Лепшыя галасы Сенненшчыны

Раённы конкурс маладых выканаўцаў «Песні юнацтва нашых бацькоў» прайшоў напрыканцы мінулага тыдня ў раённым Доме культуры.

 15 юнакоў і дзяўчат з розных прадпрыемстваў і навучальных устаноў Сенненшчыны радавалі прысутных сваімі талентамі. Кожны ўдзельнік прадставіў на суд журы дзве кампазіцыі: грамадска-патрыятычную і песню-шлягер.

  Конкурс «Песні юнацтва нашых бацькоў» на Сенненшчыне стаў традыцыйным і з кожным годам колькасць яго ўдзельнікаў узрастае. Сёння нумары выконваюцца на больш прафесійным узроўні, чым год таму. Гэта заўважылі не толькі члены журы, узначальваў якое дырэктар Сенненскай ДШМ Іван Смірноў, а таксама гледачы. 

  Паслухаць, як спяваюць нашы маладыя артысты, прыехала і Антаніна  Слюнькова, галоўны хормайстар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, якая таксама адзначыла добрую падрыхтоўку канкурсантаў.

  Журы прызнала пераможцамі Яну Шэгідзевіч (вучаніца СШ №2 г.Сянно), Арцёма Шлыка (супрацоўнік Ульянавіцкага лясніцтва ДЛГУ «Багушэўскі лясгас»), Ніну Міхайлоўскую (выхаванка Сенненскай школы-інтэрната).

  Ужо 17  лютага маладыя людзі будуць прадстаўляць наш раён на занальным адборачным туры, які пройдзе ў Лепелі. Заключны этап конкурсу адбудзецца ў абласным цэнтры ў сярэдзіне сакавіка, дзе і выберуць  лепшага маладога выканаўцу.

   Журы адзначыла выступленні дуэтаў у складзе Алы Латышавай і Анастасіі Бялко, Юліі Раманавай і Андрэя Ермашкевіча.  Даспадобы прыйшліся музычныя кампазіцыі ад Вікторыі Ляхновіч, Марыі Шубка, Ганны Стаброўскай. Яны ўзнагароджаны памятнымі падарункамі і дыпломамі ад арганізатараў конкурсу: РК ГА «БРСМ» і аддзела па справах моладзі райвыканкама.

Кацярына КАРПОВІЧ. 

На здымках: (злева направа) А.Бялко, А.Латышава, Я.Шэгідзевіч, А.Шлык, Г. Стаброўская і Н.Міхайлоўская;  моманты выступлення канкурсантаў