ПРА БЯСПЕКУ ПАЗНАВАЛЬНА І ВЕСЕЛА

+Сапраўднае свята падрыхтавалі для юных сенненцаў супрацоўнікі рэдакцыі часопіса «Юны выратавальнік» і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

На сустрэчу з журналістамі ў актавай зале сярэдняй школы №2 райцэнтра сабраліся вучні 5-7 класаў абедзвюх гарадскіх устаноў адукацыі. Многія з іх з’яўляюцца падпісчыкамі дзіцячага выдання.
Падчас мерапрыемства прадстаўнік друкаванага органа Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных Святлана Ламавая правяла для юных чытачоў забаўляльна-навучальнае мерапрыемства па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і з задавальненнем атрымлівалі ад гасцей падарункі і сувеніры.
Асобны прыз уручылі вучаніцы 7 «А» класа Сенненскай другой школы Анастасіі Несцяронак. Дзяўчынка прыняла ўдзел у конкурсе малюнкаў і стала яго пераможцай. Сімвал часопіса — зайчаня Філька — уручыў нашай таленавітай зямлячцы дыплом і падарункі. Падтрымаць Насцю ў гэты дзень прыйшлі яе родныя — бацька і брат. Дарэчы, Насцін тата да прафесіі выратавальніка мае непасрэднае дачыненне. Іван Несцяронак з’яўляецца начальнікам каравула РАНС. А таму перамога дачкі для яго асабліва прыемная.

++Дзіцячае свята працягнулася на вуліцы. Экіпаж Сенненскага РАНС у складзе начальніка каравула Ільі Сачнёва, камандзіра аддзялення Арцёма Дзегалевіча і вадзіцеля Уладзіміра Дзегалевіча арганізаваў на тэрыторыі навучальнай установы цэлае шоу з дэманстрацыяй пажарнай тэхнікі і аварыйна-выратавальнага інструмента. Жадаючыя змаглі прымерыць элементы спецыяльнага абмундзіравання выратавальнікаў, патушыць узгаранне і, нават, «пацягацца сіламі» з аўтамабілем спецпрызначэння.
Але галоўнае, упэўнены арганізатары сустрэчы, пасродкам гульні і падобных відовішчных мерапрыемстваў дзеці змогуць лепш засвоіць асноўныя правілы бяспекі і тым самым захаваць сваё здароўе і жыццё.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымках: школьнікі (другая злева А.Несцяронак) з зайчанём Фількам і інспектарам інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Філіпам Дабравольскім; супрацоўнікі РАНС дапамагаюць аднаму з падлеткаў надзець дыхальны апарат.