ДЗЯЎЧЫНКА БУДЗЕ НАСТУПНАЙ

0У Сенненскім аддзеле ЗАГС прайшла ўрачыстая рэгістрацыя нараджэння. Сям’ю жыхароў райцэнтра Віктара і Анжэлы Бараноўскіх віншавалі са з’яўленнем трэцяга дзіцяці.

Тата нованароджанага працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях намеснікам начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце, мама — у цэху «Сенненскі» Аршанскага малочнага камбіната лабарантам хімводаачысткі. У Захара, так бацькі назвалі немаўляці, ёсць старэйшыя браты: дванаццацігадовы Ягор, вучань Сенненскай СШ №2 і шасцігадовы Назар, выхаванец дзіцячага сада №1 г.Сянно.
Бацькі хлопчыкаў, карэнныя сенненцы, ведаюць адно аднаго з дзяцінства, іх сем’і жылі па суседстве. Стварыўшы ўласную сям’ю, Віктар і Анжэла спачатку хацелі мець дваіх дзяцей. Калі гэта мара здзейснілася, вырашылі, што патрэбна яшчэ і дзяўчынка — памочніца матулі. Але зноў нарадзіўся хлопчык. Напэўна, гэта Божы знак — ёсць да чаго імкнуцца далей.
У сям’і, дзе маці і бацька не дзеляць абавязкі на жаночыя і мужчынскія, дзяцей выхоўваць лягчэй, таму шчаслівыя бацькі не баяцца ніякіх выпрабаванняў. «У нас ёсць дачны ўчастак, а значыць у любым выпадку не прападзём», — напаўжартам гавораць Бараноўскія. У адрозненне ад многіх маладых сямей яны з самага пачатку сумеснага жыцця стараюцца самастойна вырашаць свае праблемы. Вядома, сваякі дапамагаюць з доглядам дзяцей, напрыклад, калі трэба кудысьці адлучыцца па важнай справе. Цяпер маці, канечне, будзе займацца ў асноўным малодшым, клопаты пра старэйшых возьме на сябе бацька.
Сужэнцы Бараноўскія вырашылі стаць мнанагадзетнай сям’ёй зусім не з меркантыльных меркаванняў. Аднак дапамога дзяржавы будзе не лішняй. Нараджэнне дзіцяці — гэта падзея не толькі ў маштабе асобнай сям’і, гэта падзея дзяржаўнага маштабу. Новы грамадзянін краіны — чалавек, якому ствараць яе будучыню. Таму наша дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу дэмаграфічнай сітуацыі, прымае шэраг мер па паляпшэнні становішча сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці. Дапамогі па нараджэнні другога і трэцяга дзіця ў сям’і цяпер складаюць 40% ад сярэднямесячнай заработнай платы па краіне. З 1 студзеня 2014 года маці, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, мае права на атрыманне дадатковай дапамогі, калі ў сям’і ёсць яшчэ дзеці. З 1 студзеня бягучага года пасля нараджэння трэцяга і наступных дзяцей сям’я мае права на мацярынскі капітал у суме 15 мільёнаў рублёў.
Пра гэта гаварыла начальнік аддзела ЗАГС Вольга Мялешка ў час урачыстай рэгістрацыі. Дарэчы, расказала Вольга Васільеўна і пра імя, якое далі хлопчыку бацькі. Захар азначае «ўспамянуты Госпадам». Уладальнікі гэтага імя звычайна людзі дабрадушныя, уступчывыя, уважлівыя і клапатлівыя ў адносінах да блізкіх. Яны не ведаюць, што такое карыслівасць, спагадлівыя, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу.
У час цырымоніі рэгістрацыі бацькі Захара атрымалі першы яго афіцыйны дакумент — пасведчанне аб нараджэнні.
Павіншаваць калегу ў ЗАГС прыйшлі супрацоўнікі РАНС на чале з кіраўніком аддзела Аляксеем Грынжэўскім. Бацька шасцярых дзяцей, ён не па чутках ведае, якая гэта радасць — мнагадзетная сям’я.
Як паведаміла Вольга Мялешка, сёлета ў ЗАГСе зарэгістравана нараджэнне яшчэ двух малышоў, якія з’яўляюцца трэцімі дзецьмі ў сем’ях жыхароў г.Сянно і аг.Літусава.
Таццяна Буракова.
На здымку: урачыстая рэгістрацыя нараджэння трэцяга дзіцяці ў сям’і Віктара і Анжэлы Бараноўскіх.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *