Лепш бы ты, бусел, не прылятаў… Рэйдавая група ў складзе метадыстаў аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама, інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Сенненскага РАУС і супрацоўніка рэдакцыі раённай газеты наведалася ў неблаганадзейныя сем’і.

  ГС      Маладосць схільная да рамантызму і максімалізму і на парозе дарослага жыццёвага шляху многім здаецца, што ісці па ім будзе лёгка і бесклапотна. У тую цудоўную пару думаецца: у мяне ўсё будзе лепш за ўсіх.

На самой справе жыццё патрабуе вялікай адказнасці, асэнсаванасці свайго месца ў ім. Калі ўсё гэта ўласціва чалавеку, тады, мабыць, нейкая частка яго мар збудзецца.

Але некаторыя пускаюцца ў жыццё нібы па інерцыі, шукаючы толькі забаў, зручнасцей і лёгкасці існавання. Ніяк інакш, як жыць для сябе, сваё месца сярод людзей яны не ўяўляюць. Пакуль чалавек адзін, пакуль не стварыў сям’ю, такі лад існавання для тых, хто лічыць яго правільным, дапушчальны. Але ён становіцца недапушчальным, асабліва для жанчын, калі на свет з’яўляюцца дзеці.

Некалькі такіх гора-маці наведала рэйдавая група ў складзе метадыстаў аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Ганны Шыбека і Ганны Несцяронак, старшага ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Сенненскага РАУС Вольгі Хацько і супрацоўніка рэдакцыі раённай газеты.

У першай сям’і, дзе пабывалі правяраючыя, двое дзяцей 2000 і 2009 гадоў нараджэння. Маці выхоўвае дзяўчынак адна. Разам з дачкой і ўнучкамі жыве бабуля, якая дапамагае «з пенсіі». І ўсё б нічога (хаця ў матэрыяльным плане цяжкавата, канешне), каб не зазіралі дарослыя жанчыны гэтага сямейства ў чарку.

У мінулым месяцы маці двойчы (прычым за адзін тыдзень) прыцягвалася да адказнасці за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. На пастаянную работу не ўладкоўваецца, працуе па дагаворы. У дзень, калі рэйдавая група наведала сям’ю, жанчына атрымала зарплату і дома яе не было. «Пайшла за прадуктамі,»— паведаміла бабуля. Правяраючыя былі ўпэўнены, што не толькі прадукты прынясе дамой маці, захопіць яна  бутэльку-другую спіртнога.

Чаму ў такім акружэнні навучыцца дзеці? Яны не змогуць пераняць нават самых элементарных для жанчыны навыкаў. У пакоях не прыбрана, рэчы ў беспрадку, быццам і не жанчыны тут жывуць. Рамонт у доме не рабіўся, бадай, некалькі дзясяткаў гадоў, па сценах пайшла цвіль.

На здароўе дзяцей маці не звяртае асаблівай увагі. Старэйшая дзяўчынка, якая хварэе на энурэз, нават не змагла паехаць у лагер, хаця бабуля сцвяр­джала, што ўнучку вадзілі да ўрача. Амаль ва ўсіх адказах жанчыны адчувалася  імкненне апраўдаць лад жыцця дачкі.

Калі нічога не зменіц­ца да лепшага, папярэдзілі ўдзельнікі рэйду, можа паўстаць пытанне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай апецы.

Шасцігадовую дзяўчынку і двухгадовага хлопчыка з наступнай сям’і выхоўваюць і тата і мама. Аднак тое, што малыя бачаць у сваім доме, выхаваннем у станоўчым сэнсе слова не назавеш. Бацькі, хоць і не «запойныя», але прыкласціся да келіха любяць. І тады ў сям’і разгараюцца скандалы, у час якіх дзеці нярэдка аказваюцца на вуліцы. Заканчваюцца «разборкі» прыездам міліцыі, якую муж і жонка выклікаюць адно на аднаго.

Правяраючых тут сустрэлі груба і непрыязна. А напярэдадні і наогул не адчынілі дзверы. На пытанні «гасцей» гаспадыня адказваць адмовілася. Ніякіх угавораў і перакананняў слухаць не жадала. Магчыма нядбайная маці будзе больш гаваркой на камісіі па справах непаўналетніх, куды яе  паабяцалі запрасіць.

Сын-падлетак яшчэ адной гора-маці, які стаіць на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх, трапіў пад уздзеянне дрэннай кампаніі, а потым і ў непрыемную гісторыю, звязаную з крыміналам. Але «мамаша» пра гэта нічога не ведае. Было відавочна, што жыццё сына яе не вельмі хвалюе. Але жанчына ўпарта даказвала, што старанна выконвае свае бацькоўскія абавязкі. І ў той жа час не магла сказаць, дзе ў дадзены момант знаходзіцца хлопчык. Замест таго, каб удзяляць сыну належную ўвагу, маці займаецца ўладкаваннем асабістага жыцця.

Складалася такое ўражанне, што лёс дзяцей, якія выхоўваюцца ў неблаганадзейных сем’ях,  больш цікавіць супрацоўнікаў дзяржаўных службаў, чым бацькоў, якім дзеці перашкаджаюць жыць у сваё задавальненне.

 Таццяна Буракова.