На здароўі людзей не эканомяць

 труд   У канцы мінулага года прайшло чарговае пасяджэнне раённай камісіі па ахове працы. Быў прааналізаваны стан вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна і вынікі работы за снежань 2013 года мабільнай групы райвыканкама, якая сочыць за захаваннем заканадаўства аб ахове працы.

Як паведаміла дакладчык Юлія Ільючэнка,  галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сенненскага райвыканкама, за 11 месяцаў на вытворчасці загінула два чалавекі: у ААТ «Сінягорскае» на рабочым месцы памёр жывёлавод, у ДРБУ-146 у час правядзення земляных работ загінуў работнік. Яшчэ два чалавекі (у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» і РУП ЖКГ) атрымалі на вытворчасці цялесныя пашкоджанні. На думку дакладчыка, гэта сведчыць, што ў названых арганізацыях створана недастаткова эфектыўная сістэма кіравання аховай працы. Яе давядзецца неадкладна, з улікам прычын, якія прывялі да траўматызму і  смерці, дапрацоўваць.
Палова няшчасных выпадкаў на вытворчасці, у тым ліку са смяротным зыходам, за справаздачны перыяд прыпадае на прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу.
— Аб сур’ёзных праблемах у ахове працы ў сельскагаспадарчых арганізацыях сведчаць таксама вынікі работы мабільнай групы, — заўважыла ў час пасяджэння раённай камісіі па ахове працы яе старшыня, намеснік старшыні райвыканкама Ганна Якаўлева.
На камісіі была заслухана справаздача дырэктара ААТ «Пурплева» Уладзіміра Гвоздзева. А нагодай для запрашэння выступіць на пасяджэнні раённай камісіі стаў той факт, што ў акцыянерным таварыстве не толькі выяўляюцца парушэнні правілаў аховы працы, пажарнай бяспекі, але яны своечасова не ўхіляюцца. У снежні мінулага года члены мабільнай групы райвыканкама сталі сведкамі эксплуатацыі ў рамонтнай майстэрні крана, які не прайшоў паверку. А значыць,  не мог выкарыстоўвацца, бо патэнцыяльна небяспечны для людзей, якія заняты рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі. Даўно пачаўся ацяпляльны сезон, а ў сельгасарганізацыі да гэтага часу не ведаюць, у якім стане печы, электраправодка ў ведамасным жыллі, наколькі яно адпавядае нормам пажарнай бяспекі.
— Камісія па ахове працы асаблівую ўвагу звярнула на ААТ «Пурплева» таму, што ў акцыянерным таварыстве амаль нічога не робіцца, каб ухіліць тыя недахопы, якія выяўляліся на працягу мінулага года. Спадзяюся, што кіраўнік арганізацыі пасля пасяджэння камісіі зразумее: тэхніка бяспекі на вытворчасці, правілы пажарнай бяспекі — гэта здароўе і жыцці людзей. Эканоміць на іх нават у перыяд эканамічнага спаду нельга, — адзназначна выказалася Ганна Якаўлева.
У рашэнні камісіі Уладзіміру Гвоздзеву ўказана на нізкі кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы. Ва ўказаныя тэрміны ён абавязаны ўхіліць недахопы, выяўленыя мабільнай групай райвыканкама.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.