Дзяжурны рэпарцёр (№85)

 tel_doveriyaЗаяўку перадалі
Патэлефанавалі з вуліцы Кастрычніцкай, 97а: тэлефон не працуе больш за месяц, дапамажыце.
На момант звароту ў бюро рамонту раённага вузла электрасувязі дзяжурнага па рубрыцы захварэўшага дыспетчара замяняў іншы работнік. Ён паабяцаў перадаць заяўку на рамонт тэлефона, пра які ішла размова, па прызначэнні.
Будзем спадзявацца, што сувязь адновяць.
Няхай будзе святло!
Жыхарка в.Янова Любоў Петравецкая паскардзілася, што на слупе адсутнічае лямпачка, а ў гэту пару вулічнае асвятленне проста неабходна.
У выканкаме Какоўчынскага  сельскага Савета дзяжурнаму «ДР» паабяцалі перадаць заяўку з вёскі Янова ў Сенненскі РЭС у той жа дзень, калі адбывалася гутарка (24 кастрычніка).
Трэба захоўваць правілы
Індывідуальны прадпрымальнік з Віцебска Дзмітрый Войтаў, які гандлюе рыбай, звярнуўся ў рэдакцыю са сваёй праблемай. Раённае спажывецкае таварыства не жадае прадаставіць яму месца для гандлю на Сенненскім рынку.
Старшыня праўлення райспажыўтаварыства Аляксандр Пуцята так пракаментаваў сітуацыю. У прынцыпе ён не супраць таго, каб Дзмітрый Войтаў гандляваў на рынку. Аднак для гэтага трэба захоўваць пэўныя санітарныя нормы. Абсталяваная халадзільнікам машына для перавозкі замарожанай рыбы ў прадпрымальніка ёсць. А вось халадзільная вітрына, наяўнасць якой таксама неабходна, адсутнічае.
Ад рэдакцыі. Добра было б, каб у гэтым пытанні прадпрымальнік і райспажыўтаварыства знайшлі ўзаемаразуменне. Сенненскія пакупнікі былі б ад гэтага толькі ў выйгрышы, бо тавар, якім гандлюе Дзмітрый Войтаў, якасны і танны, у чым можна было пераканацца ў час раённага восеньскага кірмашу.

 Таццяна Буракова.