Багушэўск і багушэўцы

Да свайго юбілею Багушэўск  і багушэўцы  рыхтаваліся ўпарта, у адпаведнасці з распрацаваным планам.  Не ўсё з задуманага ўдалося рэалізаваць,  але  зробленае за­ста­нецца  нашчадкам. На  падрыхтоўку да юбілею і правядзенне святочных мерапрыемстваў было патрачана звыш 9 млрд рублёў — з раённага і абласнога бюджэтаў,  сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый,  якія працуюць у Багушэўску. Свой уклад унеслі багушэўцы, зарабіўшы грошы ў час суботнікаў.

 Гартаючы старонкі гісторыі, прысутныя ў зале Дома культуры перанесліся на 130 гадоў таму. Разам з Забароўскім, Рэутам, Гозіным шукалі першапачатковы капітал на развіццё бізнесу, разам са спадаром Багушэўскім разважалі пра іншыя духоўныя каштоўнасці, пра якія  павінен дбаць на гэтай зямлі чалавек. Як сведчыць гісторыя, у тым ліку Багушэўска, адно без другога не бывае. Сярод багушэўцаў шмат знакамітых лю­дзей. Пётр Абрасімаў, які ў маладыя гады вызначаўся як камсамолец-актывіст, стаў вядомым дзяржаўным  дзеячам, быў паслом СССР у Францыі, ГДР. Уладзімір Платонаў – выдатнік у школе —  абараніў у 24 гады  кандыдацкую дысертацыю па матэматыцы, праз тры гады – доктарскую, у 29 гадоў – ён прафесар, загадчык кафедры  БДУ, у 30 – член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР. Як вучонага  яго ведаюць і высока цэняць ва ўсім свеце. Актрыса Купалаўскага тэатра, народная артыстка БССР Зінаіда Канапелька таксама нарадзілася ў Багушэўску.  На яе спектаклі спецыяльна прыязджалі з усіх куткоў Беларусі . Яна  ўдастоена вышэйшай тэатральнай узнагароды нашай краіны “Хрустальная Паўлінка”. Трагічна абарвалася жыццё Аляксандра Марфіцкага, ураджэнца Багушэўска. Лётчык-снайпер, палкоўнік Узброеных Сіл Беларусі загінуў у час паказальных выступленняў на авіясалоне ў польскім горадзе  Радам. Самалёт СУ-27 нечакана стаў падаць. Ратуючы гараджан, якія прыйшлі паназіраць за выступленнямі лётчыкаў, экіпаж самалёта паспеў адвесці машыну за горад. Каб катапультавацца самім, у лётчыкаў часу не засталося…

 Сённяшняе жыццё гарадскога пасёлка таксама не ідзе само па сабе. Яго рухаюць людзі, не абыякавыя да грамадскіх праблем. Віншуючы багушэўцаў са знамянальная датай, Эдуард Герасіменка, старшыня райвыканкама, высока ацаніў дзейнасць  цяперашняга старшыні пасялковага Савета дэпутатаў Любові Трубека.

 — Усе надзённыя праблемы пасёлка яна вырашае ўласнымі сіламі. Райвыканкам толькі дапамагае. Таму і зваротаў  багушэўцаў у вышэйшыя органы ўлады стала прыкметна менш, — з задавальненнем канстатаваў ён.

  Праца Любові Трубека ацэнена. Летась яна  і дырэктар КУПБА “Прэстыж” Аляксандр Ласянкоў сталі лаўрэатамі намінацыі “Чалавек года Віцебшчыны”. Сёлета да юбілею Багушэўска старшыня пасялковай выканаўчай улады ўзнагароджана Ганаровай граматай аблвыканкама. Высокую ўзнагароду ёй, а таксама Вячаславу Багданаву, галоўнаму ўрачу Багушэўскай раённай бальніцы, Галіне Рабцавай, старшыні вулічнага камітэта, уручыў Алег Мацкевіч, намеснік старшыні аблвыканкама. Ён перадаў падзячныя пісьмы групе іншыхграмадскіх актывістаў  Багушэўска.

 Дарэчы, усё тое дзейства, якое разгарнулася на сцэне Дома культуры, было прадстаўлена  ў холе, на вуліцах Багушэўска, — вынік працы вось такіх неабыякавых людзей.

 Багушэўск — асаблівае месца на зямлі не толькі для народжаных тут. Багушэўцамі становяцца, пераймаюць  прадпрымальніцкі менталітэт мясцовага люду ўсе, хто некалі тут жыў і працаваў. Да прыкладу, Міхаіл Амельяновіч  — міністр лясной гаспадаркі. А некалі свой працоўны шлях маладым спецыялістам ён пачынаў у Багушэўскім  лясгасе, быў  яго дырэктарам…

Падарункі да юбілею

 Мясцовы Дом культуры заўжды быў цэнтрам эстэтычнага выхавання, прыстанішчам людзей творчых. Тут свае рэпетыцыі спектакляў праводзяць артысты аматарскага тэатра. Летась ён адзначыў 50-годдзе з часу  надання ямузвання народнага. А створаны тэатр быў у далёкія 20-я гады мінулага стагоддзя. Пры Доме культуры працуюць і іншыя творчыя калектывы. Апантаным творчасцю людзям цяпер будзе працаваць намнога зручней. Бо Дом культуры  адрамантаваны намаганнямі будаўнікоў РУП “Віцебскі ДБК”, які ўзначальвае Анатоль Стрык, ураджэнец гэтых мясцін.

 Яшчэ  адным падарункам для багушэўцаў стала адкрыццё паліклінікі.

 — Многія не верылі, што былы адміністрацыйны будынак сельгасхіміі можна ператварыць у сучасную лячэбную ўстанову. Мы даказалі, што гэта магчыма. Пасля рэканструкцыі,  замены абсталявання тут зручна працаваць медыкам, утульна пацыентам. Абсталяванне, якое  з’явілася ў паліклініцы, — самае сучаснае. Яно паслужыць дзеля здароўя людзей, — не сумняваецца  Эдуард Герасіменка. Старшыню райвыканкама падтрымалі намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Андрэй  Андрушкін. Сімвалічны ключ ад адноўленай паліклінікі галоўнаму ўрачу Багушэўскай раённай бальніцы уручыў дырэктар ААТ “ВітМадэрнБуд”  Аляксандр Когут.

 Для багушэўцаў, пасажыраў, якія адпраўляюцца ў шлях і вяртаюцца з падарожжа чыгуначным транспартам, вялікае значэнне  мае  адкрыццё магазіна-кафэ “Жытніца” Віцебскага КХП. Ён знаходзіцца побач з чыгуначным вакзалам.  За столікам, ва ўтульным памяшканні можна перакусіць, набыць прадукты харчавання для хатняга прыгатавання. Вяскоўцаў бліжэйшых да Багушэўска сельсаветаў зацікавіць гандлёвая кропка тым, што яна прапануе канцэнтраты для  жывёлы.

 Да свята Багушэўска жыхарам пасёлка  падрыхтавала падарункі  праўленне Сенненскага райспажыўтаварыства. Напярэдадні пачаў працаваць адноўлены магазін ”Радуга”. Пасля рэканструкцыі  пакупнікі тут карыстаюцца  сістэмай самаабслугоўвання.  На месцы сталовай  з’явілася рэспектабельнае кафэ“Родны кут”. Змяніўся не толькі знешні выгляд установы грамадскага харчавання, але і ўнутраная аздоба. Так што цяпер у багушэўцаў ёсць месца, дзе можна пасядзець з сябрамі за кубкам кавы, выпіць іншага напою.

Гулялі,

пакуль сіл хапала

 Святкавалі багушэўцы не толькі  ў Доме культуры і пераразаючы чырвоныя стужкі на  адкрыцці чарговага аб’екта сацыяльнай інфраструктуры. Увесь пасёлак стаў вялікай пляцоўкай, дзе спявалі і танцавалі, прадавалі і куплялі, выстаўлялі і захапляліся вырабамі з саломкі, гліны, лазы, бісеру.  Многіх, хто  наведаўся на выставы, уразілі вырабы выхаванцаў школы-інтэрната для дзяцей з псіхафізічнымі адхіленнямі ў развіцці. Магчыма, таму, што сярод экспанатаў іх выставы было шмат работ духоўнай накіраванасці.

 Добры настрой багушэўцаў падтрымлівалі іншыя тэматычныя пляцоўкі, на якіх выступалі артысты з Віцебска і Сянно, цыркавыя атракцыёны і масавыя забаўляльныя гульні, дыскатэка і святочны феерверк.

  — Багушэўску ўсяго 130 гадоў.  А мне здалося – намнога больш. Настолькі багатая яго гісторыя! – выказаўся  Міхаіл Амельяновіч, вітаючы багушэўцаў. На вуліцах Багушэўска ў дзень святкавання юбілею гарадскога пасёлка было шмат маладых людзей, дзяцей. Менавіта ім  далей тварыць гісторыю свайго населенага пункта.

Аляксандр Лазюк.