З першым хлебам
На Сенненшчыне правялі зажынкі. Інсцэніроўку старажытнага народнага абраду на сучасны лад на палетках ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» наладзілі работнікі раённага Дому культуры і творчых калектываў установы. Жнеі ў нацыянальных строях, камбайнеры ў фірменным адзенні акцыянернага таварыства, кіраўніцтва раёна і сельгасарганізацый у строгіх дзелавых касцюмах; серп і магутны камбайн; абрадавыя песні і беларуская мова — усё гэта на фоне вялізнага поля ўспрымалася вельмі арганічна.
Зжаты першыя снапы збожжа. Жнеі, у якасці якіх выступілі жыхаркі аграгарадка Багданава, адзін з іх падносяць першаму намесніку старшыні райвыканкама Леаніду Хірэвічу. Прымаючы сімвалічны падарунак, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання не хаваў — сёлетні сельскагаспадарчы год стаў выпрабаваннем для аграрнікаў. Нягледзячы на найскладанейшыя ўмовы надвор’я, хлебаробы раёна плануюць сабраць ураджай зерневых культур не меншы чым летась. Справіцца з такой задачай можна толькі пры высокай арганізацыі ўборачных работ, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую гадзіну.
А надвор’е, тым часам, не перастае падносіць сюрпрызы. Яшчэ не завершыўся абрад зажынак, а з неба стаў накрапваць дожджык. Нехта ўспрыняў яго, як добры знак, большасць загаварылі пра неспрыяльныя прагнозы на выхадныя і бліжэйшы тыдзень.
Прыняў свежазжаты сноп і Іосіф Свістуноў, дырэктар райаграсэрвісу. У сваім выступленні ён больш звяртаўся да галоўнай асобы жніва — камбайнераў, нагадаўшы механізатарам аб высокай адказнасці за працу, бо збожжа — плён работы ўсяго калектыву. А яшчэ ён прасіў дакладна выконваць правілы аховы працы: «Памятайце, побач з вамі знаходзяцца іншыя людзі. Іх, як і вас, чакаюць дома родныя». Удзельнікі жніва атрымалі благаслаўленне на працу, на добры ўраджай ад айца Дзмітрыя, святара Свята-Мікалаеўскай царквы г. Сянно. Ён асвяціў людзей, тэхніку, поле, пасля чаго камбайны прыступілі да абмалоту збожыны. А першым гэта зрабіў Сяргей Сініцкі. Летась у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» ён дасягнуў самага высокага намалоту.
Работа на хлебных, рапсавых палетках вялася і да раённых зажынак. Пасля іх жніво ў гаспадарках раёна мусіць распачацца масава.
Да гэтага земляробаў змушае і стан збожжа, і ўмовы надвор’я.
«Прыходзьце хутчэй нас зажынаць», — гэтыя словы адной са жніўных песен больш чым актуальныя. Яны — рэкамендацыя да неадкладных дзеянняў для ўсіх удзельнікаў жніва: ад камбайнераў да кіраўнікоў.
Абрадавыя дзеянні ў старажытнасці насілі рытуальны характар і выконваліся вельмі дакладна, бо былі накіраваны на ўлагоджванне прыродных сіл, перад якімі нашы продкі адчувалі сябе безабароннымі. З развіццём сродкаў вытворчасці, з паглыбленнем земляробчых ведаў залежнасць чалавека ад стыхіі прыроды зменшылася. У рэшце рэшт, прыйшло разуменне, што задобрыць навальніцу, буру, сонца немагчыма. Так што сучасныя абрады, у тым ліку зажынкі, толькі частка этнакультуры, сведчанне прыналежнасці да таго ці іншага этнасу, народу. І ўсё ж, на ўзроўні падсвядомасці спадзяванне на дапамогу звышсіл жыве нават у людзях XXI стагоддзя, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці і веравызнання.
Наш кар.