У Сенненскім раёне прайшла нарада з адказнымі за ідэалагічную работу ў арганізацыях. Вопытам сваёй дзейнасці ў форме творчай справаздачы падзялілася ідэалагічная служба Цэнтра банкаўскіх паслуг №218 ААТ «ААБ Беларусбанк»

  Спачатку для ўдзельнікаў мерапрыемства дырэктар Цэнтра Таццяна Гарнак правяла экскурсію па сваёй установе. Прысутныя азнаёміліся з афармленнем нагляднай агітацыі і інфармацыйных стэндаў, з рабочымі месцамі банкаўскіх служачых. Удзельнікі нарады наведалі таксама выставу «Арганізацыя ідэалагічнай работы ў працоўным калектыве Цэнтра банкаўскіх паслуг №218».

 Тэарэтычную частку нарады адкрыла намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Зоя Фаміна. Яна паведаміла, што па выніках работы  за мінулы год калектыў банкаўскай установы будзе занесены на раённую Дошку гонару. У гэту ўстанову заўсёды прыемна прыйсці; кліенты, якія бачаць уважлівыя адносіны, прафесійнае абслугоўванне, ідуць сюды яшчэ і яшчэ раз, адзначыла Зоя Сцяпанаўна. Многае, як і ў рабоце любога працоўнага калектыву, тут залежыць ад кіраўніка. Калі кіраўнік на сваім месцы, калі ён «гарыць» сам і вядзе за сабой падначаленых, тады ёсць і вынікі, як гэта можна бачыць у Цэнтры банкаўскіх паслуг, падкрэсліла выступаючая. Яна заклікала ідэолагаў вывучыць вопыт работы ўстановы і выкарыстаць яго ў сваёй дзейнасці.

 Галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Юлія Бутар, якая прыняла ўдзел у нара­дзе сенненскіх ідэолагаў, адзначыла, што, згодна з рашэннем абласной камісіі па правядзенні агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах вобласці Цэнтр банкаўскіх паслуг г.Сянно ў намінацыі «Банкаўская сфера» заняў першае месца. У калектыве праводзіцца сістэматычная прадуктыўная работа, адзначыла Юлія Бутар. Тут добра разумеюць сутнасць ідэалагічнай дзейнасці — дайсці да кожнага, і з поспехам увасабляюць яе ў жыццё.

 Дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг расказала пра гісторыю станаўлення Беларусбанка ў нашым раёне, пазнаёміла з выкананнем прагнозных паказчыкаў. Працэнт іх выканання самы высокі сярод усіх структурных падраздзяленняў Беларусбанка па вобласці. Па колькасці інфакіёскаў Цэнтр банкаўскіх паслуг г.Сянно таксама займае адну з лідзіруючых пазіцый. Другі паказчык — па колькасці банкаматаў і аснашчанасці гандлёвых прадпрыемстваў тэрмінальным абсталяваннем.

 Укладчыкамі Цэнтра адкрыта больш за 50 тысяч рахункаў. З дапамогай крэдытнай падтрымкі банка 550 сямей палепшылі свае жыллёвыя ўмовы (у тым ліку больш за 40 мнагадзетных), газіфікавана 128 прыватных дамоў. Больш за 30 маладых сямей атрымалі фінансавую падтрымку дзяржавы на будаў­ніцтва кватэр. Сорак крэдытапалучальнікаў аплочваюць абучэнне ў вышэйшых навучальных установах.

 Кліенцкая база Цэнтра ў цяперашні час налічвае больш за 200 суб’ектаў гаспадарання розных форм уласнасці, якім  прапаноўваецца больш за 130 відаў банкаўскіх паслуг.

 Выніковасць работы ўстановы не выпадковая, адзначыла ў сваім выступленні Таццяна Гарнак. Гэта плод шматгадовай карпатлівай працы па згуртаванні калектыву. Спецыялісты, як ад­дзяленняў, так і Цэнтра, на працягу апошніх трох гадоў неаднаразова з’яўляліся пераможцамі прафесійных конкурсаў. Па выніках работы за 2012 год аддзяленне №166 в.Янова (спецыяліст Святлана Яцко) стала пераможцам конкурсу «Лепшае аддзяленне па Віцебскай вобласці» і ўзнагароджана Ганаровай граматай начальніка філіяла №200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк». Тамара Лапеха, галоўны спецыяліст аддзела карпарацыйнага бізнесу, з’яўляецца пераможцай абласнога конкурсу «Прафесіянал 2012-га года». Ёй аб’яўлена Падзяка начальніка філіяла №200. Такая ж Падзяка аб’яўлена і спецыялісту гэтага аддзела Галіне Бабахінай. Усяго па выніках работы за 2012 год былі заахвочаны 17 супрацоўнікаў установы з 44.

 У Цэнтры стала традыцыйным  правядзенне штогадовых конкурсаў «Лепшы банкаўскі работнік» і «Лепшае аддзяленне». У Банку распрацавана і зацверджана Палажэнне аб мерах маральнага заахвочвання. Вядзецца работа з перспектыўным рэзервам кадраў і з рэзервам на кіруючыя пасады.

 Ідэалагічная работа ў ЦБП, падкрэсліла Таццяна Гарнак, накіравана на тое, каб дапамагчы супрацоўнікам выхаваць пачуццё адказнасці за сваю работу і свой калектыў.

 І гэтыя намаганні ацэнены па дастоінстве. Намеснік дырэктара ЦБП Злата Шацько за фарміраванне, падтрыманне і ўмацаванне станоўчага іміджу банка, актыўную інфармацыйна-прапагандысцкую работу адзначана Падзякай начальніка філіяла №200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк». За шматгадовую добрасумленную працу ў сувязі з 90-годдзем ААТ «ААБ Беларусбанк» Ганаровай граматай Сенненскага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг першай катэгорыі Таццяна Румо.

 Сёння банк імкнецца ў будучыню, дзе галоўным напрамкам дзейнасці застануцца якасць прадастаўляемых паслуг і забеспячэнне дастатковай фінансавай устойлівасці банкаўскай установы, адзначыла Таццяна Пятроўна.

 Падсумоўваючы выступленне дырэктара ЦБП, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Сяргей Мяцеліца выказаў думку, што кіраўнік пастаянна нацэльвае, мабілізуе калектыў на дасягненне максімальных вынікаў, і гэта дае свой плён.

 Дырэктар Цэнтра Таццяна Гарнак за шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна ў сувязі з 90-годдзем ААТ «ААБ Беларусбанк» узнагароджана Ганаровай граматай Сенненскага раённага выканаўчага камітэта.

 Вялікім падспор’ем у арганізацыі ідэалагічнай работы з’яўляюцца грамадскія арганізацыі, зазначыла ў сваім выступленні намеснік дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг Злата Шацько. У ЦБП дзейнічаюць прафсаюзная, ветэранская арганізацыі, пярвічныя арганізацыі БРСМ і грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Ва ўстанове створаны добраахвотная дружына і савет прафілактыкі правапарушэнняў, якія эфектыўна працуюць. У сувязі з 90-годдзем ААТ «ААБ Беларусбанк» актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, асабісты ўклад у ахову правапарадку раёна галоўнага спецыяліста службы бяспекі і камандзіра добраахвотнай дружыны Уладзіміра Бачука адзначаны Падзячным пісьмом Сенненскага райвыканкама.

 У калектыве вельмі важная маральна-псіхалагічная атмасфера, лічаць актывісты ідэалагічнай службы ЦБП. Важна ведаць праблемы і патрэбы кожнага супрацоўніка, каб своечасова аказаць неабходную падтрымку і дапамогу, сказала ў сваім выступленні Злата Шацько.

 У выніку аналізу сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў банкаўскай установе, які праводзіўся псіхолагам аблупраўлення, быў зроблены вывад — калектыў працуе як адзіная каманда.

 Усе грамадскія арганізацыі, створаныя ў ЦБП, дзейнічаюць, аб’яднаўшы намаганні. Кожная выпрацоўвае свой план, потым ствараецца агульны план ідэалагічнай работы.

 У калектыве праходзіць шмат цікавых мерапрыемстваў. Сярод іх — ушанаванні мнагадзетных маці, віншаванні з нараджэннем дзіцяці, з уступленнем у шлюб, салодкія сталы для дзяцей-першакласнікаў у Дзень ведаў і іншыя. Сталі традыцыяй наведванні аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў і сацыяльнага дзіцячага прытулку.

 За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, дзейнасць па абароне правоў жанчын, сям’і і дзяцей у сувязі з 90-годдзем ААТ «ААБ Беларусбанк» намеснік дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг Злата Шацько атрымала Падзячнае пісьмо Сенненскага райвыканкама. 

 Не забываюць у калектыве і ветэранаў, якія стваралі гісторыю банка, стаялі ля вытокаў яго працоўных традыцый. У Дзень пажылых людзей для іх арганізоўваюць салодкі стол і рыхтуюць падарункі. Праводзяцца дні адчыненых дзвярэй для школьнікаў, якім уручаецца сувенірная прадукцыя.

 Клапоцяцца ва ўстанове і пра здароўе работнікаў. Сёлета прайшлі аздараўленне 5 супрацоўнікаў і дзяцей. З мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця праводзяцца медыцынскія абследаванні, Дні здароўя.

 Уся работа ідэалагічнай службы ўстановы асвятляецца ў газетах «Голас Сенненшчыны» і «Наш банк сегодня». Узровень узаема­дзеяння сенненскага ЦБП са сродкамі масавай інфармацыі атрымаў высокую ацэнку Віцебскага аблупраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк». Прафсаюзная «пярвічка» Цэнтра ўзнагароджана Дыпломам за лепшую пастаноўку інфармацыйнай работы сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый Беларускага прафесіянальнага саюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў.

 Пра работу з маладымі спецыялістамі ўдзельнікам нарады  расказала сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» Кацярына Іванова. З арганізацыяй патрыятычнай, культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы пазнаёміла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ірына Барысава.

 У рабоце нарады таксама прыняў удзел Аляксандр Дудкоў, намеснік начальніка філіяла №200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк». Вынікі мерапрыемства падвяла намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна.

 На заканчэнне сустрэчы ўвазе прысутных была прадстаўлена канцэртная праграма з удзелам работнікаў Цэнтра банкаўскіх паслуг г.Сянно і мастацкага калектыву «Сударушка» ААТ «ААБ Беларусбанк» г.Віцебска.

 Таццяна Буракова.

 На здымках: у час нарады.