З нараджэннем цябе, новы жыхар Сянна!

 2У аддзеле ЗАГС Сенненскага райвыканкама склалася добрая  традыцыя. Кожны год рэгістрацыя 50-га нованароджанага жыхара нашага горада праводзіцца ва ўрачыстай абстаноўцы. Бацькам уручаецца падарунак. Сёлета круглая лічба прыпала на сыночка Сяргея і Людмілы Стук. Маленькі Яўгеній нарадзіўся 24 ліпеня бягучага года і стаў другім дзіцяці ў сям’і.

бацькі прыйшлі без віноўні­ка свята. Летняя спёка не на карысць здароўю немаўляці, таму давялося пакінуць малое на папячэнне бабуль.

Шмат цёплых слоў і мудрых настаўленняў адрасавала маладой сям’і галоўны спецыяліст аддзела  Святлана Высоцкая. Яна ўручыла сужэнцам пасведчанне аб нараджэнні, а таксама памятны сувенір. У сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў,  з пажаданнямі выхоўваць сына  патрыётам сваёй радзі­мы Сяргей і Людміла атрымалі ў падарунак кнігу «Памяць. Сенненскі раён».

3jpg    Падтрымаць маладых бацькоў прыйшлі і калегі Людмілы з раённага вузла паштовай сувязі, дзе яна да водпуску па доглядзе дзіцяці  працавала аператарам. Менавіта на працоўным месцы і ўбачыў упершыню сваю другую палаві­нку Сяргей Стук. Знаёмства працягнулася ў адной з сацыяльных інтэрнэт-сетак, а летась пара згуляла вяселле.

Дарэчы, па словах Святланы Высоцкай, другі месяц лета выдаўся «ўра­джайным» на дзяцей. Калі на канец чэрвеня ў Сянне было зарэгістравана 40 немаўлятак, то ў ліпені іх ужо налічвалася 51. Больш дзесяці нараджэнняў за месяц — гэта добры паказчык.

У цэлым за сем месяцаў бягучага года Сенненшчына павялічылася на 95 маленькіх жыхароў. Прычым дзяўчынкі пераважаюць над хлопчыкамі. 13% ад агульнай колькасці нованароджаных складаюць дзеці, якія з’явіліся ў сям’і трэцімі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: С.Высоцкая ўручае сям’і Стук пасведчанне аб нараджэнні іх сына.