Горкі смак піва

ГС На ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх Сенненскага РАУС за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў знаходзіцца 31 падлетак. З іх шаснаццаць — за распіццё спіртных напояў і з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

хлопчыкі ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, вучні гарадскіх і гарпасялковых школ. Як расказала Вольга Хацько, старшы ўчастковы інспектар ІСН Сенненскага РАУС, пераважная большасць юных правапарушальнікаў — выхадцы з няпоўных сем’яў і сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

Калі адзін з бацькоў злоўжывае спіртным, верагоднасць стаць алкаголікам у яго дзіцяці складае каля 45%. Калі ж абое — рызыка павялічваецца ўдвая. Ніхто не возьмецца падлічыць, колькі ў нас «ціхіх» п’яніц, якія  закон не парушаюць, проста п’юць, паступова трапляючы ў залежнасць ад «зялёнага змія». А побач з імі растуць дзеці, якім штодня даводзіц­ца назіраць, паступова пераймаючы такі «прыклад».

Непаўналетнюю К. за год двойчы затрымлівалі за распіццё алкагольных напояў. Яе маці была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ад 10 да 20 базавых велічынь за невыкананне  бацькоўскіх абавязкаў. Жанчына  і яе сужыцель злоўжывалі спіртным і не звярталі ўвагі на паводзіны падлетка, нават не забаранялі дзяўчынцы час ад часу выпіваць. Калі паўстала пагроза пазбаўлення бацькоўскіх правоў, яна знайшла ў сабе сілы закадзіравацца. А вось для яе дачкі, якая паспрабавала ў падлеткавым узросце горкі смак спіртнога, складана будзе знайсці сваё месца ў жыцці.

І такіх прыкладаў, на жаль, у раёне дастаткова.

Ад алкагольнай залежнасці не застрахаваны дзеці і з іншых сем’яў. Найбольшая небяспека існуе для няпоўных сямей, дзе бацькі больш турбуюцца, як зарабіць грошы, а не выхаваннем свайго дзіця. «У час гутарак з  бацькамі часта чуеш: чаму гэта здарылася з маім дзіцём, чаго яму не хапала? — расказвае Воль­га Хацько. — А па сутнасці адказ ляжыць на паверхні: не хапала самага элементарнага — бацькоўскай увагі».

Не так даўно супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх рэгістравалі факты ўжывання непаўналетнімі такіх моцных напіткаў, як гарэлка, віно. Аналізуючы статыстыку апошніх гадоў, супрацоўнікі міліцыі зрабілі вывад, што падлеткі пачалі аддаваць перавагу піву. Як падзялілася маці аднаго старшакласніка, віной таму яркая рэклама пеннага напою, якая літаральна на кожным тэлеканале заклікае ацаніць яго смак, нібы замбіруе дзіця. Падлеткі, як ніхто, паддаюцца спакусам і становяцца заложнікамі алкаголю. Ды і цалкам прымальны для дзіцячага кашалька кошт піва спрыяе даступнасці напітка.

Наўрад ці знойдзецца бацька, які захоча, каб яго сын ці дачка ўжывалі алкаголь, больш таго, атрымалі залежнасць ад яго. Але як засцерагчы іх ад «зялёнага змія»? На жаль, універсальнага рэцэпта не існуе. Аднак, як адзначыла Вольга Хацько, першае, што павінны рабіць бацькі, цікавіцца, з кім сябруе і як праводзіць час дзіця. Звяртаць увагу на яго настрой, захапленні. Трэба быць уважлівымі да спраў і праблем падлетка. І, канешне, памятаць пра самы дзейсны прыклад — уласны.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *