Бацькі і дзеці

семьяГэта супрацьпастаўленне жыве, напэўна, столькі, колькі стаіць свет. Але раней яно не было такім вострым як у наш цывілізаваны прагматычны час, у якім усё менш і менш застаецца месца духоўным якасцям і маралі ды і проста чалавечым пачуццям, што адрозніваюць нас ад астатняга жывёльнага свету.

Ранейшая патрыярхальная сям’я жыла сваімі, іншымі, правіламі, поглядамі і традыцыямі. Патрэбы і жаданні старых і маладзейшых, вядома, і тады ў нечым адрозніваліся, але не настолькі, каб самым родным людзям не хапала месца ў адной хаце.
Цяпер час іншы. Сваяцкія адносіны адыходзяць на другі план. На першым — асабістая карысць і ўласныя зручнасці, дзеля якіх многія гатовы адмовіцца ад сумлення і проста натуральнай спагады да роднага чалавека.
Наогул, многія сучасныя людзі не баяцца страціць маральнае чалавечае аблічча, а пужаюцца нейкіх уяўных бытавых складанасцей, якія інакш як часовымі нязручнасцямі і не назавеш. Нашы маці, якія цяпер састарэлі, выхоўвалі сваіх дзяцей у горшых умовах (і бытавых, і матэрыяльных), чым цяпер маем мы. Ім даводзілася і больш працаваць, а часам, і не даядаць, каб стварыць дастойнае жыццё сваім сыночкам і дачушкам. І яны маюць маральнае (ды і па законе) права разлічваць на ўдзячнасць. Але, на жаль, нярэдка, удзячнасці гэтай не знаходзяць.
Нядаўна ў рэдакцыю «ГС» звярнулася састарэлая жанчына, інвалід І групы, жыхарка адной з вёсак нашага раёна, прозвішча якой па этычных меркаваннях мы называць не будзем. Яна мае дваіх дзяцей. Але пакуль магла, жыла адна, трымала гаспадарку, агарод. Хаця хадзіць ёй было цяжка, ўсё ж адчувала ў сабе сілы для «самастойнага» існавання. Потым, калі здароўе яшчэ больш пагоршылася, звярнулася да паслуг сацыяльнага работніка, таму што не хацела абцяжарваць дзяцей лішнімі клопатамі. Але ў апошні час здароўе здало зусім, і сацыяльны работнік — ужо не выйсце. Старая, хворая жанчына хоча, каб хто-небудзь з дзяцей узяў яе да сябе. Аднак дачушкі не выказваюць ніякага жадання зрабіць гэта. Адна, якая жыве ў прыватным доме, сваё нежаданне матывуе тым, што няма месца, бо ўласная сям’я вялікая. У другой чатырохпакаёвая кватэра ў горадзе. Але там, па ўсёй верагоднасці, супраць зяць: не жадае бачыць цешчу кожны дзень перад вачыма.
Старая мае намер звярнуцца ў суд, каб прымусіць дачок узяць яе да сябе. Але калі суд і абавяжа дзяцей жыць разам з роднай маці, што гэта будзе за жыццё. Калі штосьці робіцца «з-пад палкі» (тым больш у такім далікатным пытанні), нічога «путнага» з гэтага не атрымліваецца. Жыць пад адным дахам і ведаць, што цябе тут не хочуць, — не кожны вытрымае такое псіхалагічнае выпрабаванне. Ды і ці будуць належным чынам адносіцца «гаспадары» да «падселенца» (сілком не будзеш любы)?
Ёсць у гэтай сітуацыі яшчэ і такое выйсце. Многія старыя, калі ўжо не могуць жыць адны, самі сябе абслугоўваць у поўнай меры і разлічваць на падтрымку дзяцей, пасяляюцца ў дамах-інтэрнатах. Гэтыя ўстановы прымаюць як адзінокіх састарэлых і інвалідаў, так і тых, хто мае дзяцей. Толькі, калі ёсць дзеці ці іншыя асобы, абавязаныя законам утрымліваць старых, жылыя памяшканні грамадзянам ў дамах-інтэрнатах прадастаўляюцца на платных умовах.
Аднак не ўсе старыя, як і ў выпадку з патэлефанаваўшай у рэдакцыю жанчынай, хочуць дажываць свой век у нязвыклай абстаноўцы, сярод чужых людзей. Вельмі цяжка пажылому чалавеку прыстасоўвацца да новых умоў. А думка, што дзеці, якім аддавалася ўсё лепшае, дзеля якіх пражыта жыццё, адмовіліся, «спіхнулі» на ўтрыманне «казённай» установы, робіць існаванне і зусім невыносным.
Што тут рабіць: заклікаць да сумлення, пагражаць судом? Але сапраўдны суд для няўдзячных, чэрствых дарослых дзяцей яшчэ наперадзе. І пакаранне сабе яны падрыхтавалі сваімі рукамі. Не выключана, што іх дзеці таксама, гледзячы на прыклад бацькоў, акажуцца бяздушнымі і абыякавымі…

Таццяна Буракова.