Адрадзіць землі Сенненшчыны да жыцця

ГСПа стане на пачатак мая бягучага года спецыялістамі раённай землеўпарадкавальнай службы сумесна з сельвыканкамамі выяўлена 380 га неэфектыўна выкарыстоўваемых сельскагаспадарчых зямель.

Найбольш такіх плошчаў было ў КУСГП імя Гараўца (150 га). 120 з іх, паблізу в.Александрова, не выкарыстоўваюцца больш за 2 гады. Каб адрадзіць пустуючую зямлю да жыцця, плануецца перадаць яе СУП «Саўгас імя Машэрава», якое ў стане апрацоўваць гэтыя плошчы. Рыхтуецца праект перадачы.

Выпадзенне часткі зямель з сельгасабароту адбылося па розных прычынах. У ААТ «Студзёнка», напрыклад, 30 невыкарыстоўваемых гектараў з’яві­ліся з-за далучэння зямель ААТ «Кругляны». Згодна з выдадзеным прадпісаннем яны павінны быць уведзены ў сельгасабарот ў бліжэйшыя дні.

Прадпісанні з указаннем канкрэтнага тэрмі­ну ўвядзення плошчаў выдадзены ўсім прадпрыемствам, дзе маюцца неэфектыўна выкарыстоўваемыя землі. Да тых, хто не спяшаецца прыводзіць іх у рабочы стан, прымаюцца меры адміністрацыйнай адказнасці. Напрыклад, складзены пратаколы на галоўных аграномаў ААТ «Белая Ліпа» і «Пурплева».

Сумесная работа земслужбы з выканкамамі сельскіх Саветаў — важная ўмова эфектыўнасці не толькі ўцягнення закінутых зямель у сельгасабарот сельгасарганізацый, але і забеспячэння зямельнымі ўчасткамі асабістых падсобных гаспадарак. Напрыклад, у выніку сумесных дзеянняў землеўпарадкавальнікаў Машканскага сельскага Савета і ААТ «Студзёнка» вырашаецца пытанне выдзялення ўчастка для выпасу жывёлы ў в.Масяйкі.

Як адзначыў намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы Сенненскага райвыканкама Аляксей Крыштопенка, у асаблі­ва цесным кантакце зямельная служба раёна працуе з сельвыканкамамі Студзёнкаўскага і Беліцкага Саветаў. Ды і астатнія сельскія Саветы, а таксама раённы Савет дэпутатаў заўсёды ідуць насустрач і аказваюць неабходную дапамогу «землямерам». Апошнім прыкладам узаемадзеяння земслужбы і мясцовых улад (Багданаўскага сельскага Савета) можа служыць правядзенне інвентарызацыі пустуючых зямель у в.Запруддзе.

З 331 сельскага населенага пункта раёна праінвентарызавана 220 (431 участак). Выяўлена 159 га невыкарыстоўваемых зямель. 39 га перададзена сельгасарганізацыям. Астатнія пераразмяркоўваюцца паміж жыхарамі, з іх вы­дзяляюцца сенажаці і пашы.

Гэта работа, зазначыў Аляксей Крыштопенка, ідзе больш маруднымі тэмпамі, чым хацелася б. Але ў шэрагу выпадкаў на гэта ёсць свае прычыны. Каб увесці ў абарот невыкарыстоўваемыя землі, прадастаўленыя для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, вядзення асабістых падсобных гаспадарак, касьбы і выпасу жывёлы, трэба зносіць рэшткі пабудоў, якія засталіся на пустуючых участках, выкарчоў­ваць сады і г.д. На такія работы ў сельскіх Саветаў не хапае сродкаў. Пэўную цяжкасць уяўляе і пошук наследнікаў, якія па законе павінны ўступіць у правы валодання спадчынай ці адмовіцца ад яе.

 Таццяна Буракова.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *