НЕ ЗАБЫВАЙЦЕ, ЛЮДЗІ, ПРА ЗЯМЛЮ

1+Заклікалі ўдзельнікі ІІІ раённага экалагічнага фестывалю «Моладзь за захаванне роднага краю», які прайшоў на базе Сенненскай сярэдняй школы №1.

У рабоце экафестывалю прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Аніськовіч. Традыцыйна ў сенненскім экалагічным форуме ўдзельнічаў валанцёрскі атрад «Разам» пярвічнай арганізацыі БРСМ установы адукацыі «Віцебская ордэна «Знак пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны».
У намінацыі «Жывому жыць» удзельнікі конкурснай праграмы мерапрыемства прадстаўлялі выкананне песні на экалагічную тэматыку, фларыстычны тэатр моды (калекцыі адзення з другаснай сыравіны (пластыку, паперы, поліэтылену і іншых)) альбо тэатралізаваную пастаноўку. У другой намінацыі фестывалю прайшла абарона матэрыялаў аб рабоце ў рамках завочных намінацый «Упрыгожым родную Сенненшчыну», «Робім дабро на ўсёй Зямлі», «Прырода — бясцэнны дар, адзін на ўсіх». Прайшла інтэлектуальная гульня «Прырода. Мы. Экалогія». Юныя эколагі працавалі на добраўпарадкаванні ўчасткаў: у прыбярэжнай зоне возера Сенненскае і на вуліцы Перамогі г.Сянно.
… Любы сэрцу кожнага сенненца, наш край валодае асаблівай прыцягальнай сілай, выпраменьвае дабрыню, утульнасць, спакой. Да сваёй радзімы прыкіпаеш душой і сэрцам. Такімі словамі пачалася першая намінацыя экафестывалю.
Адкрыла конкурсную праграму каманда СШ №1 г.Сянно, удзельнікі якой упэўнена сцвярджалі: прырода — гэта наш дом. Што такое экалогія, якія шкодныя фактары ўздзейнічаюць на яе, што людзі могуць зрабіць для захавання навакольнага асяроддзя? Гэтыя і іншыя пытанні задавалі юныя эколагі і самі ж на іх адказвалі. Асаблівую выразнасць выступленню надавалі інсцэніроўкі на тэмы вядомых тэлеперадач «У свеце жывёл» і «Відавочнае-неверагоднае».
Удзельнікі з Какоўчынскай ДССШ прадставілі калекцыю адзення «Добры настрой». Лёгкія, светлыя колеры, у якіх былі выкананы мадэлі, сапраўды стварылі добры настрой у зале. Аб прыгажосці роднага краю, аб адносінах чалавека да навакольнага свету спявала ўдзельніца каманды Ходцаўскай школы Наталля Ермашкевіч, якая вынесла на суд журы і гледачоў песню «Прыроды чысты храм».
Наша прырода мае патрэбу ў ахове і клопаце з боку чалавека, і хто, калі не мы, паклапоціцца пра яе, упэўнена Юлія Казіева з Яноўскай школы, якая прачытала твор Янкі Сіпакова «Родны край».
«Мода з адходаў», так назвалі калекцыю адзення канкурсанты з Беліцкай ДССШ, якія суправаджалі паказ гумарыстычным каментарыем. Удзельнікі агітбрыгады сярэдняй школы №2 г.Сянно ў сваім выступленні-закліку прадставілі праграму «Экалагічны дэсант». У тэатралізаванай пастаноўцы «Экалогія і я» каманда Багушэўскай сярэдняй школы №2 падзялілася сваімі марамі аб прыгожай зямлі, аб сяброўстве чалавека і прыроды.
«Маці-Зямля» — так называлася песня, якую шчыра і пранікнёна выканала Ганна Васілёнак з Багданаўскай школы. Узнагародай ёй былі не толькі высокія ацэнкі журы, але і дружныя авацыі залы. «Заслужыла ты шчаслівы лёс», — такімі словамі песні звярталася да маці-зямлі прадстаўніца Машканскай школы Вікторыя Стук. Сама за сябе гаварыла назва песні «Прырода — наш сябар», якую выканалі Уладзіслава Грыбава, Вікторыя Шапрунова і Яніна Яскіна з Багушэўскай СШ №1.
Мы можам захаваць наш свет, абвясцілі са сцэны фестывалю ўдзельнікі з Машчонскай школы, прадстаўляючы сваю тэатралізаваную пастаноўку «Зямля жывая». Багатую і разнастайную калекцыю з аднайменнай назвай намінацыі «Жывому жыць» паказаў тэатр моды «Школьны калейдаскоп» Сенненскай школы-інтэрната. У вырабе мадэляў былі выкарыстаны поліэтылен, упаковачная сетка, пакеты для смецця, леска, спант-бонд, аднаразовыя шклянкі… Не меншай разнастайнасцю адрозніваліся і назвы касцюмаў («Кветкавая каралева», «Ягадка», «Сярэбраная рыбка» і іншыя). Паспрабуйце зрабіць лепш, прырода вам скажа «дзякуй», такімі словамі пад гучныя апладысменты гледачоў скончыўся гэты паказ.
«Няхай будзе свет цудоўным», — пажадала прысутным і ўсім людзям у песні з такой жа назвай Ірына Старавойтава са Студзёнкаўскай школы. Завяршыла конкурсную праграму намінацыі «Жывому жыць» прадстаўніца СШ №1 г.Сянно Марыя Шыбека. Благаславеннай будзь зямля маіх бацькоў, гэтыя словы гучалі ў песні, якую выканала апошняя канкурсантка.
Сюрпрызам для ўдзельнікаў фестывалю стаў прыезд на раённы экафорум вядомага беларускага спявака Сашы Нэма, які збіраўся прыняць удзел у работах па добраўпарадкаванні, прадугледжаных у праграме мерапрыемства, і заклікаў прысутных любіць працу і берагчы родную прыроду.
У другой намінацыі фестывалю юныя эколагі расказалі аб рабоце, якую праводзілі ў сваіх навучальных установах і мясцовасці, дзе пражываюць. Яна была прысвечана 70-годдзю Перамогі. Пра гэта гаварылі самі назвы праектаў: «Фарбы Перамогі», «Кветкі жыцця» (СШ №1 г.Сянно), «Памяць сэрца» (Багушэўская СШ №2), «Салют Перамогі» (Багданаўская ДССШ), «Памяць Перамогі» (Машканская ДССШ), «Кветкі Перамогі» (Яноўская СШ) і іншыя.
Вынікі конкурснай праграмы экалагічнага фестывалю былі аб’яўлены на лінейцы, якая адбылася ў парку 40-годдзя Перамогі. Першае месца ў конкурснай праграме экафоруму заняла Сенненская сярэдняя школа №1.
Таццяна Буракова.
Фота аўтара.