Міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч правёў гадзінную «прамую тэлефонную лінію» з жыхарамі Сенненшчыны і асабісты прыём грамадзян

 тест 006Акрамя гэтага наведаўся амаль ва ўсе лясніцтвы Багушэўскага лясгаса, азнаёміўся з дрэваапрацоўчай вытворчасцю, што нала­джана ў ДЛГУ.

  Па тэлефоне да Міністра звярнуўся жыхар Ходцаў Уладзімір Галубцоў. На яго думку, лес у ваколіцах аграгарадка выкарыстоўваецца  нерацыянальна, пасля вырубкі застаецца шмат незапатрабаваных адходаў. У якасці станоўчага прыкладу наш зямляк спаслаўся на вопыт Швецыі і Фінляндыі, дзе ад лясной гаспадаркі паступаюць значныя сродкі ў бюджэт краін.

Падзякаваўшы за званок, за неабыякавасць да грамадскіх праблем Міхаіл Амельяновіч даў даручэнне генеральнаму дырэктару Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргею Даніловічу дэталёва разабрацца з фактамі, выкладзенымі Уладзімірам Галубцовым. У той жа час Міхаіл Амельяновіч нагадаў субяседніку, што доля лясной гаспадаркі Беларусі ў валавым унутраным прадукце складае 2,5 %, у Швецыі і Фінляндыі — 3,5 %. «У нас ёсць магчымасць павялічваць свой уклад у агульнадзяржаўную скарбонку. Спелага лесу ў Беларусі хапае. Пасля тэхнічнага абнаўлення галіны, зрабіўшы ўхіл на паглыбленую перапрацоўку драўніны, лясная гаспадарка Беларусі выйдзе ў бліжэйшыя гады на сусветны ўзровень», — запэўніў ён.

Да Міністра лясной гаспадаркі па тэлефоне звярнулася жыхарка райцэнтра, сын якой працуе лесніком у адным з лясніцтваў Багушэўскага лясгаса. Жанчына выказала здзіўленне, чаму ў сына нізкі заробак. На што Міхаіл Амельяновіч паведаміў, што зарплата лесніка складаецца з аклада і прыработку. Так што многае, на яго думку, залежыць ад працалюбства работніка. У той жа час Міхаіл Амельяновіч паабяцаў дасканальна праверыць налічэнне зарплаты спецыяліста.

Асабіста на прыём да Міністра прыйшоў Мікалай Валачковіч, іерэй Свята-Мікалаеўскага храма г. Сянно. Прыйшоў падзякаваць за тую дапамогу, якую Міхаіл Амельяновіч аказаў царкве ў час будаўніцтва храма, працуючы галоўным ляснічым Багушэўскага лясгаса. «Я ведаю, што лясная гаспадарка не адмаўляе ў дапамозе праваслаўным прыходам Беларусі і зараз, калі вы сталі Міністрам», — падкрэсліў Мікалай Валачковіч.

Карыстаючыся тым, што Міхаіл Амельяновіч некалі працаваў на Сенненшчыне і, нават, прадстаўляў яе інтарэсы ў абласным Савеце дэпутатаў, неафіцыйна была абмеркавана магчымасць будаўніцтва лясных дарог у раёне сенненскімі дарожна-будаўнічымі арганізацыямі. Сёлета на тэрыторыі лясгаса будзе пабудавана 4 такіх аб’екты даўжынёй 15,5 км.

«Я не супраць, каб работы вялі сенненскія арганізацыі. Аднак для пачатку ім трэба выйграць тэндар. Да таго ж варта мець на ўвазе, што нашы дарогі — даволі складаныя аб’екты з адносна невялікім коштам (700 млн за 1 км). Зменшыць яго мы зацікаўлены», — не хаваў Міхаіл Амельяновіч.

Яшчэ адно раённае прадпрыемства, КУПБА «Прэстыж», гатова шыць для работнікаў лясной гаспадаркі вобласці спецадзенне. Міністр не выказаў пярэчання на конт гэтага. Але канкрэтнае рашэнне павінна прыняць кіраўніцтва Віцебскага ВЛГА.

Наш кар.

 

На здымку: на прыёме ў Міністра лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіла Амельяновіча іерэй Свята-Мікалаеўскай царквы г. Сянно Мікалай Валачковіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *