перамогі. Удзел у спартыўным спаборніцтве прыняло 13 каманд з устаноў адукацыі раёна.
Старт гульне быў дадзены на прышкольнай пляцоўцы СШ №1 г.Сянно, дзе ўдзельнікаў і балельшчыкаў павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Пад гукі духавога аркестра раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пад кіраўніцтвам К. Асіповіча каманды згуртавана накіраваліся да месца непасрэднага правядзення гульні — у Парк 40-годдзя Перамогі. Незвычайнае шэсце прыцягвала ўвагу прахожых і кіроўцаў, якія радасна віталі яго на ўсім шляху.
«Зарніца» ўключала некалькі этапаў. Каманды спаборнічалі і дэманстравалі навыкі і веды ў конкурсах мастацкай самадзейнасці «Песня ў нашым жыцці», баявых лісткоў, аглядзе строю і песні, інтэлектуальнай гульні. Належным чынам праявілі сябе школьнікі ў марш-кідку, падчас праходжання якога падлеткам патрабавалася транспартаваць пацярпелага, страляць з пнеўматычнай вінтоўкі, перапраўляцца па бервяне, праходзіць «мышалоўку», «змейку», «купіны», кідаць гранаты. Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты паказалі добрую медыка-санітарную падрыхтоўку.
На гэты раз акцыю «Дзякуй за жыццё» арганізатары гульні — аддзелы адукацыі, спорту і турызму, а таксама ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА «БРСМ» — прысвяцілі 70-годдзю Перамогі. На спецыяльным стэндзе падлеткі малявалі свае далоні і размяшчалі на іх пажаданні ветэранам.
Кожны этап меў сваіх лідараў. Аднак у агульнакамандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: 3-е месца ў каманды «Прарыў» Беліцкай школы, 2-е заняў «Патрыёт» СШ №2 г.Сянно. Перамогу заваявалі юнакі і дзяўчаты з каманды «Спарта» Раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі і дыпломамі. А сюрпрызам для ўдзельнікаў стаў салодкі «сухі паёк».
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *