СЯРОД ЛАЎРЭАТАЎ — ЯЎГЕН КАЎШОЎ

2У канцэртнай зале «Віцебск» абласнога цэнтра прайшла цырымонія ўшанавання лепшых працаўнікоў вобласці. Згодна з рашэннем аблвыканкама званне «Чалавек года Віцебшчыны» прысуджана ста лепшым прадстаўнікам розных сфер дзейнасці з усіх рэгіёнаў Прыдзвінскага краю. Сенненшчыну прадстаўляў Яўген Каўшоў, урач агульнай практыкі (загадчык) Яноўскай участковай бальніцы ўстановы аховы здароўя «Сенненская раённая цэнтральная бальніца».

Вітаючы лаўрэатаў, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў падкрэсліў: «Гэта людзі, якія сваімі дасягненнямі, стваральнай працай, актыўнай дзяржаўнай пазіцыяй, асабістымі якасцямі заслужылі павагу і прызнанне ў сваіх калектывах».
Сярод заслуг Яўгена Каўшова, які стаў намінантам у сферы медыцыны, дасягненні ў дэмаграфіі: зніжэнне захворванняў і смяротнасці сярод жыхароў аграгарадка Янова і бліжэйшых вёсак, якім медыцынскія паслугі аказваюць спецыялісты Яноўскай участковай бальніцы. Праўда, сам Яўген Каўшоў лічыць, яго працоўная перамога — гэта поспех усяго калектыву.
На цырымоніі ўшанавання лепшых працаўнікоў вобласці прысутнічалі не толькі лаўрэаты звання. У групу падтрымкі намінанта на званне «Чалавек года Віцебшчыны» ад Сенненскага раёна ўваходзіла 11 чалавек, у тым ліку кіраўнікі раёна Васіль Чараднік і Міхаіл Вілюга. Члены дэлегацыі мелі магчымасць пазнаёміцца з выстаўкай, на якой былі прадстаўлены лепшыя тавары прадпрыемстваў вобласці, пабываць на святочным канцэрце. Дарэчы, удзел у ім прымалі лепшыя творчыя калектывы вобласці, папулярныя беларускія артысты. У прыватнасці, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, сямейныя карані якога бяруць пачатак у вёсцы Баравікі.
Прэмія «Чалавек года Віцебшчыны» заснавана сем гадоў таму. Да яе дадаецца пасведчанне і нагрудны знак. Па сутнасці, прэмія — гэта вышэйшая абласная ўзнагарода. Атрымаць яе прэстыжна не толькі для лаўрэата, але і для калектыву, які ён прадстаўляе.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКУ: Яўген Каўшоў атрымлівае пасведчанне аб уручэнні прэміі «Чалавек года Віцебшчыны» з рук старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва.