Агроусадьбы Сенненщины готовы встретить гостей на Новый год
Да навагодніх і калядных святаў рыхтуюцца і сенненскія аграсядзібы. Іх у нашым раёне зарэгістравана 18. Карэспандэнт «ГС» высветліла, у якую суму абыйдзецца такое задавальненне, і чым будуць здзіўляць турыстаў гаспадары аграсядзіб.
Напачатку варта адзначыць, што гэты від турыстычнага адпачынку дастаткова запатрабаваны.
Сядзіба «Ля Лукамор’я» прапісана ў аграгарадку Машканы. Для камфортнага адпачынку, карпаратыўнага застолля ці сустрэчы Новага года вялікай кампаніяй прапануюцца зручны катэдж для пражывання, паслугі лазні і саўны. На прыродзе можна здорава правесці час, у тым ліку парыбачыць на возеры. Кожны дамок мае сантэхнічнае абсталяванне, уласную кухню, абсталяваную халадзільнікам з маразільнай камерай, электраплітой, мікрахвалёвай печчу і камплектам посуду. Ва ўсіх гасцёўнях і спальных пакоях усталяваны вадкакрышталічныя тэлевізары з наборам спадарожнікавых каналаў.
Самы танны Новы год — яго адсутнасць. Аднак, калі душа патрабуе свята, галоўнае, каб кашалёк не трэснуў ад цэн. Так, у «Ля Лукамор’я» 31 снежня збіраецца прыехаць кампанія з трыццаці чалавек. Суткі на аднаго каштуюць 30$. Аднак гэта цана ў святочныя дні. У будні на кампанію з дзесяці чалавек прыйдзецца 100$, у выхадныя — 200$.
А вось у сельскай сядзібе СФГ «Лапеха», што размешчана ў вёсцы Свабоднае недалёка ад райцэнтра, на свята чакаюць гасцей з Бешанковіч. Кампанія з 12 чалавек за арэндаванне катэджа на Новы год аддасць 500$. Па словах гаспадара сядзібы Мікалая Лапехі, для наведвальнікаў створаны ўсе ўмовы выдатнага адпачынку: драўляны двухпавярховы дом з лазняй і, нават, міні-басейнам. Можна прыгатаваць шашлык, юшку. У несвяточныя дні цэны, як высветлілася, «не кусаюцца». Аграсядзіба можа размясціць у сабе каля 20 чалавек, для кожнага дзень такога адпачынку будзе каштаваць крыху больш за сто тысяч рублёў.
Той, хто планаваў адзначыць навагоднія святы ў аграсядзібе, пастараўся забраніраваць яе загадзя, за месяц, а то і раней. І нягледзячы на павышэнне кошту арэнды, большасць аграсядзіб у святочныя дні пуставаць не будуць.
Ірына ХАСАНАВА.
P.S. Інфармацыя пра паслугі іншых аграсядзіб размешчана на сайце Сенненскага райвыканкама.