На гэтых днях прайшло пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і чарговая шостая сесія раённага Савета дэпутатаў 27 склікання. І члены выканкама і дэпутаты асабліва шмат увагі надалі абмеркаванню даклада намесніка старшыні райвыканкама Ганны Якаўлевай, у якім яна прааналізавала вынікі работы народнагаспадарчага комплексу і выкананне бюджэту за першае паўгоддзе 2014 года.

ГС10 з 24 —

 не НАШ вынік

         Чакаецца, што з 24 прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна будзе выканана 10. У тым ліку па энергазберажэнні, экспарце тавараў пры станоўчым сальда. Станоўчыя тэмпы забяспечаны па рознічным гандлёвым тавараабароце і рэнтабельнасці прадаж у арганізацыях сельскай гаспадаркі. У той жа час ніжэй узроўню першага паўгоддзя 2013 года выраблена прамысловай прадукцыі згодна з індэксам фізічнага аб’ёму, сельскагаспадарчай прадукцыі, прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал. Замежныя прамыя інвестыцыі ў эканоміку раёна не прыцягваліся зусім, інавацыйная прадукцыя арганізацыямі не выраблялася. Гэта значыць, што недапрацоўкі кіраўнікоў і калектываў праявіліся  якраз у асноўных накірунках эканамічнай дзейнасці. У раёне, па ранейшаму, ёсць арганізацыі, якія нясуць страты па выніках сваёй вытворчай дзейнасці: КУСГП імя Гараўца, АТП №20, ПМС.

Спроба дакладчыка акцэнтаваць увагу на яшчэ бо­ль­шыя праблемы ў ін­шых раёнах вобласці не знайшла падтрымкі кіраўніка раёна. Мякка кажучы, Васіля Чарадніка насцярожыла і пасіўнасць дэпутатаў. Ніхто з іх не задаў дакладчыку ні  аднаго пытання.

Карціну сітуацыі ў эканоміцы  раёна дапоўнілі Леанід Хірэвіч і Сяргей Пракаповіч. На думку начальніка райсельгасхарчу і дэпутата аграрнікам трэба мяняць стэрэатыпы мыслення, дбаць галоўным чынам пра эканамічныя паказчыкі, раўняцца на падыходы, на якіх грунтуецца дзей­насць прыватных ула­с­нікаў. У якасці прыкладу Леанід Хірэвіч спаслаўся на дзейнасць прыватнага прадпрыемства «Вітконпрадукт». На сямі яго птушніках вырошчваюць амаль столькі ж мяса, колькі на ўсіх грамадскіх фермах раёна, дзе ўтрымліваецца буйная рагатая жывёла. «У нека­торых грамадскіх сель­­гас­а­рганізацыях вытворчасць малака адпавядае не 2014 году, а 1914», — дадаў ён. ААТ «Сінягорскае» у гэты пералік Леанід Хірэвіч не ўключыў, але вытворчасць малака прыбытку акцыянернаму таварыству не прыносіць.

Зніжаюцца аб’ёмы будаўнічамантажных работ. Асабліва ў ПМК-64, ДРБУ-146. На думку Сяргея Пракаповіча раённыя прадпрыемствы нясмела ўдзельнічаюць у аўкцыёнах, не прапануюць свае паслугі на будаўнічым рынку, што сведчыць пра неэфектыўную работу маркетынгавых службаў.

Да эканомікі

арганізацыі мае

дачыненне кожны работнік

         Больш актыўна абмяркоўваліся вынікі работы сацыяльна-эканамічнага комплексу раёна на пасяджэнні выканкама. На думку старшыні раённага выканаўчага камітэта  Васіля Чарадніка, ва ўсіх калектывах арганізацый, дзе вытворчасць вядзецца са стратай, нізкай рэнтабельнасцю трэба абмеркаваць, чаму так адбываец­ца: «Чаму ў будаўнічай арганізацыі нізкая рэнтабельнасць? Ці раскралі будаўнічыя матэрыялы ці аб’ект перарабляўся некалькі разоў», — выказаў ён сваё меркаванне. Многія арганізацыі  маюць дэбіторскую запазычанасць, львіная доля якой прыходзіцца на ПМК-64. Прычыны гэтай з’явы розныя. Адказнасць за сітуацыю нясе і кіраўніцтва раёна, але галоўная віна ў гэтым кіраўнікоў арга­нізацый, падкрэсліў Васіль Чараднік.

Была заслухана спра­­ваздача не толькі Аляксандра Блізнюка, а і  кіраў­­ні­цтва райспажыўтаварыства — галоўная гандлёвая арганізацыя раёна не выканала даведзенае  заданне па тавараабароце. Прынята да ўвагі абяцанне дырэктара ПМС Анатоля Гарбуза выйсці на бесстратную работу да 1 верасня.

Больш чым  сур’ёзныя праблемы ў РУП ЖКГ. У прадпрыемства высокі сабекошт паслуг, наглядаюцца значныя страты цяпла, неарганізаваны належным чынам збор другаснай сыравіны. У час справаздачы Васіль Кішковіч так і не змог абгрунтавана давесці, як названыя праблемы будуць вырашацца. Таму яго работа прызнана нездавальняючай. Зрэшты, гэтак жа ацэнена работа Аляксандра Пуцяты, дырэктара райспажыўтаварыства, усіх кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія справаздачны перыяд завяршылі са стратамі, не выканалі прагнозныя паказчыкі па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі і рэнтабельнасці прадаж. Работа шэрагу кіраўнікоў прызнана недастатковай,  у тым ліку па разліках за энергарэсурсы, па зніжэнні дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці.

Зямля

ўсяму аснова

         Агульная плошча раёна складае 196605 га, землекарыстанні сельгасарганізацый раёна — 95094 га. Сельгасугоддзі займаюць плошчу ў 70523 га. Астатнія землі знаходзяцца пад драўняна-кустарнікавай расліннасцю. Іх прыцягненне ў гаспадарчы абарот павялічыла б патэнцыял аграрнай галіны раёна.

Многае ў гэтым накірунку землеўпарадчай службай раёна сумесна з сельвыканкамамі, сельгасарганізацыямі робіцца. Сёлета праведзена інвентарызацыя зямель сельскіх населеных пунктаў і зямель сельгаспрызначэння сельскагаспадарчых арганізацый. Яна выявіла 628,6 га зямель, якія раней прадастаўляліся грамадзянам на розныя мэты, але зараз не выкарыстоўваюцца ці­ выка­рыстоўваюцца ­не эфе­к­тыўна. З гэтай пло­шчы ў гаспадарчы абарот уця­гнута толькі 197,3 га. Нізкімі тэмпамі вядзецца ворыва зямель паблізу жывёлагадоўчых ферм, іншых сельгасаб’ектаў — 113 га. Не эфектыўна выкарыстоўваецца частка сельскагаспадарчых зямель грама­дскімі сельгасарганізацыямі. Такіх выяўлена 380 га, у КУСГП імя Гараўца — 200. Так што работы ў землепарадкавальнай службы раёна, сельвыканкамаў, землекарыстальнікаў яшчэ хапае.  Што адбілася і на прыняцці рашэння раённага выканаўчага камітэта. Да 1 кастрычніка  ў раёне трэба правесці поўную інвентарызацыю сельскагаспадарчых зямель. Вывучаецца магчымасць стварэння пры сельвыканкамах разліковых брыгад,  якія будуць аказваць паслугі насельні­цтву пры правядзенні добраўпарадкавання. Землеўпарадчая служба абавязана сумесна з РУП ЖКГ, ПМС, лясгасам правесці работы  па выдаленню кустарнікавай расліннасці з зямель сельгаспрызначэння. Будзе забяспечаны пастаянны кантроль за навя­дзеннем парадку ўздоўж дарог, у населеных пунктах. Прынятыя меры дазволяць павялічыць аддачу кожнага гектара зямлі.

Яшчэ раз — пра звароты

         Не ў першы раз на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта абмяркоўваўся стан работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Работа дае станоўчыя вынікі. За першае паўгоддзе на адрас райвыканкама паступіла 106 зваротаў, што на 32 менш, чым за адпаведны перыяд 2012 года. Менш стала скаргаў на работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аналіз зваротаў сведчыць, застаюцца праблемы ў водазабеспячэнні, несвоечасова праводзяцца бягучы і капітальны рамонт жылога фонду, добраўпарадкаванне. Дакладчык, кіраўнік справамі райвыканкама Алег Цяцюеў, звярнуў увагу на бадай што галоўную праблему ў рабоце са зваротамі — на іх не заўжды своечасова рэагуюць кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, а бывае не матывавана ўхіляюцца ад праблем насельніцтва, нават, калі для  іх выпраўлення не патрабуецца значных матэрыяльных выдаткаў. У той жа час праблема вырашаецца, калі людзі звяртаюцца ў органы ўлады. Па такім «сцэнарыі» аднаўлялася водазабеспячэнне ў вёсках Кадукова і Кругляны. Дакладчык прывёў і іншыя прыклады негатыўнага характару, назваў прозвішчы кіраўнікоў, якія панеслі спагнанні.

Пры разглядзе пытання члены выканкама асобна вылучылі звароты па рэгістрацыі жылля, якое падлягае прыватызацыі. Чалавек павінен пры любых абставінах атрымаць магчымасць рэалізаваць свае правы на прыватызацыю.

Падсумоўваючы вынікі абмеркавання пытанняў, што былі вынесены на пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта Васіль Чараднік падкрэсліў, што работа кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў павінна насіць прадметны  характар, быць выніковай. Такія падыходы ў нашай краіне ўведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі, якая на тэрыторыі раёна будзе рэалізоў­вацца няўхільна, дапаможа пазбавіцца негатыўных з’яў, датычацца яны вытворчасці, эканомікі, сацыяльнай сферы ці работы з насельніцтвам.