У раённым Доме культуры дэбютаваў агляд-конкурс патрыятычнай песні, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі і Сенненскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

IMG_6262Лірычныя і задушэўныя, вясёлыя і ўзнёслыя кампазіцыі ваенных гадоў, а таксама напісаныя ў мірны час, прадставілі на суд журы 20 працоўных калектываў раёна. Канкурсанты змагаліся за перамогу ў трох намінацыях: «Вакальная група», «Трыа», «Саліст-вакаліст».

Аматары песні, якія ў гэты дзень прыйшлі на канцэрт, цёпла прымалі выступленні як вопытных і добра вядомых на Сенненшчыне выканаўцаў, так і тых, хто на раённую сцэну выйшаў упершыню. «Журавли», «На безымянной высоте», «Мы за ценой не постоим», «Баллада о военных лётчицах», «Смуглянка» і іншыя нагадалі слухачам пра балючыя эпізоды той далёкай вайны.

Прыемна адзначыць, што са сцэны ў гэты дзень ліліся песні не толькі на рускай мове. Наяўнасць беларускага песеннага слова толькі ўзбагаціла канцэрт.

Кампетэнтнае журы пад старшынствам дырэктара Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Івана Смірнова вызначыла пераможцаў.

Так, у намінацыі «Вакальная група» першае месца падзялілі прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Ходцаўскага сельскага Савета. Другімі сталі калектывы раённага вузла паштовай сувязі і інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Сенненскім раёне.

Выступленне прадс­таўніц Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы ў намінацыі «Трыа» было адзначана не толькі бурнымі апладысментамі гледачоў, але і дыпломам першай ступені за цудоўнае выкананне акапэла (без акампанементу). Другое месца дасталося калектыву з ААТ «Бяленева».

Віншаванні і дыпломы за трэцяе месца ў намінацыі «Салісты-вакалісты» прымалі адразу дзве ўдзе­ль­ніцы конкурсу: Вольга Цыбульская (РВПС) і Святлана Прасвяшчэннікава (Ходцаўскі сельскі Савет). Песня «Вальс Победы» ў выканні Андрэя Голубева (ДЛГУ «Багушэўскі лясгас») закранула самыя патаемныя куточкі душы і была адзначана дыпломам ІІ ступені. Бясспрэчным лідарам у дадзенай намінацыі стаў Аляксандр Мінёнак (Сенненскі РАНС). Яго выканне песні «Русский парень» пераканала журы адзінагалосна аддаць хлопцу першае месца.

Пераможцы былі ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі і дыпломамі Сенненскага раённага выканаўчага камітэта.

Сваімі выступленнямі на працягу конкурснай праграмы парадавалі Святлана Сакалоўская і Дзям’ян Ішкоў, Вольга Красноўская, а таксама хор Сенненскай ДШМ.

Дзякуючы ўдзельнікам за выступленні і арганізатарам за цудоўнае мерапрыемства, Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, выказала спадзяванне, што раённаму конкурсу патрыятычнай песні на Сенненшчыне быць.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.