Як працуе, чым жыве Сенненскае ПМС на чарговым вітку сваёй гісторыі, расказвае новы дырэктар прадпрыемства Анатоль ГАРБУЗ

IMG_0196 Сваё прафесійнае свята ў мінулую нядзелю адзначылі людзі, дзякуючы працы якіх ажыццяўляецца адраджэнне сельскагаспадарчых зямель.   Сёння калектыў сенненскіх меліяратараў — гэта дружны калектыў аднадумцаў, бо ў складаны для прадпрыемства час тут засталіся самыя адданыя справе працаўнікі.

Як працуе, чым жыве Сенненскае ПМС на чарговым вітку сваёй гісторыі, расказвае новы дырэктар прадпрыемства Анатоль ГАРБУЗ:

— На прадпрыемстве працуе 84 чалавекі. Вышэйшую адукацыю мае 14, сярэднюю спецыяльную — таксама 14, прафесійна-тэхнічную — 38 работнікаў. Сярэдні ўзрост працуючых — 47 гадоў. Дзякуючы таму, што ў калектыве ёсць людзі розных узростаў, маладзейшыя маюць магчымасць вучыцца ў вопытных работнікаў.

— Ці ёсць перспектыва папаўнення маладымі кадрамі?

— У гэтым годзе прыбудуць пяць маладых спецыялістаў з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і Лепельскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума.

— Як думаеце заахвоціць іх, каб засталі­ся на прадпрыемстве?

— У арганізацыі распрацавана сістэма мер па павышэнні эфектыўнасці адаптацыі маладых спецыялістаў. За імі замацоў­ваюцца «настаўнікі» з ліку больш вопытных работнікаў, выдзяляецца жыллё, грашовая падтрымка.

Ды і ў плане вольнага часу новым работнікам сумаваць не давя­дзецца. На прадпрыемстве дзейнічаюць тры пярвічныя грамадскія арганізацыі: БРСМ, Беларускага саюза жанчын, «Белай Русі». Работнікі прадпрыемства вядуць актыўнае грамадскае жыццё і ў іншых галінах.  Прымаюць удзел ва ўсіх раённых мерапрыемствах: спаборніцтвах па валейболе, футболе, конкурсе патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў», інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?». Жанчыны калектыву ўдзельнічаюць у акцыі «Нашы дзеці».

         — І павучыцца ў прафесійным плане, як вы ўжо гаварылі, маладым ёсць у каго…

— Так, на прадпрыемстве ёсць на каго раўняцца. А майстэрства і добрасумленная праца пастаянна заахвочваюцца. Напрыклад, сёлета Ганаровымі граматамі райвыканкама да прафесійнага свята будуць узнагароджаны мантажнік вонкавых трубаправодаў Ігар Лапеха і слесар-электрык па рамонце электраабсталявання Андрэй Подраз. Ганаровую грамату райкама прафсаюза работні­каў АПК атрымае Эдуард Рыбчанка. Прадстаўлены на ўзнагароджанне Ганаровымі граматамі КУП «Віцебскмеліяводгас» інжынер па дзяржуліку Людміла Зеляня, рамонтнік штучных збудаванняў Сяргей Гарнак і машыніст экскаватара Аляксандр Казлоў.

— Анатоль Валер’евіч, вы прыйшлі на пасаду кіраўніка зусім нядаўна, у сакавіку гэтага года. Эканамічнае становішча прадпрыемства, як вядома, было складанае. Як складваецца сітуацыя сёння?

— Згодна з бізнэс-планам, у 2014 годзе трэба выканаць работ на суму 10 млрд 838 млн рублёў. Тэмп росту аб’ёмаў да папярэдняга года павінен скласці 125%.

За 1 квартал бягучага года выраблена валавай прадукцыі да адпаведнага мінулагодняга ўзроўню 369,3%. Вытворчасць працы вырасла на 438,1%. Гэта дынаміка станоўча ўздзейнічае на эканамічны стан прадпрыемства. Станові­шча паступова стабілізуецца.

Сёння мы працуем на шэрагу аб’ектаў. Вя­дзецца рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы на землях ААТ «Студзёнка». Здача аб’екта запланавана на наступны год. Будуецца новая меліярацыйная сістэма ў ААТ «Белая Ліпа». У гэтым жа акцыянерным таварыстве ідуць работы па рэканструкцыі старой меліярацыйнай сістэмы. На адным з трох комплексаў яны будуць завершаны сёлета. Вядуцца тэхнічны дагляд і рамонт меліярацыйных сістэм, аграмерапрыемствы на іншых аб’ектах. З пачатку года прадпрыемствам выканана работ на 2 млрд 724 млн рублёў, што складае 284% да адпаведнага перыяду 2013-га.

За кошт уводу новых аб’ектаў плануем вывесці прадпрыемства на стабі­льную дынаміку развіцця.

Карыстаючыся выпадкам хачу падзякаваць калектыў за працу, за адданасць прадпрыемству. Асобная ўдзячнасць ветэранам: і тым, хто працуе, і тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Менавіта іх самаадданай працай быў створаны той падмурак, закладзены тыя працоўныя традыцыі, якія сёння дапамагаюць меліяратарам больш упэўнена адчуваць сябе ў складаных умовах.

         — Дзякую за гутарку, Анатоль Валер’евіч.

Будзем спадзявацца, што ўрэшце рэшт удасца адрадзіць былую славу сенненскага меліярацыйнага прадпрыемства, вялікі ўклад у развіццё якога ў свой час унёс бацька цяперашняга кіраўніка ПМС Валерый Гарбуз, які шмат гадоў узначальваў арганізацыю.