Модный тюбинг может быть очень опасен

Нашы землякі ў палоне новай забавы — катаюцца на цюбінгу. Нягледзячы на  траўманебяспечнасць  ён працягвае набіраць папулярнасць у моладзевай і дзіцячай аўдыторыі. У Парку 40-годдзя Перамогі нярэдка можна ўбачыць, як бацькі катаюць у надзіманай круглай камеры дашкольнікаў!

 Што думаюць пра новы від актыўнага адпачынку спецыялісты РАНС, мы пацікавіліся ў начальніка аддзела Паўла Нядзвецкага.

 — У сувязі з тым, што цюбінг, безумоўна, адносіцца да патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў, яго карыстальнікам трэба абавязкова выкарыстоўваць сродкі аховы, — лічыць ён.

 У першаю чаргу пры катанні з горкі рэкамендуецца абараняць галаву, калені, запясці, копчык. Для гэтага ёсць спецыяльныя сродкі: шлемы, накаленнікі, спецыяльныя шорты, пальчаткі. Іх можна набыць у спецыялізаваных магазінах. Хочацца спадзявацца, што на попыт рынку адрэагуе і наша райспажыўтаварыства.

 На думку Паўла Нядзвецкага рэкамендацыі выкарыстоўваць пры катанні на цюбінгу тыя ж сродкі засцярогі, што і пры катанні на горных лыжах, сноўбордзе, як найлепш сведчаць аб патэнцыяльнай траўманебяспечнасці цюбінгаў.

 Таму аматарам новай зімовай забавы варта ведаць і выконваць правілы бяспекі:

— перш, чым сесці ў цюбінг, праверце яго цэласнасць(дна, швоў, ручак);

— з’язджайце па пакатых схілах, пры адсутнасці на іх ці паблізу, дрэў, агароджы, іншых перашкод і наяўнасці ў канцы спуску дастатковай адлегласці для тармажэння;

 — спуск дазваляецца пачынаць толькі пры адсутнасці ў зоне катання іншых людзей;

— адначасовае выкарыстанне на схіле цюбінга і санак, снегакатаў, лыж можа прывесці да траўм, пашкоджання цюбінга;

 — катацца на цюбінгу можна толькі седзячы;

 — садзіцца ў цюбінг некалькім чалавекам не рэкамендуецца;

 — забараняецца прывязваць цюбінг да транспартных сродкаў.

  Савет Міністраў прыняў спецыяльны дакумент, у якім выкладзены патрабаванні да некаторых Міністэрстваў і мясцовых органаў улады ў сувязі з актыўным выкарыстаннем насельніцтвам цюбінгаў. У прыватнасці, рэагуючы на пастанову, зыходзячы з Закона “Аб абароне спажыўцоў”, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, нагадала гандлёвым арганізацыям аб іх абавязках. Прадавец павінен інфармаваць спажыўца аб тых сродках і прыёмах, якія гарантуюць бяспечнае выкарыстанне цюбінгаў. А мясцовыя распарадчыя і  выканаўчыя органы ўлады абавязаны вызначыць месца і пляцоўку для катання на цюбінгах — а галоўнае прыняць меры, якія выключылі эксплуатацыю цюбінгаў па за іх межамі.

 Па словах начальніка сектара спорту і турызму райвыканкама Аляксандра Гарбачова, на Сінаях такі схіл знойдзены. Летам на ім будуць праведзены неабходныя работы для падрыхтоўкі спецыяльнай трасы. А пакуль што ў забароненых месцах нацягнуты засцерагальныя ленты, вядзецца кантроль за бяспечным карыстаннем цюбінгам, растлумачальная работа з яго аматарамі, каб не дапусціць траўміравання.

 Наш кар.