Ні туды і ні сюды. Без вады

ГСЖыхары нашага раёна даволі часта звяртаюцца ва ўладныя структуры па праблемах водазабеспячэння. Толькі ў райвыканкаме за 2012 год было зарэгістравана 23 звароты гэтай тэматыкі, у 2013 — 22.

         У сувязі з гэтым рэдакцыя раённай газеты папрасіла адказаць на некаторыя пытанні Сяргея Пракаповіча, намесніка старшыні райвыканкама.

— Сяргей Віктаравіч, пагадзіцеся, адсутнасць водаправода ў гарадскім населеным пункце ў XXI стагоддзі — гэта нонсэнс. Тым не менш, я вымушаны запытацца — у Сянне, Багушэўску водаправод пракладзены па ўсіх вуліцах?

— У райцэнтры ваду з артэзіянскай свідравіны выкарыстаць не могуць жыхары вуліц Чырвонаармейская, Мічурына, Набярэжная, часткі вуліц і завулкаў у мікрараёне «Заходні», у гарпасёлку — Навасельскай, Чапаева, Камуністычнай, Заслонава, Чыгуначнай. Над вырашэннем гэтай праблемы ўлады працуюць. У Сянне работы часткова праве­дзены і сёлета сродкі на канчатковае завяршэнне работ у мікрараёне «Заходні» выдаткаваны. Работы будуць весціся ў другім і трэцім квартале. Нічога суцяшальнага не магу сказаць сенненцам, што жывуць на іншых вуліцах, дзе не падаецца вада па водаправодзе. Першы пус­кавы комплекс аб’екта «Водазабеспячэнне квартала індывідуальнай забудовы ў г.Сянно, вул. Пятаковіча… зав. 2-гі і 3-ці Чырвонаармейскі» быў уведзены яшчэ ў 2011 го­дзе. На 2012 і 2013 гады аб’ект  уключаўся ў Інвестыцыйную праграму Віцебскай вобласці. Аднак сродкі на завяршэнне работ не выдаткоўваліся. Не прадугледжана фінансаванне аб’екта і сёлета. У раённым бюджэце таксама няма на гэтыя мэты грошай. У тым ліку і каб дапамагчы багушэўцам. Давайце будзем больш разлічваць на ўласныя сілы і сродкі.

— Як забяспечаны вадой жыхары аграгарадкоў?

— Артэзіянскія свідравіны маюцца ва ўсіх аграгарадках, пракладзены і водаправоды. А ў Машканах летась уведзена ў эксплуатацыю першая чарга станцыі абезжалезвання. Будаўніцтва другой чаргі пачнецца сёлета. Ва ўсякім разе аб’ект рашэннем абл­выканкама ўключаны ў пералік фінансуемых. Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва водаправода са станцыі абезжалезвання ў Багданаве. Пра будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў астатніх аграгарадках гаварыць заўчасна.

— А пра будаўніцтва другой станцыі ў Сянне? Сродкі на падрыхтоўку неабходнай дакументацыі патрачаны…

— Мяркуецца, што работы ў райцэнтры пачнуцца ў 2015 годзе.

— Вясковае насельніцтва карыстаецца пітной вадой пераважна з калодзежаў. Большасць гэтых збудаванняў знаходзяцца на балансе РУП ЖКГ, частка ў прыватнай уласнасці. Адкрытыя крыніцы вады неабходна перыядычна чысціць, а збудаванні над імі — рамантаваць. Аднак у жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна нават спецыялізаванай брыгады няма. Ці ўсё такі ёсць? Нядаўна кіраўнік РУП ЖКГ заявіў, што такое фарміраванне створана.

— Вялікіх спадзяванняў на камунальнікаў у мяне няма. Затое на дапамогу заўжды гатовы прыйсці супрацоўнікі раённага аддзела надзвычайных сітуацый. У іх ёсць спецыяльнае фарміраванне.

— На жаль, з нашай размовы сенненцы атрымаюць мала пазітыўнай інфармацыі. Можа ўсё ж раённым уладам трэба больш настойліва «стукацца» ў абласныя службы?

— Гэта робіцца пастаянна. У прыватнасці, апошні раз у аблвыканкам мы звярталіся ў сувязі з неабходнасцю будаўніцтва новай артэзіянскай свідравіны ў вёсцы Рулёўшчына, дзе ў летні перыяд водазабору не хапае. Нядаўна атрымалі адказ. Згодна з ім сродкі будуць выдаткаваны ўпраўленнем камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама. Спецыялісты Сенненскага райвыканкама спяшаюцца, каб хутчэй падрыхтаваць неабходную для будаўніцтва артэзіянскай свідравіны каштарысна-праектную дакументацыю. Я ў рашэнні праблемы забеспячэння якаснай пітной вадой жыхароў раёна спа­дзяюся і на дапамогу нашых дэпутатаў абласнога Савета, Нацыянальнага Сходу.

Гутарыў

Аляксандр Іўеў.