Дзе будзе захоўвацца хлеб новага ўраджаю? Карэспандэнт”ГС” пабываў на Багушэўскім хлебапрыёмным пункце

З ураджаю мінулага году праз Багушэўскі хлебапрыёмны пункт прайшло каля 5 тыс. тон зерня, на захаванне было пакінута 3724 тоны.

 — Значную частку збожжа мы толькі дапрацоўваем і адразу ж адпраўляем у Віцебск, — расказвае Мікалай Баравік, кіраўнік вытворчага падраздзялення Віцебскага КХП. — Зараз нашы засекі пустыя: вымецены, вычашчаны, выбелены. Праведзена дэзінфекцыя зерневага кляшча. Зроблены ямачны рамонт падлогі.

 Найбольш клопатаў хлебапрыёмшчыкам дастаўляе сушыльная гаспадарка.

 — Справа ў тым, што  ў Багушэўску да гэтага часу выкарыстоўваецца абсталяванне, выпушчанае ў 1956 годзе. Усе тры сушылкі маральна і фізічна састарэлі, пастаянна патрабуюць  рамонту,  іх прапускная магчымасць вельмі нізкая, — працягвае расказваць Мікалай Баравік.

 Менавіта таму хлебапрыёмны пункт, які яшчэ некалькі гадоў назад дапамагаў суседнім гаспадаркам сушыць збожжа, сёлета такой магчымасці не мае.  У той жа час усё збожжа, якое паступіць на Багушэўскі хлебапрыёмны пункт у якасці дзяржаўнага заказу, будзе прымацца і дасушвацца да неабходнага стандарту. Запасы паліва завезены ў неабходным аб’ёме.

 Вагавая гаспадарка праверана, лабараторыя прайшла атэстацыю, а значыць яны таксама гатовы да прыёму ўраджаю сёлетнега года. Як і людзі, якія працуюць тут. Вольга Клімава, лабарант Багушэўскага хлебапрыёмнага пункта, адзін з самых кваліфікаваных спецыялістаў Віцебскага КХП.

 На перыяд прыёмкі зерня хлебапрыёмны пункт набірае да 30 сезонных рабочых. Улічваючы, што працаваць людзям трэба з механізмамі, у начную змену, непаўналетніх браць нельга. Да таго ж, некаторыя аўтамашыны з зернем даводзіцца разгружаць уручную. Разгрузачныя механізмы не разлічаны на велікагрузную тэхніку. Усе гэтыя праблемы даўнія. З імі багушэўскія хлебапрыёмшчыкі навучыліся жыць і працаваць. Незадоўга да  пачатку нарыхтоўкі зерня прырода выпрабавала  на трываласць і пабудовы хлебапрыёмнага пункта. Ветрам на першым складзе сарвала дахавае пакрыццё, на другім — пашкодзіла нават сцены. У выніку, ён часова непрыгодны для прыёмкі і захавання збожжа.

 — Аднаўленчыя работы вядуцца. На першым складзе яны завершаны. І мы гатовы прымаць збожжа. Будзе адрамантаваны і другі склад, — упэўнены Мікалай Баравік. Так што той аб’ём збожжа, які Багушэўскім хлебапрыёмным пунктам звычайна прымаецца, будзе забяспечаны і сёлета, як і яго надзейнае захаванне.

Л.ІЎЕЎ.