ПАРАД ДЗЕДАЎ МАРОЗАЎ І СНЯГУРАК ПРАЙШОЎ У СЯННО

Сянно стала эпіцэнтрам з’езду раённых Дзедаў Марозаў і Снягурак, іншых казачных персанажаў, цыганак, скамарохаў.

Навагоднюю казку ігралі на цэнтральнай плошчы рай­цэнт­ра. Дваццаць пар Дзедаў Марозаў і Снягурак прадставілі 15 раённых арганізацый. Клоўнам і мядзведзем прыбраліся супрацоўнікі раённага музея і Дома рамёстваў. З Ходцаўскага і Белаліпскага сельскіх Дамоў культуры на парад прыехалі прыгажуні цыганкі, з Краснасельскага і Студзёнкаўскага сельскіх клубаў — вясёлыя скамарохі, з Пожанькаўскага — гарэза-нячысцік,  Баба Яга прадстаўляла цэнтральную раённую бібліятэку.

Галоўныя вядучыя — Дзед Мароз (Аляксандр Васілёнак, загадчык аўтаклуба) і Снягурка (Ганна Гаравая, вучані­ца 11 класа сенненскай першай школы) — распачалі  свята і павіншавалі гледачоў з надыходзячым 2013 годам. Пад дружнае «Ёлачка, гары!» заззяла навагоднімі агеньчыкамі галоўная прыгажуня раёна. Чытанне навагодніх вершаў, конкурсы развесялілі і сагрэлі маленькіх гледачоў параду, іх бацькоў. Усе актыўныя ўдзельнікі свята атрымалі не толькі прызы, а і безліч пазі­тыву і бадзёрага настрою!

Напрыканцы свята кожнаму Дзеду  Марозу і Снягурцы ўручылі салодкі падарунак і сертыфікат.

Ірына ГАРБАЧОВА.