Вызначылі лепшых

IMG_1152_На гарадскім стадыёне ў рамках XXVI раённай спартакіяды школьнікаў прайшлі спаборніцтвы па лёгкаатлетычным чатырохбор’і «Алімпійскія надзеі».

Навучэнцы з пятнаццаці школ раёна змагаліся за званне лепшых. Гэта былі хлопчыкі і дзяўчынкі 2001-2002 гадоў нараджэння.
Кожны ўдзельнік павінен быў выступіць у некалькіх дысцыплінах чатырохбор’я: прабегчы дыстанцыю 60 метраў, выканаць скачок у даўжыню з разбегу, кінуць мяч. Апроч таго, дзяўчынкам трэба было паказаць сябе ў бегу на дыстанцыі 600 м, а хлопчыкам — 800 м. Чым вышэйшы быў вынік удзельніка, тым больш балаў ён прыносіў сваёй камандзе, бо спаборніцтвы былі асабіста-камандныя.
Адкрываючы мерапрыемства, вітала каманды-удзельніцы Ірына Грабнёва, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Сенненскага райвыканкама, якая адзначыла: «Раённая спартакіяда праводзіцца з мэтай развіцця спартыўна-масавага руху сярод школьнікаў, прапаганды спорту і здаровага ладу жыцця. Спаборніцтвы раённай спартакіяды з’яўляюцца асноўным этапам пры фарміраванні зборных каманд раёна для ўдзелу ў абласной спартакіядзе школьнікаў».
Падтрымаць юных спартсменаў прыйшлі і дзяўчаты з калектыву мастацкай самадзейнасці СШ №2 г.Сянно, якія не толькі пажадалі поспеху, але і выканалі  некалькі вясёлых кампазіцый для ўзняцця настрою ўдзельнікаў.
Дрэннае надвор’е не стала перашкодай для дзяцей, каб у гэты дзень прадэманстраваць узровень сваёй фізічнай падрыхтоўкі. У выніку спаборніцтваў месцы размеркаваліся наступным чынам. На вышэйшую ступень п’едэстала паднялася каманда СШ №2 г.Сянно, другімі сталі лёгкаатлеты Студзёнкаўскай школы, а трэцімі — СШ №1 г.п.Багушэўск.
На працягу навучальнага года ў рамках XXVI раённай спартакіяды школьнікаў пройдзе яшчэ шмат спаборніцтваў, у якіх вызначацца лепшыя. Каманды сярэдніх гарадскіх устаноў адукацыі праявяць сябе ў 7 абавязковых відах спорту і 6 відах па выбары, сярэдніх сельскіх — у 5 абавязковых і 8 па выбары, а навучэнцы базавых школ — у 3 абавязковых і 4 па выбары.

Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *