Дэмаграфічныя тэндэнцыі на Сенненшчыне абнадзейваюць

_1_~1 Дэмаграфічная сітуацыя на Сенненшчыне ў апошнія гады некалькі стабілізавалася, і ўсё ж застаецца напружанай. На пачатак 2014 года ў раёне пражывала 23 133 чалавекі, на 1 кастрычніка, па разліках — 22 893.

                Аб дэмаграфічных тэндэнцыях мы гутарым з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандрам ДОСАВЫМ.

— Аляксандр Леанідавіч, дэмаграфія мае некалькі складнікаў, галоўны з якіх суадносіны нараджальнасці і смяротнасці…

— На Сенненшчыне  за 9 месяцаў 2014 года нарадзілася 165 дзяцей. Летась за такі ж перыяд на свет з’явілася 180 немаўлят: у Багушэўску, Сянне — 78, сельскай мясцовасці —87. У той жа час каэфіцыент нараджальнасці ў нашым раёне вышэйшы, чым у цэлым па вобласці, і складае 7,2 на 1000 чалавек.

За аналізуемы перыяд у раёне памерла 355 чалавек (238 вяскоўцаў, 117 гараджан), што на 14% менш, чым у студзені—верасні 2013 года. Выклікае заклапочанасць два факты смерці дзяцей ва ўзросце да 1 года. Яшчэ столькі ж асоб памерла недасягнуўшы працаздольнага ўзросту. Значную колькасць (63) сярод памерлых складаюць людзі працаздольнага ўзросту.

— Ад якіх хвароб паміраюць сенненцы?

— Згодна са статыстычнымі данымі 167 чалавек сёлета памерлі ад хвароб сістэмы кровазвароту, на другім месцы па частаце — новаўтварэнні. На трэцім — хваробы органаў дыхання, і іх колькасць сёлета вырасла ў параўнанні з 2013 годам.

— Што сведчыць статыстыка аб, так званых, знешніх прычынах смяротнасці?

— У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года колькасць смярцей па гэтай прычыне зменшылася. Я б нават сказаў — прыкметна, бо складае 65,8%. Але калі назваць абсалютную лічбу, то яна выглядае не маленькай — 25 чалавек. Менш стала забойстваў, самазабойстваў, выпадковых атручэнняў алкаголем, зафіксаваны толькі адзін выпадак гібелі ў дарожна-транспартных здарэннях. У той час як летась у ДТЗ загінула 6 чалавек. Хочацца спадзявацца, што нашы землякі сталі больш цаніць уласнае жыццё і жыццё іншых людзей.

— Такім чынам мож­на канстатаваць, што смяротнасць сярод сенненцаў змяншаецца, аднак яшчэ аперажае нараджальнасць…

— Так.

— Ці можна спадзявацца на натуральны прырост насельніцтва ў Сенненскім раёне ў блі­жэйшыя гады?

— Мне цяжка адказаць на пастаўленае пытанне. З аднаго боку, у апошнія гады павялічваецца колькасць шлюбаў — сёлета амаль на 10%. З іншага, сем’яў, што распалі­ся, у параўнанні з 2013 годам стала больш.

— Падзеі ва Украіне прымусілі многіх яе жыхароў шукаць прыстанішча ў суседніх краінах. Ёсць вымушаныя перасяленні і ў нашым раёне. Чым сёлета вылучаюцца міграцыйныя працэсы на Сенненшчыне?

— У раён з пачатку года пераехала 532 чалавекі. У іх ліку — і грамадзяне Украіны, пакінулі — 582. Апошняя лічба меншая, чым за студзень—верасень 2013 года на 0,7%.  У выніку маем міграцыйнае змяншэнне на 50 чалавек.

— Аляксандр Леа­ні­­давіч, прагноз, як вядома, справа няўдзячная. Тым не менш, спытаю, якой вам бачыцца дэмаграфічная сітуацыя ў раёне ў бліжэйшыя гады?

— Я — не сацыёлаг. Але, калі вы настойваеце, скажу — мне здаецца яна будзе развівацца ў рэчы­шчы агульнадзяржаўных тэндэнцый. А тыя захады, што прыняты ў Беларусі па стымуляцыі нараджальнасці, па маральнай і матэрыяльнай падтрымцы сямей, у рэшце рэшт прынясуць станоўчы вынік.

Гутарыў

Аляксандр ІЎЕЎ.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *