Валерый Лектараў стаў лаўрэатам

lektorovВалерый Міхайлавіч — асоба вядомая не толькі ў Сенненскім раёне, але і па-за яго межамі. Больш трыццаці гадоў ён прысвяціў трэнерскай рабоце. Сярод яго вучняў — трохразовы чэмпіён Свету па біятлоне Пётр Івашка, цэлая пляяда маладых біятланістаў, у тым ліку сярэбраныя прызёры чэмпіянату Свету па летнім біятлоне Вера Калбянок, Ірына Крыўко.

Нямала яго выхаванцаў знаходзяцца ў спісачным складзе нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь, вучацца ў вучылішчах алімпійскага рэзерву і школах вышэйшага спартыўнага майстэрства. Адзін з лепшых дзіцячых трэнераў Віцебшчыны рэгулярна знаходзіць таленавітых дзяцей і дапамагае ім спасцігаць лыжныя і стралковыя азы біятлона. Укладвае ў сваіх выхаванцаў усе свае трэнерскія веды, сілу і цярпенне. Адсюль вынікаюць добрыя рэзультаты яго вучняў у вялікім спорце. Менавіта, за дасягненні свайго выхаванца — Віктара Крыўко — Валерый Міхайлавіч і быў вылучаны на атрыманне прэміі «Спартыўны Алімп».
У 2012 годзе Віктар Крыўко ўдзельнічаў у Алімпійскіх днях моладзі Рэспублікі Беларусь, дзе стаў пераможцам у індывідуальнай гонцы, змешанай эстафеце, гонцы праследавання, спрынце; у Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў (спрынт, гонка праследавання, змешаная эстафета); у першынстве Рэспублікі Беларусь па біятлоне (спрынт). Прымаў удзел у Юнацкіх Алімпійскіх гульнях, на чэмпіянаце Свету ў Фінляндыі заняў 4-ае месца ў спрынце, 6-ае — у эстафеце. На «Кубку Аўстрыі» прыйшоў другім (спрынт) і трэцім (гонка праследавання). Сёння Віктар Крыўко — член нацыянальнай зборнай (зменны склад) Рэспублікі Беларусь.

Ірына ГАРБАЧОВА.