Газіфікацыя Багушэўска, медыцынскае абслугоўванне багушэўцаў — новыя падыходы знойдзены

ГСУ Багушэўску прайшла нарада з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандра Папкова і старшыні раённага выканаўчага камітэта Васіля Чарадніка. На ёй абмяркоўваліся пытанні, пастаўленыя жыхарамі гарпасёлка перад уладамі, у прыватнасці, па завяршэнні газіфікацыі населенага пункта, паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання багушэўцаў і жыхароў сельсавета.

Прыродны газ у Багушэўск прыйшоў яшчэ ў 2001 годзе. Некаторы час местачкоўцы ўзважвалі ўсе «за» і «супраць» газіфікацыі свайго жылля. Але ўзяўшы пад увагу Указ Прэзідэнта № 368, які дазваляе пры правядзенні работ карыстацца льготным крэдытам, быў створаны кааператыў «Майскі». Зараз прыродны газ паступае ў дамы 155 багушэўцаў. І колькасць іх пастаянна ўзрастае. У бліжэйшы час работы мяркуецца прадоўжыць. Пад пуцямі газавікі зрабілі пракол, што дазваляе правесці газіфікацыю астатняй часткі Багушэўска, у тым ліку падвесці прыродны газ да шматкватэрных жылых дамоў і павысіць якасць жыцця багушэўцаў. Створаны яшчэ два кааператывы з уласнікаў індывідуальнага жылля. У адзін уваходзіць 326 чалавек, у другі — каля 30. Каб паскорыць работы, каб кааператыўныя газавыя камунікацыі патрапілі ў спіс будуемых ў 2015 годзе аб’ектаў, члены «вялікага кааператыва» гатовы нават аплаціць нетанны праект уласнымі сродкамі. А вось пайсці па гэтым шляху члены «маленькага кааператыва» не рашаюцца. Таму на нарадзе, на якую былі запрошаны Сяргей Гвоздзь, начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва УП «Віцебскаблгаз», Ігар Мядзведзеў, начальнік РВУ «Сяннорайгаз», абмяркоўвалася магчымасць зніжэння кошту праектна-каштарысных работ. Наколькі гэта рэальна, пакуль сказаць дакладна немагчыма. Ва ўсякім разе перамовы на гэты конт Аляксандрам Папковым вяліся і з кіраўніцтвам аблгаза ў асобе яго кіраўніка Пятра Шэршня.

Не менш багушэўцы заклапочаны станам медыцынскага абслугоўвання, які, дзеля справядлівасці трэба сказаць, за апошнія гады палепшыўся. Вырашаны кадравыя праблемы, у рэканструяваным будынку, дзе размясцілася паліклініка, устаноўлена сучаснае медыцынскае абсталяванне. А вось участковая бальніца месціцца ў былым будынку РК КПБ, і патрабуе капітальнага рамонту, які не праводзіўся не адзін дзясятак гадоў. І тут неабходна прымаць кардынальныя меры.

Ініцыятары нарады гэта пытанне абмяркоўвалі яшчэ на больш высокім узроўні, з удзелам Юрыя Дзеркача, начальніка ўпраў­лення аховы здароўя аблвыканкама, Зоі Фаміной, намесніка старшыні райвыканкама, Ігара Мезаўцова, галоўнага ўрача Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы, і сышліся на думцы, што неабходна ўзво­дзіць новы будынак баль­ніцы ў выглядзе прыбудовы да паліклінікі. Пры рэалізацыі ідэі такі варыянт задаволіць і хворых, і медыкаў, дазволіць эфектыўна выкарыстоўваць медыцынскае абсталяванне.

Але дзе ўзяць сродкі для неадкладнага будаўніцтва, як на тым настойвалі некаторыя ўдзельнікі нарады? Зняць з іншых аб’ектаў і пакінуць іх на стадыі незавершанага будаўніцтва? Не самы лепшы варыянт. Да таго ж, каб пачаць будаўніцтва, нават у выгля­дзе прыбудовы, спатрэбіцца хай сабе тыповая праектна-каштарысная дакументацыя, правядзенне інжынерна-разведвальных работ…

У адным усе ўдзель­нікі нарады згодны — медыцынскае абслугоўванне ў Багушэўску трэба выводзіць на сучасны ўзровень, узровень, які адпавядае дасягненням беларускай медыцыны, узровень, які будзе працаваць на павышэнне іміджу ўлады ўсіх узроўняў.