Яе лёс — дапамагаць людзям

Старая сядзела адзінюткая ў сваёй хаце. Гэта апошняе, што засталося ў яе з усяго нажытага за доўгія гады. Некалі сцены тады новага дома поўніліся дзіцячымі галасамі, сямейнымі сваркамі (у кожнай сям’і не без гэтага), святочнай мітуснёй. А цяпер прыйшлі цішыня і адзінота, такія жаданыя ў маладосці і цяжкія ў старасці. Дзеці даўно выраслі, разляцеліся-раз’ехаліся хто-куды на сотні кіламетраў ад роднага ганка. Кожны год клічуць да сябе. Але яна не спяшаецца перабірацца да іх. Не хоча кідаць старую хату. Што з ёй стане без яе — разбяруць! Ды і чалавек без свайго жытла, бы дрэва без каранёў, хутка зачахне! Не, тут яе месца, сярод знаёмых людзей, хат. Глядзіш, і дзеці хутчэй у родныя пенаты наведаюцца, калі будзе да каго! А хвалявацца за яе не трэба. Усё дагледзіць «дачушка» —  сацыяльны работнік.

 Такіх «дачушак» і «ўнучачак» у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслу­гоўвання насельніцтва працуе 83 чалавекі. А маючых патрэбу ў надомным абслугоўванні па стану на 1 жніўня 2010 года ў раёне налічвалася 406 чалавек. Сярод іх ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды, састарэлыя. Аб’ядноўвае адно, усе яны — людзі адзі­нока пражываючыя. Сацыяльныя работнікі выконваюць 17 відаў паслуг.  За сухімі лічбамі хаваюцца штодзённыя клопаты, без якіх чалавечае жыццё не мысліцца: гатаванне, уборка, хаджэнне ў крамы, догляд за агародчыкам (калі такі ёсць) і шмат чаго іншага. Для сваіх падапечных яны быццам анёлы-ахоўнікі.

  Тамара Тылец — адна са старэйшых сацработнікаў установы. Сёлета яе працоўны стаж налічыў ажно 20 гадоў. У сацыяльную сістэму яна прыйшла не адразу. У юнацтве бачыла сябе ў бухгалтэрыі ці гандлі. Пасля заканчэння вучылішча 10 гадоў адпрацавала ў Дзярж­­страху. Адтуль, у 1990 годзе, перайшла ў «сацыялку». Гэта былі гады станаўлення беларускай сацыяльнай сістэмы. Першапра­ходцы, такія, як Тамара Тылец,  сталі гонарам і прыкла­дам для многіх пакаленняў сенненскіх сацработнікаў. Мая субяседніца прызнаецца, што ніколі не шкадавала аб выбары. Тут яна адчувае сябе на сваім месцы. У нечым збыліся і юнацкія мары. Ведаеце, што аб’ядноўвае гандляра і сацработніка? Неабходнасць заўсёды быць у стасунках з людзьмі. У гэтым Тамара Уладзіміраўна бачыць галоўны плюс сваёй работы.

 Першае, што зрабіла маладзенькая сацработніца Тамара Тылец, — набыла бялюткую сукенку! А як жа ў такім убранні ежу гатаваць, падлогу мыць, скажаце вы? На гэта ў яе заўсёды з сабой «спяцоўка». А да сваіх падапечных трэба прыходзіць прыгожай, светлай і пазітыўнай, упэўнена Тамара Уладзі­міраўна. Гэта адразу стварае добры настрой у старых, а значыць, і ў сацработніка. Пастаянных кліентаў у яе 8 чалавек. Самай старэйшай — 91 год. Самай маладзейшай няма і шасцідзесяці (жанчына стала інвалідам). Да кагосьці, згодна службовай інструкцыі, трэба наведвацца 2 разы на тыдзень, да іншых — 3, 4 разы. Зімой даходзіць і да пяціразовых візітаў. Яе вуліцы — Жаўрука, Кастрычніцкая, Пралетарская, Мічурына — раскіданы ў розных канцах горада. Штодзённая прабежка вартая прафесійнага спартсмена-бегуна. Ды і штатная інструкцыя нярэдка падпраўляецца жыццём. Па любой вялікай ці малой патрэбе кліенты адразу тэлефануюцьна  мабільны. Нядаўна, напрыклад, выклікалі а 12 гадзі­не ночы: бабульцы стала дрэнна. Тамара, не адкладваючы, пабегла да старой. Хаця, часам, для старых важны не столькі матэрыяльныя выгоды, колькі душэўны суразмоўца, з якім можна пагаварыць, абмеркаваць апошнія навіны, які суцешыць, падтрымае. Яна ж, бадай, адзіная, хто адчыняе дзверы ў іх дом, цікавіцца старэчым жыццём. Тамара Уладзіміраўна — як тонкі псіхолаг, да кожнага знаходзіць падыход. Не дзіўна, што яна, чужая па сутнасці, стала для іх родным чалавекам, мо, нават, раднейшым за ўласных дзяцей. Адна з кліентак штогод запрашае Тамару разам з мужам на дзень народзінаў. Сужэнцы Тылец не адмаўляюцца, абавязкова падаруначак для імянінніцы прыдбаюць.

 Ёй давяраюць старыя людзі і провады ў апошні шлях. Ведаюць, зробіць усё як след: абмые, апране, арганізуе хаўтуры. Нярэдка ёй даводзілася паведамляць родным жалобную вестку. Для гэтага ў яе запісаны тэлефоны дзяцей усіх кліентаў.

 — Добра, каб яны і проста так тэлефанавалі, часцей цікавіліся здароўем, настроем састарэлых маці ці бацькі, — кажа Тамара.

 А мы тым часам пацікавіліся ўласным жыццём сацработніка. Якая чысціня, якая ўтульнасць у яе доме! — дзеляцца ўражаннямі калегі. Хуткая, гаваркая, Тамара паспявае навесці ідэальны парадак і ў сваім доме, і ў жыллі падапечных. Яна сама ўжо двойчы маці, бабуля. Сын Віктар жыве і працуе ў Паставах. Дачка Святлана здзейсніла мамі­ну мару, пайшла ў гандлёвую сферу, працуе таваразнаўцам у райспажыўтаварыстве. Радуе маленькая ўнучачка Яўгенія. Муж, Васіль Дзмітрыевіч, доўгі час таксама працаваў у гандлі. А цяпер перайшоў да жонкі ў ТЦСАН. Так, дапамога людзям стала іх сямейнай справай.

 За ўсе гады працы ад яе кліентаў не паступіла ніводнай скаргі, ніводнага наракання. У лістападзе 2004 года Тамара Уладзіміраўна Тылец была ўзнагароджана Ганаровай граматай Сенненскага раённага выканаўчага камітэта. А ў 2006 годзе яе фотаздымак упрыгожыў раённую Дошку гонару. Грамат і Падзяк у яе шмат. Але галоўнай узнагародай для сябе Тамара Уладзіміраўна лічыць вочы сваіх падапечных, напоўненыя радасцю, бадзёрасцю і аптымізмам, калі яны бачаць сваю «Тамарачку». Рабіць дабро і адчуваць людскую ўдзячнасць — вось сапраўдны стымул для працы і жыцця.

Вольга Бандарэвіч.

 На здымках:  Тамара Тылец са сваёй падапечнай 91-гадовай Р.Б.Файцельсон; дзве Тамары: Т.М.Смірнова і Т.У.Тылец.