Па прапанове дэпутата пройдзе спецыяльнае пасяджэнне райвыканкама

popkovАляксандр Папкоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 26 склікання па Сенненскай акрузе, правёў у Сянне прыём грамадзян. Да яго звярнулася 13 жыхароў раёна. Некаторыя — не першы раз. Большасць узнятых праблем так ці інакш датычыліся жыллёва-камунальнай сферы, у прыватнасці, водазабеспячэння, якасці пітной вады.
Падсумоўваючы вынікі работы з  выбаршчыкамі Аляксандр Папкоў досыць крытычна ацаніў работу кіраўнікоў раённых службаў, арганізацый, аддзелаў райвыканкама са зваротамі насельніцтва.
—Людзі прыходзяць з надзеяй атрымаць дапамогу і натыкаюцца на раўнадушша, абыякавасць чыноўнікаў, — заявіў ён.
Яскравым прыкладам таму з’яўляецца чарговы зварот да дэпутата Кацярыны Русінай, якая жыве ў доме №6 па вуліцы Заводскай у Сянне. Доўгі час яго жыхары карысталіся вадой, неачышчанай на станцыі абезжалезвання. Не так даўно па хадайніцтве  людзей дом падключаны да сістэмы водазабеспячэння, што звязана са станцыяй. Ды вось бяда — вада на апошнія паверхі не заўжды даходзіць.
— Хіба нельга паставіць  дадатковую помпу? — здзівіўся Аляксандр Папкоў.
— На яе набыццё патрэбна 50 млн рублёў, — прывёў свае довады Мікалай Жукоўскі, галоўны інжынер Сенненскага РУП ЖКГ.
— Для прадпрыемства гэта што непад’ёмная сума? Тым больш, што грошы будуць патрачаны на ўвесь жылы дом, — не пагадзіўся  дэпутат.
Людзей, якія прыйшлі на прыём да Аляксандра Папкова з праблемамі, што тычацца не толькі іх асабіста, было шмат. Вера Купрыянава вырашыла ўдакладніць, ці будзе ўсё ж праведзены капітальны рамонт дома №3, што па вуліцы Савецкай. Іван Іваненка спадзяецца на добраўпарадкаванне двара, прылягаючай да дома №5 па вуліцы Чырвоны Кастрычнік тэрыторыі.
Ірына Сінякова таксама жыве ў Сянне па 1-м завулку Мічурына. Жанчыну незадавальняе стан праезнай часткі завулка. Пры гэтым варта заўважыць, што жанчына з гэтай нагоды   звярталася і раней, у тым ліку  да Аляксандра Папкова. Некаторыя работы ў завулку былі праведзены. Але не ў такім аб’ёме, каб задаволіць яго жыхароў.
Вяліся некалі работы, каб нармалізаваць водазабеспячэнне, і ў вёсцы Рулёўшчына. Грошы на новую свідравіну, воданапорную вежу Аляксандр Папкоў, які  тады ўпершыню балаціраваўся ў Палату прадстаўнікоў па Сенненскай акрузе, «шукаў» ва ўрадзе,  у абласным бюджэце. І знайшоў. Неабходныя аб’екты былі пабудаваны. Але водазабеспячэнне ў Рулёўшчыне ад гэтага не палепшылася. Пра сітуацыю дэпутату расказала Ірына Кулік. Чаму грошы «закапалі» ў зямлю, Аляксандр Папкоў папрасіў разабрацца  пракурора раёна.
Патрабуе сур’ёзнага аналізу сітуацыя з водазабеспячэннем жыхароў вуліцы Чырвонаармейская. Водаправод тут будзе пракладзены ў наступным годзе (падрыхтавана неабходная каштарысна-праектная дакументацыя, аб’ект уключаны ў абласную праграму), але толькі па тым баку вуліцы, дзе стаяць дамы з цотнымі нумарамі.
— А як жа мы? — даведаўшыся пра такія абставіны, Святлана Гаравая, маці дваіх маленькіх дзяцей, якая жыве ў доме №9,  ледзь не заплакала. — Я ваду цягаю аж з каплічкі.
І сапраўды. Цяжка зразумець, чаму пры падрыхтоўцы неабходнай дакументацыі для пракладкі водаправода ўлічылі інтарэсы не ўсіх людзей, падзяліўшы  такім чынам іх на «белых» і «чорных». Так, наш раённы бюджэт не такі багаты як хацелася б. Але ж і жыць у 21 стагоддзі, не маючы вады не тое што ў доме, а на даступнай адлегласці, для еўрапейскай дзяржавы сорамна. Таму адказныя асобы, у прыватнасці, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Пракаповіч і галоўны інжынер раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва  Андрэй Лапеха атрымалі даручэнне — прыняць меры, якія дазволяць вырашыць праблему водазабеспячэння ўсіх жыхароў вуліцы Чырвонаармейская.
Некалькі жыхароў райцэнтра звярнуліся да Аляксандра Папкова па пытаннях прыватызацыі жылля. Нехта беспадстаўна спадзяваўся на льготы, а хтосьці распавёў пра, на жаль, даволі распаўсюджаную бюракратычную валакіту, звычайную чалавечую чэрствасць.
Асобна ад іншых стаіць зварот Фёдара Чарняўскага. Да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу наш зямляк, пенсіянер па ўзросце,  звярнуўся таму, што яго турбуе будучыня Сянна.
Моладзь не застаецца ў горадзе, бо няма дзе працаваць, — лічыць ён.
Падзякаваўшы суразмоўцу за неабыякавасць да грамадскіх праблем, Аляксандр Папкоў выказаў у сувязі з гэтым сваё меркаванне. Дэпутат лічыць, што раённым уладам трэба больш настойліва шукаць інвестараў і інвестыцыі, каб ствараць новыя прадпрыемствы, новыя рабочыя месцы, папаўняць раённы бюджэт, паляпшаць умовы жыцця людзей. Па яго прапанове яшчэ да канца 2013 года пройдзе пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, дзе будзе абмеркавана работа кіраўнікоў арганізацыі са зваротамі грамадзян. Для вырашэння праблемы добраўпарадкавання горада, паляпшэння водазабеспячэння, для пошуку дадатковых сродкаў на гэтыя мэты Аляксандр Папкоў лічыць мэтазгодным запрасіць на адно з бліжэйшых пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта адказных асоб аблвыканкама.

Аляксандр ЛАЗЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *