Карэспандэнт “Голасу Сенненшчыны”, разам з сенненскімі выратавальнікамі, наведала самыя пажаранебяспечныя дамы

Колькасць пажараў за студзень бягучага года перавысіла мінулагоднія паказчыкі за аналагічны перыяд. У сувязі з гэтым узмацнілася праца шматлікіх дзяржорганаў па прапагандзе правілаў пажарнай бяспекі ў грамадстве. У першую чаргу, работа вядзецца з «групай рызыкі», у якую ўваходзяць непрацуючыя адзінокія грамадзяне, нядобранадзейныя сем’і, людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця: злоўжываюць спіртнымі напіткамі, паляць у не­ц­вярозым стане, тым самым падвяргаючы сябе, сваіх блізкіх, суседзяў небяспецы.

 Супрацоўнікі Сенненскага РАНС рэгулярна праводзяць супрацьпажарныя інструктажы і прафілактычныя рэйды. У адзін з такіх разам са старшым інспектарам інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Андрэем Хізаўцом выправілася і карэспандэнт райгазеты. Маршрут праходзіў па вёсках Багданаўскага сельсавета.

 Месцы пражывання нена­дзейнай катэгорыі грама­дзян знаходзяцца на асобым уліку сельскага Савета. У вёсцы Падворыца жыве грамадзянін Г.І.Шэк. Ён не працуе, атрымлівае пенсію па інваліднасці. У хаце — ўсюды бруд, раскіданыя старыя рэчы, пустыя шкляныя бутэлькі. Печ знаходзіцца ў аварыйным стане, аўтаномны пажарны апавяшчальнік не працуе. Мужчыну неаднаразова  папярэджвалі прадстаўнікі сельвыканкама аб мерах, якія будуць прыняты за бяздзейнасць. На гэты раз Андрэй Хізавец выпісвае штраф гаспадару і зноў тлумачыць правілы пажарнай бяспекі. Спадар Шэк шчыра пагаджаецца, не пярэчыць. Звяртаем увагу, што паўсюль у хаце ляжыць неверагодная колькасць газет. На маё пытанне: «Вы іх усе чытаеце?», гаспадар дома даў сцвярджальны адказ… Парадокс: чалавек жыве ў галечы, харчуецца «праз раз», а цікавіцца сусветнымі навінамі…

 У вёсцы Малішы мы трапілі да В.М.Гарбачова, які часова не працуе. Жанаты, аднак яго другая палавіна жыве ў Бешанковічах, перыядычна высылае яму грошы. У хаце парадак, нават, на кухоннай пліце гатавалася нешта смачнае. Парушэнні, якія выявіў інспектар пажарнага нагляду, былі наступныя: складзіраванне дроў на печы, выкарыстанне электрычных засцерагальнікаў, ці «па-народнаму» — «жучкоў». Апроч таго, парушальніку патрэбна пабяліць комін, паставіць аўтаномны пажарны апа­вя­ш­ча­льнік.

 С.Н.Буракову з вёскі Каралевічы былі прад’яўлены такія ж патрабаванні. Мужчына — беспрацоўны, халасты. Таксама карыстаецца так званымі «жучкамі», але спрабаваў упэўніць правяраючага ў сваёй невінаватасці. Аднак ад штрафу інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду не засцярогся…

 Апошнім «ненадзейным», якога мы засталі дома, стаў жыхар вёскі Турава А.П.Лукашоў. І брудны выгляд, і цыгарэтны дым, смецце ў хаце, шкляная тара з-пад таннага віна — дадаткі ўражанняў пра гаспадара хаты. Мужчына таксама атрымаў штраф за «жучкі» на пробках электралічыльніка. Моўчкі ківаў галавой на ўказанні Андрэя Леанідавіча: пабяліць комін, вызваліць электраправодку ад шпалер, не складзі­раваць дровы на печы і інш.

 Гідлівасць і пагарда да гэтых людзей праз некалькі хвілін размовы з імі знікаюць. На змену прыходзіць жаль. Колькі іх апынулася ў сацыяльнай яме з-за складаных жыццёвых абставін, ад бяссілля і слабасці характару? Аднак, ніхто не застрахаваны ад бяды, якая можа здарыцца праз уласную бес­турботнасць…

Ірына ГАРБАЧОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *