Людзі і неандэртальцы

­Бытавое насілле павяліч­­вае колькасць нядобранадзейных сем’яў, прыводзіць да разводаў, пазбаўлення бацькоўскіх правоў, росту дзіцячай злачыннасці, суіцыдаў, забойстваў… Пра гэта многа гаворыцца і пішацца. Толькі самі пацярпелыя часцей за ўсё маўчаць.

 Высветліць, якая атмасфера ў тых ці іншых сем’ях, можна наведваючы іх. Менавіта з гэтай мэтай супрацоўнікі РАУС, райвыканкама і рэдакцыі накіраваліся ў чарговы рэйд. Шлях ляжаў у Нямойтаўскі сельсавет.

 Пакуль машына імчала ў вызначаным накірунку, Наталля Рыбчанка, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, і інспектарРАУС па справах непаўналетніх Юрый Пракапенка праглядалі паперы і па ходу расказвалі пра тыя сем’і, да якіх  сёння мелі намер завітаць. У Нямойце да нас далучыўся старшыня сельскага Савета Анатоль Бараноўскі. Каму як не яму ведаць сітуацыю.

 Перад тым, як зайсці ў хату, Наталля Рыбчанка ў некалькіх словах характарызавала кантынгент: «Былі на ўліку як сацыяльна небяспечная сям’я. Выправіліся. Выхоўваюць трох дзяцей».

 На парозе сустракае гаспадыня. Яна занятая на кухні. Муж спіць пасля начной змены — працуе пастухом. Побач дзеці, чыстыя, акуратна апранутыя.

 Пытанняў да жанчыны не шмат: «Ці ўсё купілі дашколы?», «Ці патрэбна якая дапамога?»…

 А вось з Ірынай Ш. гаварыць прыходзіцца даволі сур’ёзна. Такія работнікі, як гэта жанчына, — галаўны боль арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Яны — абавязаныя асобы. І штомесяц павінны выплачваць грошы на дзяцей, клопаты аб якіх  узяла на сябе дзяржава. Прымусіць іх гэта рабіць часам бывае складана. Пастаянныя прагулы, п’янства… Выгнаць бы такога работніка… Ды толькі як ім выплачваць доўг, які часам дасягае 50 мільёнаў беларускіх рублёў!!! Ірына на сёння павінна дзяржаве 26 мільёнаў. Пасля таго, як яна не выйшла некалькі дзён на работу (працавала даяркай у Пурплеве), за групайкароў замацавалі іншую жанчыну, і тая засталася без работы.

 Дом, у якім жыве Ірына Ш. разам з маці і двума братамі, больш падобны на хлеў. Чорныя бярвенні, якія напалову ў зямлі, вокны без шыб… Зразумела, што ў хаце няма і святла, яго даўно адключылі за няплату.

 Ежу сям’я Ш. рыхтуе на вогнішчы, якое распальвае ў хлеўчуку.  Добры вецер — і «кухня» зложыцца, як кардонны домік (на здымках №№1, 3). Толькі гэта гаспадароў і гасцей не хвалюе. Калі рэйдавая група зайшла да Ірыны Ш., жанчына бавіла час з кавалерам.

  У Ілоны Л. ля дома можна ногі зламаць: каробкі, тазікі, стары халадзільнік… (на здымку №2).

— Колькі памятаю гэтую сям’ю, нічога не мяняецца. Жыць у такіх умовах для Ілоны  норма, — расказвае Наталля Рыбчанка.

 Сёння гэтая сям’я пад пільным наглядам. Калі сітуацыя зменіцца ў горшы бок, дзяцей прый­дзец­ца забраць у сацыяльны прытулак, пакуль мама не возьмецца за розум.

 Завіталі ў госці яшчэ ў некалькі сям,яў. Дзякуй богу, усе бацькі былі цвярозымі, у хатах больш-менш прыбрана, меліся прадукты харчавання.

 Як паказвае практыка, часцей за ўсё насілле адбываецца ў тых сем’ях, дзе злоўжываюць спірт­нымі напоямі. Пытанне пра выпіўку члены рэйдазадавалі ў кожным доме. Толькі часам адказ і не быў патрэбны. Дастаткова паглядзець на твар субяседніка, на парадак у хаце, заглянуць пад стол, дзе звычайна  састаўляюцца пустыя бутэлькі, — і ўсё станавілася зразумелым.

 Па выніках даследаванняў, што праводзіла Су­светная арганізацыя аховы здароўя,  сямейнаму прыгнёту падвяргаецца кожная 6-я жанчына. Маўчаць ці паскардзіцца на мужа-злодзея? Многія выбіраюць першы варыянт.  Толькі да чаго гэта прывядзе, невядома. У нашай краіне штогод падчас сямейна-бытавых скандалаў адбываецца каля 150 забойстваў.

 Кацярына КАРПОВІЧ.